Восем дзесяцігоддзяў на варце спакою. Гэтымі днямі аддзел унутраных спраў Ляхавіцкага райвыканкама адзначае васьмідзясяты дзень нараджэння

Загадам народнага камісара ўнутраных спраў Беларускай ССР
ад 11 сакавіка 1940 года першым начальнікам Ляхавіцкага раённага аддзела УНКУС па Баранавіцкай вобласці прызначаны малодшы лейтэнант дзяржбяспекі Яўгеній Міхайлавіч Пятроў.
Райаддзел размясціўся ў будынку былой польскай паліцыі на Крапасным вале – вуліцы Замкавай (цяпер гэта вуліца Раганава) у доме № 16. Як сведчаць архівы, у маі 1941 года штат Ляхавіцкай міліцыі налічваў 56 супрацоўнікаў, сярод іх 17 участковых оперупаўнаважаных і 10 цывільных асоб. На жаль, не ўсе прозвішчы засталіся ў дакументах і памяці. Але дакладна вядома, што адным з першых начальнікаў райаддзела быў Іларыён Важнік. Як вядома і тое, што ў маі 1940 года пры выкананні службовых абавязкаў загінуў міліцыянер Васілій Петрашэвіч.

Сярод тых, хто абараняў свабоду і незалежнасць Радзімы падчас Вялікай Айчыннай вайны, ляхавіцкія міліцыянеры. Усю вайну гераічна прайшоў кавалер ордэнаў Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны Іван Бярэзін, які потым быў адным з кіраўнікоў РАУС. У партызанскіх атрадах змагаліся П. Барбялюк, М. Аўсяннік, П. Зямноў, М. Жукаў, В. Маргуноў і многія іншыя.
Асаблівая старонка гераічнай міліцэйскай гісторыі звязана з барацьбой з бандытызмам на тэрыторыі раёна пасля вызвалення
яго ад гітлераўскай акупацыі. А прозвішчы загінулых міліцыянераў Яўгенія Нікіціна, Сяргея Лагуты, Віктара Глінскага, Івана Асоса, Івана Аношкі сталі сімвалам мужнасці, няскоранасці ворагу, вернасці службоваму абавязку.
На рахунку міліцыянераў, што дастойна неслі службу ў РАУС у савецкі час, тысячы разблытаных спраў, сотні выратаваных жыццяў. Фёдар Грынько, Казімір Хрол, Іван Дубіна, Уладзімір Тадра, Іван Ярома, Міхаіл Ілюкевіч, Міхаіл Каляда, Уладзімір Дамарад, Іван Дарашэнка, Барыс Казлоў, Юрый Малевіч… – гэтыя і многія іншыя імёны з павагай успамінаюць землякі.
З 1979 па 1989 гады праз выпрабаванні вайной у Афганістане прайшлі і 73 нашы землякі, у тым ліку і тыя, хто служыў у РАУС. Афганская ваенная гісторыя была ў аднаго з былых начальнікаў райаддзела Генадзія Каняева, колішніх начальніка аддзялення крымінальнага вышуку Генадзія Савасцюка, міліцыянера-канваіра ІЧУ Уладзіміра Рабцэвіча, старшага інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Генадзія Лойкі.
26 красавіка 1986 года. Выбух на Чарнобыльскай АЭС. Сярод ліквідатараў тэхнагеннай катастрофы і 21 колішні супрацоўнік Ляхавіцкага РАУС. Сярод тых, хто пабываў у чарнобыльскай камандзіроўцы, Іосіф Зубік, Анатолій Ушко, Міхаіл Жытковіч, Іван Саковіч, Яўгеній Булаты, Рыгор Ціханчук і іншыя.
Тым, хто стаяў ля вытокаў службы, прайшоў шляхі яе станаўлення, заўжды найбольш цяжка і складана. Але ў іх ёсць дастойныя паслядоўнікі, якія сёння верай і праўдай нясуць ганаровае званне міліцыянера. І гэта ўжо другая, мірная гісторыя. Хаця ў адносінах міліцэйскай службы заўжды ёсць нагода гаварыць пра небяспеку, рызыку для жыцця.
Новае стагоддзе прыўнесла свае патрабаванні да праваахоўных органаў. Усё часцей і эфектыўней на дапамогу прыходзяць новыя тэхнічныя сродкі. Значна паляпшаюцца і ўмовы службы, становяцца больш камфортнымі. Гэта датычыцца і Ляхавіцкага РАУС. Шыкоўны будынак на вуліцы Дзесюкевіча, 43 – міліцэйскі адрас з 2015 года.
Сёння Ляхавіцкі райаддзел пад кіраўніцтвам падпалкоўніка міліцыі Андрэя Студзянічніка – адзін з лепшых у рэспубліцы па выніках мінулагодняй работы. Заўжды на перадавой участковыя інспектары міліцыі. Яны ўдарная сіла аддзялення правапарадку і прафілактыкі.
Бездакорна выконваюць свае абавязкі супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы. Аддзяленне крымінальнага вышуку РАУС неаднойчы атрымлівала званне лепшага – у вобласці і краіне.
Для тых, хто працуе ў аддзяленні ДАІ, – пост № 1 – дарогі. Яны іх надзейныя вартавыя.
Адказныя задачы вырашаюць супрацоўнікі аддзялення па грамадзянстве і міграцыі. Пачыналася ўсё з пашпартных сталоў, сёння функцыі і задачы гэтай службы значна шырэйшыя.
Надзейна і вынікова працуюць і іншыя міліцэйскія службы.
Ляхавіцкія міліцыянеры беражліва захоўваюць традыцыі. У сакавіку 2016 года першых наведвальнікаў прыняў музей РАУС. Яго цэнтральныя экспанаты – аўтамабіль «Волга-21» 1969 года выпуску і рэстаўраваны матацыкл «Урал» з каляскай, на якім 40 гадоў назад неслі службу дзяржаўтаінспектары. Нямала тут і іншых рарытэтаў: міліцэйская форма савецкай эпохі з усёй амуніцыяй, фотаапарат «Зеніт» і іншае. Побач – інфармацыя пра дасягненні сённяшніх міліцыянераў.

80 гадоў – слаўны юбілей. Гэта дата – своеасаблівае падвядзенне вынікаў зробленага многімі пакаленнямі ляхавіцкіх міліцыянераў. І няма сумненняў, што сённяшнія і заўтрашнія іх паслядоўнікі будуць берагчы і прымнажаць традыцыі сваіх калег.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.