Ламаць нельга. Абнаўляць!

На нарадзе ў Прэзідэнта абмеркавалі развіццё  нацыянальнай сістэмы адукацыі

Ламаць існуючую сістэму адукацыі ў Беларусі нельга, але ўдасканальваць неабходна. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў, заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі.
«Да пытанняў адукацыі мы звяртаемся пастаянна. Я проста хачу перш за ўсё сам пераканацца, наколькі рэалізуюцца нашы рашэнні ў сферы адукацыі. Калі ёсць неабходнасць, падштурхнуць тыя рэформы, якія ідуць. Хоць рэформамі мы ніколі не займаліся і займацца ў адукацыі не будзем. Мы павінны ўдасканальваць тое, што маем сёння, і тое, што атрымалі ўчора. Ламаць нічога нельга», –  падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час Прэзідэнт не выключыў, што пры ўдасканаленні сістэмы адукацыі ў школах і ВНУ давядзецца адмовіцца ад некаторых аспектаў. «Калі мы разумеем, што ад гэтага трэба адмовіцца, гэта трэба рабіць рашуча. Самае галоўнае ў адукацыі, ды і наогул (у эканоміцы і іншых пытаннях) – калі мы ведаем, што трэба рабіць, але з-за нашага махровага бюракратызму пачынаем зацягваць гэтыя працэсы. Тады праходзіць час, і мы бачым: тое, што трэба было рабіць учора, ужо непрымальна для сённяшняга і тым больш заўтрашняга дня. Атрымліваецца, этап няпройдзены, і мы хапаемся за перадавое, а пад гэтым перадавым няма фундаменту, – заўважыў Кіраўнік дзяржавы. – Таму ўсё трэба рабіць паступова, як кажуць у народзе, плаўна. І рухацца ад меншага да большага, ад простага да складанага. Так, мы дамовіліся, будзем дзейнічаць у адукацыі».

Галоўны крытэрый – рэчаіснасць

Са школьных і вузаўскіх праграм неабходна выключаць усё лішняе і прыводзіць іх у адпаведнасць з патрабаваннямі сучаснага жыцця, заявіў Аляксандр Лукашэнка: «Крытэрыем тут будзе наша жыццё, рэчаіснасць, якая будзе патрабаваць ад будучага спецыяліста тых ці іншых навыкаў, тых ці іншых ведаў».
У адпаведнасці з новымі праграмамі неабходна абнаўляць і падручнікі. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяцей трэба навучыць цаніць падручнікі, а змест і якасць выданняў павінны быць на вышэйшым узроўні.
Замест залішняй тэорыі ў школах патрэбна больш працоўнай падрыхтоўкі. Гэта не толькі дае магчымасць школьнікам набыць прафесійныя навыкі, але рыхтуе іх да жыццёвых, бытавых сітуацый.
«Вы паглядзіце на нашых хлопцаў. Я не ведаю, як яны жэняцца. Чаму іх жонкі выганяюць з дому і сем’і развальваюцца? Ды таму што нічога рабіць не ўмеюць! Ён лямпачку не можа ў люстру закруціць, элементарна адрамантаваць чайнік або кававарку. Ён не можа зразумець, чаму яна не працуе. Не ведае, што такое рубанак, фуганак, стамеска, долата, малаток, сякера і як працаваць імі, – адзначыў Прэзідэнт. – Гэта ж нас навучылі ў школе. Чаму ж мы на гэта «забілі» і так ставімся да дзяцей? Чаму дзяўчынка не ведае, як спячы яечню, не можа прышыць гузік?».
Ёсць праблемы і з фізічным выхаваннем у школах, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што дзецям трэба прывіваць здаровы лад жыцця, навучаць іх розным відам спорту.
Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў уведзены нядаўна ў школах адзіны дзень інфармавання «Школа актыўнага грамадзяніна» (ШАГ) і выказаў упэўненасць, што выхаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі павінна прысутнічаць на кожным уроку: ад матэматыкі да гуманітарных дысцыплін. Важна, каб у фарміраванні актыўнай грамадзянскай пазіцыі прымалі ўдзел сям’я, СМІ.
Прэзідэнт таксама выказаў шэраг крытычных заўваг да іншых курсаў, у тым ліку па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

