Славянская манера. Андрэй Цямчык у фінале нацыянальнага адборачнага тура на «Славянскім базары». Не першы раз!

Калі пагартаць падшыўкі раёнкі, можна прасачыць лесвіцу поспеху нашага таленавітага земляка Андрэя Цямчыка. Вось перамога ў раённым конкурсе, вось пра паспяховае выступленне «Экспрэса», у складзе якога ён спявае ўжо не першы год, а тут ён пакарыў сваім моцным вакалам вобласць…
«ЛВ» ізноў рады паведаміць: мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК Андрэй Цямчык сярод 10 выканаўцаў, якія прымуць удзел у фінале нацыянальнага адборачнага тура да міжнародных конкурсаў «Славянскага базару» ў Віцебску.

Яго голас дакладна можна назваць прабіўным, а манеру выканання – пераможнай. Другі раз Андрэй трапляе ў фінальны адбор конкурсу (першы – у 2016 годзе).
– Буду спрабаваць зноў і зноў. У любым выпадку гэта вопыт, самаразвіццё, а для артыста важна ніколі не спыняцца, – гаворыць спявак.
Для яго музыка не толькі работа, яна – яго захапленне. На сцэне трымаецца ўпэўнена і прыгожа. Цямчык на сцэне – у зале хваля эмоцый, шквал апладысментаў і безліч узнятых смартфонаў, каб засняць выступленне на камеру або памахаць спеваку ліхтарыкам.
Трымаем кулачкі, Андрэй!
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара