Страхаванне – паслуга надзейная. У першую суботу снежня ў краіне адзначаецца Дзень страхавых работнікаў

3 снежня 1921 года дэкрэтам Савета народных камісараў БССР на ўпраўленне дзяржаўнага страхавання былі ўскладзены функцыі арганізацыі дзяржаўнага маёмаснага страхавання.
З 1992 года пачалася навейшая гісторыя страхавой справы ў суверэннай Беларусі. З’яўленне здаровай канкурэнцыі ў выглядзе недзяржаўных страхавых кампаній стала добрым стымулам для дыверсіфікацыі работы дзяржаўнага страхавання. Асабліва інтэнсіўна рост новых відаў страхавых паслуг пачаўся напачатку бягучага стагоддзя. Напрыклад, у 2005 годзе Белдзяржстрах прадастаўляў 47 ві-даў абавязковага і добраахвотнага страхавання, у 2010 годзе – 69 відаў, а сёння – больш за 100 варыянтаў паслуг па 98 відах добраахвотнага і абавязковага страхавання.
Белдзяржстрах сёння – гэта 8 філіялаў і 103 прадстаўніцтвы ў розных рэгіёнах краіны, паслугі страхавання даступныя кожнаму жыхару Беларусі. Па ўсёй краіне дзейнічае больш за пяць тысяч кропак па продажы страхавых паслуг, некаторыя з іх працуюць кругласутачна.
Ляхавіцкі раён у сферы страхавых паслуг абслугоўвае аддзел па аказанні страхавых паслуг па Ляхавіцкім раёне прадстаўніцтва Белдзяржстраха па г. Баранавічы і Баранавіцкім раёне. Калектыў аддзела невялікі, але зладжаны і кваліфікаваны: 13 чалавек, з якіх
8 – страхавыя агенты. Супрацоўнікі аддзела абслугоўваюць 5 852 жыхары Ляхавіччыны па абавязковым страхаванні пабудоў, пад іх увагай 10 134 аб’екты па добраахвотных відах страхавання і 4 336 аб’ектаў па добраахвотных відах страхавання юрыдычных асоб.
Сярод лепшых страхавых работнікаў добрым выкананнем прафесійных абавязкаў, уменнем знаходзіць кантакт з кліентамі, адказнасцю і ініцыятыўнасцю вылучаюцца Наталля Вітко, Ірына Пранчак, Валянціна Паляшчук. Шмат гадоў працуюць Людміла
Трыбух, Уладзімір Бурвель, Аляксандр Церах, Ганна Шафірава, Таццяна Гатоўчыц, Ларыса Новік, Святлана Лепяціла.
– Рынак страхавых паслуг імкліва расце. Вось ужо 104 гады Белдзяржстрах па-ранейшаму застаецца лідарам страхавой дзейнасці ў краіне. Мы актыўна пашыраем спектр нашых паслуг і прадуктаў, трывала ў практыку ўваходзяць лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект. Павышаем якасць работы з кліентамі, імкнёмся, каб сэрвіс быў на вышэйшым узроўні, а наша служба заставалася надзейнай апорай для нашых кліентаў у самых розных сітуацыях, – адзначае дырэктар прадстаўніцтва Ала Дуброўская.
Галіна КАНЬКО

