Камфортнае абнаўленне. Званок на гарачую лінію з мэтай падзякаваць КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»

У асноўным на гарачую лінію «ЛВ» жыхары раёна звяртаюцца з просьбай дапамагчы разабрацца ў той ці іншай сітуацыі. Але здараюцца і такія звароты, у якіх гучаць словы падзякі розным службам і арганізацыям за вырашэнне пытанняў як агульнай важнасці, так і асабістых. Такі званок раёнка атрымала і ад ляхавічанкі Алы Туркіной, якая ад імя жыльцоў дома № 17 па вуліцы Інтэрнацыянальнай падзякавала КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» за рамонт і добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі.
– Такое абнаўленне мы сапраўды чакалі доўга. І вельмі радаваліся, калі работы пачаліся. Сёння наш двор не пазнаць! Пакладзены асфальт, уладкаваны аўтастаянка, пешаходныя дарожкі, падыходы да пад’ездаў. Устанаўліваюцца лаўкі, скрыні для смецця. Стала зручна гуляць па двары, ды і аўтамабілям камфортна. Цяпер можна не баяцца, што пасля дажджу праезная частка будзе ў лужынах. Удзячны раённай уладзе за тое, што не толькі на нашай вуліцы Інтэрнацыянальнай, але і ва ўсім горадзе праводзіцца добраўпарадкаванне. А работнікам камунгаса і асабіста дырэктару прадпрыемства Андрэю Чайкоўскаму шчыры дзякуй за якасна зроблены рамонт, – адзначае Ала Туркіна.
Дарэчы, як паведамілі ў Ляхавіцкім камунгасе, калі дазволіць фінансаванне, у двары дома № 17 па Інтэрнацыянальнай з’явяцца чарговыя абноўкі.Цяпер непасрэдна ад жыльцоў дома ў многім залежыць, наколькі доўга пратрымаецца зроблены рамонт, а двор застанецца такім добраўпарадкаваным. Бо, як вядома, чыста там, дзе не смецяць.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА






