Дыялог у канструктыўным ключы

Беларуска-расійскія перагаворы ў Сочы былі цяжкія, але выніковыя. Аб гэтым Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 верасня на нарадзе з удзелам членаў Урада ў Мінску.
«Асноўная частка перагавораў была сам-насам з Прэзідэнтам (Расіі. – Заўвага БЕЛТА). Перагаворы доўжыліся 6 гадзін, нават больш. І калі шчыра, то гэта былі нават не складаныя, а цяжкія перагаворы. Але выніковыя», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Улічваючы, што многія тэмы падрабязна абмяркоўваліся менавіта кіраўнікамі дзяржаў у фармаце сам-насам,  Аляксандр Лукашэнка комплексна праінфармаваў удзельнікаў нарады аб выніках перагавораў.

У прыватнасці, у Сочы абмяркоўваліся палітычныя пытанні, узаемаадносіны Расіі і Беларусі ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ і далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.
«Шмат увагі мы ўдзялілі вострым пытанням у рамках СНД, якія датычацца нашых абедзвюх дзяржаў. Перш за ўсё – Украіна. У вельмі пазітыўным ключы быў дыялог», – расказаў беларускі лідар.
«Думаю, што гэтыя пытанні будуць яшчэ абмяркоўвацца перш за ўсё ў Душанбэ праз тыдзень (на саміце СНД. – Заўвага БЕЛТА). Ну і не абыдзем мы іх 12 кастрычніка ў Магілёве ў час Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на якім будуць абодва прэзідэнты і кіраўнікі ўрадаў», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Нямала ўвагі на перагаворах у Сочы было ўдзелена пытанню развіцця сельскай гаспадаркі і вядомых узаемных прэтэнзій па пастаўках беларус-кай сельскагаспадарчай прадукцыі ў Расію. «Тут ёсць поўнае разуменне. Мы прыйшлі да высновы, што літаральна на працягу тыдня будзе выпрацаваны індыкатыўны баланс, гэта значыць план узаемных паставак сельгаспрадукцыі. Гэта галоўнае», – заявіў Прэзідэнт.
Адпаведныя балансы будуць падпісаны або на ўзроўні міністэрстваў, або віцэ-прэм’ераў, якія курыруюць гэты напрамак. «Трэба сказаць, што нашы віцэ-прэм’еры ўжо дзве дарожныя карты распрацавалі па вырашэнні гэтых праблем. Але да ўчарашняга дня, ды і да сённяшняга, гэтыя праблемы ў поўным аб’ёме так і не былі вырашаны», – заўважыў беларускі лідар.
«Мной было пастаўлена пытанне, прычым строга, ужо на другім пасяджэнні ў шырокім складзе аб тым, што нам не трэба дзейнічаць такім чынам, як мы цяпер дзейнічаем. Асабліва з боку Расіі. Нешта не спадабалася – закрылі прадпрыемства. І сёння чатыры з палавінай дзясяткі малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў і, напэўна, два з палавінай дзясяткі мясаперапрацоўчых не маюць магчымасці ў поўным аб’ёме пастаўляць сваю прадукцыю на расійскі рынак», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Прэзідэнт Расіі мне яшчэ раней гаварыў, што гэта сітуацыя няправільная, непрымальная. І яе трэба выпраўляць. Я думаю, што да канца года гэта сітуацыя будзе кардынальным чынам зменена», – рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.
Размова на перагаворах ішла аб вядомых праблемах машынабудаўнічых комплексаў, уздымаліся пытанні аднолькавых умоў гаспадарання, так званага утылізацыйнага збору.
У Сочы абмяркоўваўся таксама блок фінансавых праблем. Прэзідэнт нагадаў, што некалькі гадоў назад была дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі крэдытных рэсурсаў ЕФСР у агульным аб’ёме 2 мільярды долараў. Ужо атрымана пяць траншаў. «Шосты транш Беларусь атрымае ў бліжэйшы час. Сёмы – гэта ўжо справа актыўнасці перш за ўсё беларускіх членаў урада», – заявіў беларускі лідар.
Акрамя таго, бакі абмеркавалі пытанне аб прадаўжэнні тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва БелАЭС і зніжэнні працэнтнай стаўкі. Абмяркоўвалася таксама тэма перасячэння грамадзянамі трэціх краін беларуска-расійскай граніцы. Закраналася пытанне тытунёвага рынку і акцызаў. У закрытым рэжыме абмеркаваны блок ваенна-палітычных пытанняў.
Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дадаткова абмеркавалі і знайшлі рашэнне па галоўным пытанні сочынскага парадку перагавораў. Адпаведная тэлефонная размова лідараў дзвюх краін адбылася пасля праведзенай у Мінску нарады, дзе абмяркоўваліся вынікі беларуска-расійскіх перагавораў 21 верасня.
«Па ініцыятыве расійскага боку адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў удакладнілі шэраг пытанняў, якія напярэдадні абмяркоўваліся на перагаворах у Сочы. У прыватнасці, канчаткова вырашана пытанне аб выкананні дамоўленасцей па паступленні ў бюджэт Беларусі сродкаў ад мытных пошлін за сырую нафту і аб разліках Беларуссю за пастаўляемы прыродны газ кампаніі «Газпрам», – праінфармавалі ў прэс-службе.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *