Туркін і яго каманда. Больш за тры дзесяцігоддзі жыццё нашага земляка непарыўна звязана з Ляхавіччынай

Больш за тры дзесяцігоддзі жыццё нашага земляка Уладзіміра Туркіна непарыўна звязана з Ляхавіччынай. Тут ён рабіў свае першыя самастойныя крокі ў прафесіі, якая стала для яго прызваннем.

І сёння сотні ўжо стаўшых дарослымі колішніх хлопчыкаў і дзяўчынак скажуць шчыры дзякуй свайму настаўніку фізкультуры Уладзіміру Мікалаевічу за тое, што прывіў любоў да спорту і здаровага ладу жыцця.
І сапраўды, на яго ўрокі рабяты ішлі і ідуць з задавальненнем. Ён ніколі не патрабаваў ад сваіх вучняў вялікіх перамог і рэкордаў, але валодае майстэрствам зацікавіць кожнага, прыдаць стымул для ўдасканалення, раскрыцця спартыўнага патэнцыялу.
– Адназначна, немагчыма з кожнага школьніка зрабіць будучага алімпійскага чэмпіёна. Галоўная задача для педагога – фізічнае развіццё дзіцяці, каб дзякуючы заняткам фізкультурай і спортам ён умацоўваў сваё здароўе, рос дужым, спрытным, моцным духам. Калі параўноўваць школьнікаў на пачатку маёй педагагічнай працы і цяпер, то, канешне, рабяты ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя праяўлялі большы інтарэс да заняткаў спортам, таму і здароўе было ў разы мацнейшым. Цяпер жа ў фаварытах – гаджэты, дзеці мала рухаюцца. Але ўсё ж, хто мае інтарэс да фізічнага развіцця, той абавязкова знаходзіць для гэтага і час, і жаданне, – упэўнены Уладзімір Туркін.
А пачалося ўсё ў 1988 годзе. Тады выпускнік Брэсцкага педінстытута з дыпломам настаўніка фізічнага выхавання размеркаваўся ў Ляхавіцкі раён. Яго першым месцам працы стала тутэйшая турбаза, куды ён уладкаваўся метадыстам-арганізатарам па турызме, а па сумяшчальніцтве быў настаўнікам фізкультуры ў СШ № 1. Ён не проста выкладае фізкультуру, але і заўжды сябруе са спортам. Выдатна гуляў у валейбол, футбол (нават выступаў за каманду «Хімік» (сельгасхіміі), цяпер вось захапіўся шашкамі. Уладзімір Мікалаевіч яшчэ і заўзяты балельшчык.
У прыярытэце – біятлон, вялікі тэніс, баскетбол – гэта ў маштабах міжнародных спаборніцтваў. Што тычыцца рэспубліканскіх турніраў, то тут ён балее за баранавіцкую жаночую валейбольную каманду «Атлант».
Турызм для Уладзіміра Туркіна – і захапленне, і любімы занятак, і бязмежная прастора для вывучэння гісторыі. Яшчэ ў гады студэнцтва разам з аднадумцамі арганізаваў турыстычны клуб «Бярэсце». А ўжо ў якасці педагога не толькі сам натхніўся краязнаўчым напрамкам, але і захапіў турызмам не адно пакаленне гімназістаў. Вось і зараз рыхтуе каманду да чарговага раённага турзлёту.


– Для нас сапраўдным святам, цудоўным падарункам быў удзел у турыстычных злётах. Рыхтаваліся да іх, як да самых важных экзаменаў.
А колькі эмоцый, уражанняў атрымлівалі падчас турыстычных выпрабаванняў – не перадаць. Здорава і незабыўна! Чаго толькі вартыя песні ля кастра! Тады сваю турыстычную зборную мы назвалі «Туркін і яго каманда», бо сапраўды мы былі камандай – дружнай, ініцыятыўнай, самаадданай, улюбёнай у турызм. І аб’яднаў нас менавіта наш настаўнік Уладзімір Мікалаевіч Туркін, – успамінае колішняя гімназістка Маргарыта Кухта.
Дарэчы, у гімназіі Уладзімір Туркін працуе ўжо чвэрць стагоддзя.
– Уладзімір Мікалаевіч – вопытны педагог-прафесіянал. У яго заўжды ёсць чаму павучыцца і маладым калегам, і настаўнікам са стажам. Нездарма яму даверана ўзначальваць метадычнае аб’яднанне настаўнікаў фізічнай культуры гімназіі. Умее знайсці падыход да вучняў, незалежна ад іх узросту, зацікавіць сваім прадметам. З задавальненнем да яго прыходзяць і былыя выпускнікі. Мае заслужаны аўтарытэт сярод калег, дзякуючы сваёй камунікабельнасці, актыўнасці, дружалюбнасці і выдатнаму пачуццю гумару, – адзначае дырэктар гімназіі Таісія Шыбун.
– Канешне, работа, калектыў, у якім працуеш, – гэта важна. Любімыя заняткі таксама павінны прысутнічаць у жыцці чалавека. Але для мяне галоўная каштоўнасць, самае вызначальнае – мая сям’я. Гэта крыніца сіл, энергіі, радасці, новых ідэй і здзяйсненняў. Менавіта яна дае новыя імпульсы, натхняе, дапамагае ў самых складаных сітуацыях, – гаворыць Уладзімір Туркін.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.