Устаноўка на высокую якасць. Медыцынскі арсенал Ляхавіцкай ЦРБ днямі атрымаў важкае абнаўленне

Медыцынскі арсенал Ляхавіцкай ЦРБ днямі атрымаў важкае абнаўленне. Цяпер хірургічнае аддзяленне мае доўгачаканае абсталяванне – лапараскапічную стойку. Усё дзеля паляпшэння якасці медабслугоўвання

– У нашай краіне развіццю аховы здароўя надаецца істотная ўвага, у тым ліку акцэнт робіцца і на абнаўленне медыцынскага абсталявання. Такі сучасны высокатэхналагічны апарат – значны плюс да якасці работы нашай райбальніцы. Дзякуючы лапараскапічнай стойцы будзем праводзіць шэраг малатраўматычных лячэбных  і дыягнастычных аперацый праз невялікія праколы з выкарыстаннем спецінструментаў. З дапамогай навінкі можна выдаляць апендыцыты, грыжы, камяні ў жоўцевым пузыры. Выкарыстанне медапарата мае пэўныя перавагі, напрыклад, такое хірургічнае ўмяшанне – малаінвазіўнае. Перыяд рэабілітацыі пацыентаў, аперыраваных з дапамогай лапараскопа, значна
карацейшы. Загадчык хірургічнага аддзялення, урачы атрымалі неабходную кваліфікацыю і гатовы працаваць на новай устаноўцы. Пры неабходнасці лапараскапічныя аперацыі будуць праводзіцца не толькі жыха-рам Ляхавіцкага раёна, але і пацыентам з іншых рэгіёнаў Брэстчыны. Медыцынская ўстаноўка коштам 320 тысяч рублёў набыта за сродкі абласнога бюджэту, – расказвае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Аляксей Майсей.


Сёлета стаматалагічны кабінет райбальніцы па-поўніўся дзвюма ўстаноўкамі, рэнтгенапаратам.Набыты шэсць дэфібрылятараў, відэагастраскапічныя стойкі. Самая маштабная абноўка –
перасоўны медыцынскі комплекс, які зусім нядаўна пачаў аказваць меддапамогу жыхарам сельскай мясцовасці. Набыццё ФАПа на колах – значны ўклад у забеспячэнне даступнасці і высокіх стандартаў меддапамогі ў кожнай кропцы краіны. На сёння ў структуры ЦРБ
16 фельчарска-акушэрскіх пунктаў і 8 амбулаторый урача агульнай практыкі, што дазваляе жыхарам аграгарадкоў і вёсак атрымліваць неабходную якасную меддапамогу.
– Працуем і над аптымізацыяй інфраструктуры аховы здароўя без страты якасці. У бліжэйшы час спыніць сваю дзейнасць ФАП у вёсцы Навасёлкі, але з яго функцыямі справіцца яго перасоўны «калега», –
адзначае Аляксей Майсей.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.