Рука надзейнай дапамогі. Дзяржаўная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, мае разгалінаваную сістэму
Сям’я спрадвеку – крыніца любві, павагі, традыцый і звычаяў. Сям’я – прыярытэт дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі. У Беларусі маці знаходзяцца ў аплачваемым водпуску па доглядзе за дзіцем да трох гадоў. Дзяржаўная падтрымка сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, мае разгалінаваную сістэму. У яе ўключана дапамога па мацярынстве, часовай непрацаздольнасці, сямейная дапамога.
У Ляхавіцкім раёне з моманту дзеяння сямейнага капіталу ён назначаны 366 сем’ям, з іх сёлета – 23. Статус мнагадзетных на Ляхавіччыне на 1 мая маюць 387 сем’яў, дзе выхоўваюцца 1289 дзяцей. Дарэчы, па праграме 2020 – 2024 гадоў аднаразова заліч-
ваюцца безнаяўныя грашовыя сродкі на дэпазітныя рахункі грамадзян у «Беларусбанку» ў суме 22500 беларускіх рублёў (прадугледжана штогадовая індэксацыя).
З 1 студзеня 2020 года прадугледжана датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу: на будаўніцтва (рэканструкцыю), куплю жылля, пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на гэтыя мэты, і пагашэнне працэнтаў за карыстанне такімі крэдытамі. Таксама сродкі можна накіраваць на атрыманне ў дзяржаўных установах адукацыі вышэйшай адукацыі I ступені, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, на атрыманне стаматалагічных паслуг, прадастаўленне медыцынскіх вырабаў і лякарства замест уключаных у рэспубліканскія фармуляры медыцынскіх вырабаў, лекавых сродкаў. З пачатку года 14 сем’яў скарысталіся правам датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу.
Не застаюцца без падтрымкі сем’і, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Прадугледжаны меры дзяржаўнай падтрымкі па забеспячэнні даступ-
насці жылля для мнагадзетных і маладых сем’яў. Напрыклад, на падставе рашэння райвыканкама, у адпаведнасці з заканадаўствам, мнагадзетным сем’ям выдаецца субсідыя на пагашэнне асноўнага доўгу крэдыту і часткі працэнтаў. Для мнагадзетнай сям’і з трыма непаўналетнімі субсідыя на пагашэнне часткі працэнтаў крэдыту складаецца са стаўкі рэфінансавання плюс два працэнты (калі меншая працэнтная стаўка не ўстаноўлена ў дагаворы), з чатырма дзецьмі – стаўка рэфінансавання плюс тры працэнты. Памер субсідый пералічваецца пры змяненні складу сям’і.
Бясплатным аднаразовым харчаваннем забяспечваюцца школьнікі, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, а таксама тыя, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іншыя. Дзейнічаюць і іншыя адукацыйныя льготы.
Сярод ільгот і гарантый у сістэме аховы здароўя – права на бясплатнае забеспячэнне лякарствамі, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў і дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў. Таксама існуюць ільготы па забеспячэнні тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, па аплаце працэдуры ЭКА, санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні.
Паслугі нянькі сем’ям, якія выхоўваюць двайнят ці трайнят ва ўзросце да трох гадоў, догляд за дзецьмі-інвалідамі (сацыяльная перадышка) і іншыя магчымасці – гэта ўсё сістэма сацыяльнага абслугоўвання сем’яў з дзецьмі. У пералік увагі і дзяржаўнага клопату ўваходзяць і падатковыя, працоўныя і пенсійныя гарантыі сем’ям і жанчынам.
На падтрымку сем’яў у Ляхавіцкім раёне ў 2020 годзе было накіравана з раённага бюджэту 366888 рублёў, са сродкаў ФСАН – 918702 рублі.
Па інфармацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

