Гаранты законнасці . У першую нядзелю снежня ў Беларусі адзначаюць Дзень юрыста – прафесійнае свята тых, хто звязаў сваё жыццё са служэннем закону і справядлівасці

У першую нядзелю снежня ў Беларусі адзначаюць Дзень юрыста – прафесійнае свята тых, хто звязаў сваё жыццё са служэннем закону і справядлівасці, забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Сёлета падзея прыпадае на 7 снежня, віншаванні будуць прымаць адвакаты і пракуроры, суддзі і следчыя, натарыусы і юрысконсульты, выкладчыкі права. Сярод іх і калектыў натарыяльнай канторы Ляхавіцкага раёна, дзе працуюць тры юрысты.

Пытанні, з якімі да іх звяртаюцца, розныя: афармленне правоў на спадчыну, засведчанне здзелак і даверанасцяў, сапраўднасці подпісаў на дакументах і заявах, дагавораў куплі-продажу
і г. д. Натарыусы – дзяржаўныя гаранты законнасці, чые подпіс і пячаць надаюць дакументу юрыдычную сілу. Год назад натарыяльную кантору Ляхавіцкага раёна ўзначаліла Марына Касаковіч – юрыст з 21-гадовым працоўным стажам вызначаецца адказнасцю, прынцыповасцю і выдатным веданнем заканадаўства.
Натарыус Кацярына Заплёціна ў сістэме з мая, а ў юрыдычнай сферы – з 2009 года. Граматная, тактоўная, кампетэнтная, вельмі скрупулёзная пры рабоце з дакументамі.

Іх праца патрабуе пастаяннага самаразвіцця і ўдасканалення. Таму ў працоўным плане заўсёды значацца вывучэнне нарматыўных дакументаў, штомесячны ўдзел у вывучэнні натарыяльнай практыкі.
У камандзе натарыяльнай канторы і кансультант Святлана Кабяшова, чый прафесійны вопыт перавысіў 25 гадоў. Часта менавіта яна з’яўляецца першым кантактам кліента з натарыятам. У раскладзе дзейнасці кансультанта шмат абавязкаў, сярод якіх прадастаўленне даведачнай інфармацыі фізічным і юрыдычным асобам, арганізацыя прыёму наведвальнікаў, садзейнічанне аператыўнаму разгляду вусных і пісьмовых зваротаў і г. д. А яшчэ і вя-дзенне архіва. Важна, што ў натканторы захоўваюцца дублікаты дакументаў, і ў выпадку страты, іх заўсёды можна аднавіць.
З пачатку года ў натарыяльнай канторы раёна ажыццёўлена больш за дзве тысячы натарыяльных дзеянняў. Загадчык натарыяльнай канторы адзначае, што часта да іх звяртаюцца за афармленнем спадчыны. Але кліенты часта блытаюць тэрмін звароту за афармленнем спадчыны і атрыманнем адпаведных дакументаў: наследнік павінен заявіць пра свае правы на працягу паўгода з дня адкрыцця спадчыны.
Важна разумець таксама розніцу паміж дагаворам дарэння і завяшчаннем. Дагавор дарэння афармляецца ўласнікам пры жыцці і перааформіць яго можна толькі ў выключных выпадках. У сувязі з гэтым уладальнікам маёмасці, каб пазбегнуць непаразумення, трэба быць пільнымі і дасведчанымі.
Працягваецца і лічбавізацыя натарыяльнай дзейнасці. Атрымаць выканаўчы надпіс натарыуса (дакумент) можна дыстанцыйна праз асабісты кабінет з выкарыстаннем інфармацыйных рэсурсаў Беларускай натарыяльнай палаты. Спрошчаны і парадак рэгістрацыі нерухомай маёмасці. Так, кліенту пасля засведчвання дагавора дарэння натарыусам не трэба звяртацца ў БТІ – адпаведныя дакументы туды накіроўвае натарыус. Новы стандарт натарыяльных паслуг арыентаваны на чалавека, на дакладнасць і зручнасць.

Папярэдне запісацца на прыём у натарыяльную кантору Ляхавіцкага раёна (працуе  з аўторка па суботу з 8 да 17 гадзін з перапынкам на абед з 13 да 14 гадзін) можна па тэлефоне 6-09-79. Натарыусы вядуць прыём па загадзя ўстаноўленым графіку і ў аграгарадках.

– Быць натарыусам – значыць несці двайную адказнасць за бездакорнасць выканання закону як перад дзяржавай, так і перад людзьмі – за бяспеку іх важных жыццёвых крокаў. І мы гэта, безумоўна, разумеем. У прафесійнае свята шчырыя віншаванні адрасую ўсім калегам-юрыстам і ветэранам галіны. Здароўя вам, дабрабыту і дакладнасці ва ўсіх дзеяннях, – адзначае загадчык натарыяльнай канторы Марына Касаковіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.