Лыжна, санна, біятлонна

З ранку і да вечара ў суботу ляхавіцкі стадыён «Колас» уяўляў сабой адно вялікае рысталішча. У першую чаргу, снежнае, аднак, не толькі. Гэта ўжо ў традыцыі апошніх гадоў – узмацняць раённае свята «Дзень снегу» правядзеннем першага – зімовага – этапу круглагадовай раённай комплекснай спартакіяды працоўных калектываў.

Не падвяло надвор’е, адчувалася падтрымка гледачоў, на вышыні былі ўдзельнікі стартаў. Дзясятак каманд, якія прадстаўлялі працоўна-фізкультурныя калектывы райвыканкама, аддзела па адукацыі, РАНС, ЛДАКа, малочнага і торфабрыкетнага заводаў, лясгаса, камунгаса, райбальніцы і ААТ «Жарабковічы», спаборнічалі ў хуткасці на лыжні і трапнасці ў стральбе «на пульсе».
Праграму дня адкрывала змешаная лыжная эстафета: прадстаўнікі моцнай паловы эстафетных троек пачыналі і фінішавалі, жанчыны ж беглі другім этапам. Эстафета – гэта заўсёды цікава і эмоцыі праз край. А лепшымі ў гэтай дысцыпліне сталі лыжнікі РАНС (на цэнтральным здымку), як, дарэчы, і ў сямейнай эстафеце. У спаборніцтвах па біятлоне першы прыз заваяваў лясгас.
На «дэсерт» зімовага этапу арганізатары спартакіяды ў асобе
раённага фізкультурна-спартыўнага клуба падалі лыжныя забегі з масавага старту. Асабісты залік у спаборніцтве выйграла навучэнка агракаледжа Аляксандра Чарнэцкая, на дыстанцыі мужчынскай лыжні саліраваў Яўгеній Коктыш. Адзіны на свяце спартыўны прадстаўнік ААТ «Шлях новы» літаральна са старту захапіў лідарства ў забегу.
Па выніках «снежнага» этапу спартакіядную гонку ўзначаліла каманда РАНС, другое месца трымаюць каляджане, а каманды «Жарабковіч» і аддзела па адукацыі райвыканкама, у якіх роўная колькасць заліковых балаў, дзеляць трэцяе-чацвёртае месцы.
«Дзень снегу» стаў таксама першым афіцыйным днём работы размешчаных у перыметры «Коласа» лядовага катка і снежнай горкі. Пачаўся ён тэматычным крэатывам з удзелам пакуль яшчэ актуальнага Дзеда Мароза, выступленнямі музыкантаў, конкурснымі забавамі, розыгрышам прызоў. Жадаючыя маглі бясплатна атрымаць канькі і іншы спортінвентар.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ ФОТА ТУТ