Ці стане чыстай Ведзьмы-рэчкі вада?

Чарговы званок на гарачую лінію «ЛВ» тычыўся экалагічнай тэматыкі. Ляхавічанін абураўся неэфектыўным, на яго думку, выкарыстаннем фінансавых сродкаў, якія выдаткоўваюцца на ачыстку ракі Ведзьмы ў райцэнтры. Па яго меркаванні, пасля нядаўняга правядзення ачышчальных работ з дапамогай спецыяльнага прыстасавання знешне вадаём не змяніўся, застаўся такім жа зарослым, як і раней.

Ці мае рацыю ляха-вічанін? За каментарыямі раёнка звярнулася ў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». У зоне адказнасці гэтай арганізацыі гарадская зона адпачынку на рацэ Ведзьме.

Намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч расказаў, што згодна з планам, распрацаваным РУП «Цэнтральны НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў», вызначаны пералік неабходных работ. У прыватнасці, выдаленне расліннасці з паверхні воднага аб’екта, расчыстка рэчышча ракі, санітарная ачыстка рэчышча воднага аб’екта і іншыя. У красавіку –
маі згодна з заключаным дагаворам з ПМС была выдалена расліннасць з адкосаў воднага аб’екта ад моста па вуліцы Леніна да пляжнай зоны.
– Напрыканцы кастрычніка пачалося добраўпарадкаванне берагавой зоны. Потым некалькі тыдняў паверхня ракі ад моста да шлюза расчышчалася ад разнастайнай воднай расліннасці. Ачыстку праводзілі з дапамогай пантоннай устаноўкі з землясосным і экскаватарным механізмам – земснарадам для ачысткі вадаёмаў. Ляхавіцкі камунгас з’яўляецца заказчыкам работ, а падрадчыкам выбрана ТАА «СІГ карпарэйшн». Што тычыцца фінансавання ачышчальных водных работ, то гэта сродкі раённага бюджэту, – адзначае намеснік дырэктара КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч.
Калі на погляд абывацеля не зусім зразумела, што змянілася пасля таго, як на Ведзьме папрацаваў земснарад, то службы маюць іншы погляд на зробленае. Згодна з актам выкананых работ, ужо зроблены санітарная ачыстка паверхні ракі ад смецця, расчыстка рэчышча ракі (у тым ліку каналаў ад расліннасці са зрэзкай грунту), зроблена адпампоўванне вады і глеістых адкладанняў са дна рэчышча.
Намеснік кіраўніка Ляхавіцкага камунгаса таксама патлумачыў, чаму вывучаліся розныя прапановы, праводзілася некалькі тэндараў па
выбары падрадчыка:
– У краіне не так многа арганізацый, якія займаюцца такога кшталту работамі. Так, ёсць больш эфектыўныя і магутныя апараты, якія прымяняюцца для ачысткі вадаёмаў, але яны бяруцца за больш значныя аб’ёмы работы, ды і кошт за аказанне паслуг у разы перавышае прадугледжаны бюджэт на гэтыя мэты. Таму выбралі найбольш аптымальны варыянт. Са сваёй першачарговай задачай падрадчык справіўся. Пасля пэўнага перапынку, звязанага з рамонтна-аднаўленчымі работамі апарата, ачыстка Ведзьмы прадоўжыцца. А канчатковыя высновы зробім пасля завяршэння ўсіх работ.
Галіна КАНЬКО.