Пытанні да вышэйшай адукацыі

Асобна Кіраўнік дзяржавы спыніўся на двухступенчатай сістэме вышэйшай адукацыі. На яго думку, студэнт павінен выходзіць з ВНУ ўжо цалкам падрыхтаваным спецыялістам, а не проста з першапачатковымі ведамі і навыкамі. «Я катэгарычна забараняю такім чынам будаваць сістэму адукацыі. У нас ёсць нармальная сістэма адукацыі: чалавек скончыў ВНУ, атрымаў вышэйшую адукацыю – ідзі і працуй. Я не супраць магістратуры, але туды павінны ісці самыя здольныя і жадаючыя далей атрымліваць адукацыю, займацца навукай і выкладаннем», – запатрабаваў Прэзідэнт.
Калі справа ў зарплаце педагогаў, якая залежыць ад колькасці гадзін, то, на думку Кіраўніка дзяржавы, неабходна проста павялічыць ім зарплату. «Няхай будзе менш гадзін, ставак, але грошы пакінем тыя ж, яшчэ дабавім. Але выкладчык не павінен увесь час хадзіць за студэнтамі. Палову рабочага дня ён павінен выкладаць, а палову – займацца самаадукацыяй. У адваротным выпадку, які ён выкладчык», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на сітуацыю, калі на вытворчасці выпускнікоў ВНУ даводзіцца перавучваць – гэта значыць, некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы працуюць ухаластую. Навучанне павінна быць больш практыка-арыентаваным. Што датычыцца прыватная ВНУ ці дзяржаўная, Прэзідэнт заўважыў, што гэта ўсяго толькі форма ўласнасці, а патрабаванні да іх прад’яўляюцца аднолькавыя. «Мы не супраць прыватных ВНУ, але яны павінны працаваць не горш, чым дзяржаўныя. Трэба захоўваць той стандарт, які мы сёння выпрацавалі і маем у Беларусі», – сказаў ён.
Прэзідэнт запатрабаваў вызначыцца з неабходнай колькасцю навучэнцаў у ВНУ згодна з запытамі эканомікі і жыцця. Аднак растлумачыў, што гэта даручэнне не распаўсюджваецца на экспарт адукацыйных паслуг, які прыносіць краіне немалыя грошы. Толькі па лініі Міністэрства адукацыі ўдалося зарабіць $35 мільёнаў. «Сістэма беларускай адукацыі вельмі запатрабавана. Па-мойму, 108 краін навучаюцца ў Беларусі, амаль 25 тысяч чалавек», – адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што пытанне экспарту адукацыйных паслуг трымае заўсёды на кантролі.

Кадры трэба цаніць

Зарплаты настаўнікаў, на думку Кіраўніка дзяржавы, вывелі на прымальны ўзровень, астатняе ў руках саміх педагогаў. «Школа мае магчымасць даплаціць. Настаўнік у нас ужо за Br900 атрымлівае ў сярэднім. Можа, недзе трэба моладзь падтрымаць, можа, яшчэ нешта. Глядзіце, каб вы дашліфавалі зарплату. Нельга настаўніка крыўдзіць – гэта наша апора і аснова. Без настаўніка нічога быць не можа – ні сённяшняга дня, ні заўтрашняга», – заявіў беларускі лідар.
Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы даручыў удзяліць падрыхтоўцы педагагічных кадраў. «Няма таго кантролю і таго запатрабавання, якое было некалі за выкладаннем. Каб настаўнік ішоў і па-добраму дрыжаў за тое, каб прыйсці з ведамі і перадаць іх вучням», – канстатаваў ён.
Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна цаніць як школьных настаўнікаў, так і педагогаў у ВНУ, колькі б гадоў ім ні было. Калі яны хочуць і могуць працаваць, прыносяць карысць, трэба берагчы такіх спецыялістаў.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА