Магазін, які чакаюць. Што выклікае незадаволенасць вяскоўцаў у гандлёвым забеспячэнні, а што іх у поўнай меры задавальняе, высвятляў «ЛВ»

Пытанні гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, у прыватнасці, аўтамагазінамі райпо даволі часта ўздымаюцца на вясковых сходах, разглядаюцца на апаратных нарадах у старшыні райвыканкама, становяцца тэмай абмеркавання падчас прамых тэлефонных ліній і асабістых прыёмаў грамадзян прадстаўнікамі органаў улады. Трымаюць іх на кантролі і старшыні сельвыканкамаў. Што на справе выклікае незадаволенасць вяскоўцаў, а што іх у поўнай меры задавальняе, высвятляў «ЛВ».

Строга па раскладзе
Чацвер, 12 мая. Рэдакцыйная машына прыехала ў вёску Чвыры, каб паспець якраз да прыбыцця сюды аўталаўкі райпо. Згодна з раскладам, што маецца ў аддзеле эканомікі райвыканкама, магазін на колах пад нумарам 7 павінен працаваць тут з 10.00 да 10.30. Хвіліна ў хвіліну вясковую цішыню разбудзіў пранізлівы сігнал аўтамабіля, які абвясціў: спяшайцеся за пакупкамі – магазін прыехаў. Чвыры сёння – адна з маланаселеных вёсачак Ляхавіччыны, зімой тут жыве чатыры чалавекі – усе пенсіянеры. З вясны вёска крыху абуджаецца, прыязджаюць ад дзяцей тутэйшыя жыхары, іх унукі, дачнікі. Адпаведна, становіцца і больш патэнцыяльных пакупнікоў. Без перабольшання, у такіх невялічкіх населеных пунктах, дзе жыхароў можна ў літаральным сэнсе пералічыць па пальцах, вадзіцеляў, прадаўцоў сустракаюць, як чаканых гасцей, блізкіх сваякоў, дзеляцца
з імі сваімі радасцямі і бедамі.
– Наш Вячаслававіч – і прадавец, і вадзіцель. Вельмі добры і спагадлівы чалавек. Выконвае заказы, параіць, што купіць, падкажа, які тавар таннейшы. Хлеб заўжды свежы, пастаянна прывозяць малако, кефір, каўбасу, салодкасці, муку, крупы, макароны, – гаворыць тутэйшая жыхарка Вольга Кулаева.
Да размовы далучаецца яе аднавяскоўка Зінаіда Горбач:
– Аўталаўка да нас заязджае па панядзелках і чацвяргах у адзін і той жа час. Прадае розны тавар, усяго хапае.
Чаго не прывезлі на гэты раз, можна заказаць на наступны. Добра і тое, што разлік вядзецца і наяўнымі грашыма, і банкаўскай карткай.
Іван Багдановіч працуе на аўталаўцы сем гадоў і добра ве-
дае ўсе прыпынкі на маршруце (іх каля двух дзясяткаў у Конькаўскім, Навасёлкаўскім, Жарабковіцкім сельсаветах), як, дарэчы, і патрэбы сваіх пастаянных пакупнікоў.
– У асноўным загружаемся на складзе ў кааптрансе, але некаторыя вытворцы прывозяць самастойна тавар непасрэдна перад загрузкай. Напрыклад, малако з Мінскага малаказавода, хлеб – з Ляхавіцкага кааппрама. Далей з таварам, а гэта больш за сотню найменняў, адпраўляемся па вёсках.
Кожны дзень – свой маршрут, строга па графіку. У сярэднім у дзень атрымліваю па 1200 рублёў выручкі. Сярод заказаў бадай самы папулярны – камбікорм для свойскай жывёлы і птушкі. Летам больш прадаём цукерак, пячэння, салодкіх напіткаў, марожанага – да бабуль і дзядуляў прыязджаюць пагасціць унукі, праўнукі, – расказвае Іван Багдановіч.
Для жыхароў Чвыроў аўталаўка – не толькі пастаўшчык прадуктаў харчавання, але і своеасаблівая сувязное звяно, акно ў вялікі свет, адзін з атрыбутаў цывілізацыі, рэальная дапамога і падтрымка.
Пасля Чвыроў аўталаўка нумар 7 спяшаецца ў Туркі, дзе прадаваць будзе ўжо на працягу 40 мінут.

