Зялёнае сяброўства. На Ляхавіччыне сёння праходзіць рэспубліканская добраахвотная акцыя «Чысты лес»

9 кастрычніка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь па ўсёй краіне праходзіць рэспубліканская добраахвотная акцыя «Чысты лес», якая прымеркавана да Года народнага адзінства.

На Ляхавіччыне нераўнадушныя землякі, валанцёры справу па ўпарадкаванні пачалі загадзя. Напрыклад, навучэнцы 10-11 класаў Востраўскай школы 6 кастрычніка шчыравалі ў мясцовым лясніцтве: у міні-дэндрапарку высаджвалі 16 відаў хваёвых і лісцевых саджанцаў.


– Сяброўства паміж школай і мясцовым лясніцтвам доўжыцца не адзін год. Рабяты і педагогі традыцыйна прымаюць удзел ва ўсіх лясных акцыях, у сваю чаргу калектыў лясніцтва заўсёды падтрымлівае школьнікаў. Такое супрацоўніцтва садзейнічае экалагічнаму выхаванню рабят, а таксама з дзяцінства прывучае да працы, да ўсведамлення таго, што лес – наша агульнае багацце, ад якога трэба не толькі браць дары, але і ўсяляк дапамагаць яму, – адзначае дырэктар Востраўскай СШ Віктар Буцько.
Напачатку наступнага тыдня востраўскія рабяты зноў будуць працаваць разам з супрацоўнікамі лясніцтва.
Намеснік дырэктара Ляхавіцкага лясгаса Наталля Адаменка падкрэслівае, што стаць удзельнікам акцыі можа любы жадаючы. Дастаткова звярнуцца ў лясгас ці лясніцтвы, а таксама па нумары 6-21-01. Лесаводы асабліва разлічваюць на навучэнцаў раёна і карыстальнікаў сацсетак, якія ахвотна падхопліваюць шматлікія дабрачынныя справы. Кожны навучэнец, які прыме ўдзел у акцыі, атрымае невялікі сувенір. Каштоўныя падарункі чакаюць і аўтараў самых крэатыўных фота і відэа, размешчаных у сацыяльных сетках пад хэштэгамі # ЧыстыЛес2021 і # ЧистыйЛес2021.
У праграме акцыі «Чысты лес» не толькі высадка разнастайных раслін, але і дапаўненне лясных культур, ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, уборка бытавых адходаў, добраўпарадкаванне прыдарожных палос, а таксама лясных масіваў паблізу населеных пунктаў і памятных месцаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.