«Цёплае» месца для камбайна. Як гаспадаркі Ляхавіччыны падрыхтавалі тэхніку да зімы

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

На пачатак снежня тэхніка сельскагаспадарчых арганізацый павінна знаходзіцца на доўгатэрміновым захоўванні. Уся, за выключэннем механізмаў, машын і агрэгатаў, для якіх вытворчы сезон працягваецца далей.

Звернемся да асаблівасцяў сёлетняга сельскагаспадарчага года. Калі асноўная маса палявых работ у гаспадарках раёна пачыналася і завяршалася некалькі пазней, чым летась. Напрыклад, пачатак збожжа-ўборкі суправаджаўся частымі дажджамі, з-за чаго ў большасці арганізацый Ляхавіччыны дажынкі здарыліся пазней, чым можна было разлічваць на падставе вопыту папярэдніх сезонаў. Яна –
збожжаўборка – адтэрмінавала тыя ж ворыўныя работы. І хоць з планамі па ўздыме зябліва нашы сельгасвытворцы справіліся яшчэ ў дваццатых чыслах лістапада, у большасці з прадпрыемстваў плугі не стаяць без справы і зараз. Аграрыі працягваюць араць палявыя ўгоддзі па максімуму. Так бы мовіць, у залік будучай яравой кампаніі з мэтай зрабіць яе менш напружанай. Чаму не, калі плюсавы снежань выхад плугоў у поле не забараняе.
Днямі ў раёне стартаваў маніторынг сельгасарганізацый на прадмет папярэдняй дасканаласці падрыхтоўкі і паўнаты пастаноўкі тэхнікі на міжсезоннае захоўванне. У адзін з нядаўніх дзён кампанію галоўнаму дзяржаўнаму інспектару ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Дзянісу Глобажу ў яго праверачным рэйдзе склаў карэспандэнт «ЛВ».
– На мехдварах ААТ «Жараб-ковічы» і «Нача», якія сталі аб’ектамі ўвагі, было заўважана ўсяго некалькі плугоў – большасць працягвае знаходзіцца ў баразне, не выйшлі з работы. Гэтыя гаспадаркі вялікія, у агульнай колькасці ў іх налічваецца ледзь ці не паўтара дзясятка адзінак гэтай базавай сельскагаспадарчай прылады, – у ходзе справы каменціруе сітуацыю Дзяніс Глобаж.
Па інфармацыі райсельгасхарчу, на пачатак снежня з 38 плугоў у сельгасарганізацыях нашага раёна міжсезонная паўза ў рабоце наступіла толькі для 14. Найбольш поўна з ворывам сваіх угоддзяў і работай па ўладкаванні плугоў на працяглае захоўванне справіўся СВК «Ляхавіцкі». Падобных агрэгатаў у гаспадарцы пяць адзінак, і ўсе яны адрамантаваны, падрыхтаваны і пастаўлены на міжсезонную паўзу. Ацэнку зробленаму паставіць праверка галоўнага дзяржінспектара.
– Паступова праверым кожную гаспадарку раёна. Вызначымся з заўвагамі, адпусцім кароткі час на выпраўленне ўсіх негатываў. А калі ж работа над памылкамі не будзе выканана ў адпаведнасці з патрабаваннямі стандартаў, да вінаватых асоб будуць прыняты меры пакарання. Спадзяюся, што апошнія не спратрэбяцца. Людзі на месцах адказныя, граматныя і добра разумеюць кошт сучаснай сельгастэхнікі, яе выключную вагу ў вытворчасці і эканоміцы сельгасарганізацый. А пастаноўка механізмаў, машын і агрэгатаў на міжсезоннае захоўванне – гэта адзін з элемен-таў клопату пра яе, – адзначае спецыяліст.
Зернеачышчальна-сушыльныя комплексы – аб’екты павышанай увагі і клопату з боку спецыялістаў на працягу сезона работы і ў плане
падрыхтоўкі і пастаноўкі іх на міжсезонную паўзу. У арсенале ляхавіцкіх сельгасарганізацый налічваецца 18 ЗСК і тры адзінкі асобных сушыльных агрэгатаў. Для некаторых з гэтага пераліку машын вытворчы сезон закрыўся параўнальна нядаўна. Апошняй работай з’яўлялася дапрацоўка зерня кукурузы. Па словах Дзяніса Глобажа, пасля такой работы патрабуецца дастатковы час, каб прывесці сушылкі ў стан гатоўнасці да пастаноўкі на захоўванне. Работа з зернем кукурузы ў літаральным сэнсе пакідае на тэхніцы пэўны след, а для яго выдалення неабходны час. У гэтым і заключаецца адна з прычын таго, што па стане на 1 снежня два ЗСК ААТ «Жарабковічы» пакуль не закансерваваны на міжсезонны адпачынак.
Агрэгаты для апрацоўкі глебы, такія як камбінаваныя, дыскавыя бораны, дыскатары, культыватары і ім падобныя, на пачатак каляндарнай зімы на 92 працэнты ўжо стаялі там, дзе ім і рэкамендавана рэгламентам. А ў правераных у той дзень «Жарабковічах» гэты працэнт набліжаецца да абсалютнай лічбы.
А вось па глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатах, сеялках усіх тыпаў працэнт пастаноўкі ўжо дасягнуў максімальна магчымага значэння.
Камбайны для цераблення цукровых буракоў (а іх тры) ужо занялі сваё месца ў спецыяльна адаптаваных гаражных памяшканнях. Камбайнаў-корманарыхтоўшчыкаў у нас ледзь ці не два з паловай дзясяткі, з якіх больш за 20 ужо знаходзяцца на працяглым захоўванні.
З 45 наяўных збожжаўборачных камбайнаў у сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіччыны 44 падрыхтаваны і занялі сваё «цёплае» месца на лакацыях для міжсезоннага адпачынку. А адзін з жарабковіцкіх «гомсельмашаў», яшчэ гарантыйны, быў заўважаны у РММ. Вакол машыны завіхаліся рамонтнікі.
– Заўважылі падцёкі масла ў рухавіку, звярнуліся ў фірменны сэрвіс з мэтай, каб у міжсезонне камбайн пайшоў спраўным, – пракаментаваў сітуацыю галоўны інжынер гаспадаркі Міхаіл Пятроўскі.
Адзначым, што 1 лістапада ў сельскагаспадарчых арганізацыях афіцыйна адкрыўся рамонтны перыяд 2025-2026 гадоў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.