Нам аўталаўка  вельмі патрэбна
Наступная сустрэча з аўтамагазінам (на гэты раз нумар 6) адбылася ў вёсцы Альхоўцы. Здавалася б, чаму аўталаўка спыняецца ў Альхоўцах, прычым на трох прыпынках? Тут ёсць і стацыянарны магазін. Адказ даюць яго самі вяскоўцы:
– Нам вельмі патрэбна аўталаўка, большасць жыхароў – пенсіянеры, да магазіна дайсці цяжка, таму цудоўна, што двойчы на тыдзень прыязджае аўталаўка.
Магазін на колах тут працуе на працягу 40 мінут, пакупнікоў нямала. Удзень, калі прыехаў «ЛВ», правялі нават своеасаблівы міні-сход. Людзі з інтарэсам расказвалі, што іх усё задавальняе ў рабоце перасоўнага магазіна, маўляў, асартымент не горшы, чым у звычайным магазіне, і ветлівыя ў абслугоўванні работнікі. Доўгі час па гэтым маршруце развозіў тавар вадзіцель і прадавец у адной асобе Святаслаў Цалей, а непасрэдна 12 мая тут працавалі прадавец Наталля Яроцкая і вадзіцель Дзмітрый Сяргей.
– Хлеб прывозяць смачны, на Вялікдзень кожны мог заказаць кулічы. Малако рознай тлустасці. Заўжды ўсё свежае. Ніколі ніякіх праблем ні з якасцю прадуктаў, ні з работай аўталаўкі не было – прыязджае ў прызначаны час, – выказала агульнае меркаванне ад імя аднавяскоўцаў Марыя Лутай.
Падзяліліся вяскоўцы і набалелай тэмай: патрэбна ўладкаванне яшчэ аднаго пункта прыпынку рэйсавага аўтобуса.
А тым часам да магазіна на колах падыходзяць яшчэ вяскоўцы. Пакуль ідзе гандаль, давялося пачуць нямала кампліментаў у адрас аўталаўкі.

Надзённыя праблемы
Усяго па Ляхавіцкім раёне з панядзелка па суботу калясяць шэсць аўталавак. Абслугоўваюць яны каля сямі тысяч жыхароў амаль у 90 населеных пунктах – аграгарадках, вёсках, хутарах. Кошт на тавары не адрозніваецца ад цэн у стацыянарных магазінах райспажыўкааперацыі. На работу аўтамагазінаў ёсць нямала станоў-
чых водгукаў, хаця бываюць і скаргі.
Старшыня Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандр Мацюшэнка адзначае, што на тэрыторыі сельсавета, па водгуках вяскоўцаў, нараканняў на работу райпоўскіх магазінаў на колах няма: прыязджаюць па графіку, тавар якасны, не было пытанняў і да тэрмінаў прыгоднасці прадуктаў, своечасова выконваюцца заказы.
Спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкама праводзяць маніторынг работы аўтамагазінаў. Сярод недахопаў, якія выяўляюцца ў рабоце магазінаў на колах, – парушэнне графікаў, правілаў захоўвання тавараў, нездавальняючая якасць прадукцыі. Бываюць і скаргі з боку пакупнікоў. Галоўны спецыя-ліст аддзела эканомікі Дзіяна Раманава расказала, што ў ліпені мінулага года паступіла паведамленне з вёскі Вялікае Гарадзішча пра тое, што аўтамагазін прыязджае не па графіку. Падчас праверкі зафіксавана адставанне ад графіка на 15 мінут. З такой жа праблемай звярнуліся ў сакавіку 2021 года і жыхары Улазавічаў, якіх яшчэ не задавальняў асартымент магазіна на колах. Што тычыцца апошняга моманту, то, па словах Дзіяны Раманавай, пытанне трымалася на кантролі, асартымент пашырыўся. А вось наконт графіка скарга не пацвердзілася: згодна з паказаннямі навігатара, час на маршруце вытрыманы.
На прамую лінію патэлефанавала жыхарка Заліпення, якая паскардзілася на работу аўталаўкі. У Заліпенне выязджалі спецыялісты аддзела эканомікі, каб разабрацца ў сітуацыі на месцы. Аднак іншыя жыхары вёскі ніякіх заўваг наконт работы аўтамагазіна не выказвалі. Як аказалася, у пакупніка і прадаўца прысутнічаў асабісты канфлікт. На даны момант ён урэгуляваны.
Не пакідае без кантролю работу аўталавак санітарная служба. Як паведаміў рэдакцыі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, магазіны на колах правяраюцца ў час планавых праверак, акрамя таго, праводзяцца і маніторынгі. Сярод парушэнняў, з якімі найчасцей сустракаюцца спецыялісты райЦГіЭ, – незахаванне таварнага суседства, невыкананне гігіенічных патрабаванняў да ўтрымання аўтафургонаў і іншае.
Вось такія розныя эпізоды вельмі запатрабаванага, хаця, магчыма, і не самага прыбытковага аўталавачнага абслугоўвання. Дакладна можна сказаць адно: вельмі многае залежыць, у першую чаргу, ад саміх работнікаў райпо, іх адказнасці і добрасумленнасці. Ну і, канешне, ад прынцыповасці, зацікаўленасці ў вырашэнні пытання сельвыканкамаў, санітарнай службы. У вёсках па маршрутах магазінаў на колах жывуць людзі – не чужыя, свае.

Галіна КАНЬКО.