Кватэрнае папаўненне на Фестывальным

Яшчэ крыху – і Сяргей і Марына  Дыдышкі з дзецьмі Уладзікам , Мікалам і Насцяй пераедуць са здымнай кватэры ва ўласную ў новым доме.

– Вельмі чакалі гэту падзею, марылі, як будзем уладкоўваць жыллё. З 2012 года стаялі на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з 2014-га, калі нарадзілася малодшая, – як мнагадзетная сям’я. Задаволены – не тое слова, тым больш атрымалі льготны крэдыт на 20 гадоў. Будзем жыць у кватэры № 39 на пятым паверсе – бліжэй да сонейка, – расказвае Сяргей Дыдышка, які працуе галоўным ляснічым Ляхавіцкага лясгаса.
Дыдышкі – адна з 35 шчаслівых мнагадзетных сем’яў, якія хутка адсвяткуюць наваселле 40-кватэрным доме па завулку Фестывальным, 2. Яшчэ пяць кватэр адведзены пад арэнднае жыллё, яго атрымаюць тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама маладыя спецыялісты, якія прыехалі на Ляхавіччыну па размеркаванні.
Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня, будаўніцтва дома вялося згодна Указа №240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”, які прадугледжвае адраснае субсідзіраванне. Гэта від дзяржаўнай падтрымкі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Напрыклад, мнагадзетныя і маладыя сем’і, дзеці-сіроты могуць за кошт субсідый пагасіць частку асноўнага доўгу па крэдытах на будаўніцтва жылля. Субсідыі разлічваюцца, зыходзячы з колькасці членаў сям’і, нарміраваных памераў жылога памяшкання і нарматыву кошту будаўніцтва.
Асноўныя падрадныя работы на аб’екце вёў Пінсксаўгасбуд у асобе Ляхавіцкай ПМК-13.
Пакуль навасельцы будуць абжываць новенькія кватэры, у красавіку-маі завершацца вонкавыя работы: будаўнікі афарбуюць фасад, таксама будзе добраўпарадкавана тэрыторыя.
Новы дом – новыя кватэры, адпаведна, і скарачэнне чаргі грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэння жыллёвых умоў. Па стане на 1 студзеня 2019 года такіх у нашым раёне 885, з іх 159 – мнагадзетныя сем’і. 117 з так званай сацыяльнай катэгорыі (дзеці-сіроты, інваліды). І іх чакае добрая навіна: плануецца будаўніцтва 40-кватэрнага дома (таксама з дзяржпадтрымкай) па вуліцы Юбілейнай у Ляхавічах, дзе будзе 25 кватэр для мнагадзетных сем’яў, 5—арэндных, 10—сацыяльнае жыллё. Усяго на гэты год запланавана ўвядзенне ў эксплуатацыю 6500 квадратных метраў жылля. Між іншым, як паведамлі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, мінулагодняе заданне – 6245 квадратных метраў – выканана.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.