Снежнае дзяжурства: надвор’е істотна дадало работы камунальнікам і дарожнікам. Як адказныя службы спраўляліся з наступствамі завірухі?

У мінулы чацвер зіма, нарэшце, дала дазвол на снежныя ападкі. У чацвер пасля завірухі тэхніка ДРБУ-200 выйшла на маршрут. Работа працягвалася да суботы ўключна, расказаў кіраўнік прадпрыемства Ігар Пілінога. У зоне ўвагі дарожнікаў 430 кіламетраў вясковых дарог і 170 кіламетраў вуліц. На расчыстцы былі задзейнічаны дзесяць адзінак тэхнікі: МАЗы, трактары, грэйдары, пагрузчыкі. Транспарт ДРБУ-200 без перапынку працаваў да апоўначы, пасля паўза на чатыры гадзіны і зноў – на барацьбу са стыхіяй. Калі снег прыпыняўся, дарога апрацоўвалася пясчана-салянай сумессю. За адзін дзень яе расходавалі 140 тон.


Усе снежныя дні ў райцэнтры працавалі без перапынку камунальнікі. У іх распараджэнні пяць адзінак тэхнікі і дзесяць уборшчыкаў тэрыторыі. Па словах начальніка ўчастка «Добраўпарадкаванне»
КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Уладзіміра Несцяровіча, убіраць снег пачалі з цэнтральных вуліц з цвёрдым пакрыццём, працягвалі па Дзесюкевіча, Камсамольскай, Янкі Купалы, Кастрычніцкай і г. д. Далей пайшоў прыватны сектар ад Энергетыкаў і Юбілейнай да Кальцавой і Дружнай, іншыя вуліцы. Ачышчалі і пасыпалі супрацьгалалёднай сумессю паркоўкі, падыходы да пешаходных пераходаў і самі «зебры», аўтобусныя прыпынкі, тратуары. За няпоўныя тры дні на апрацоўку гарадскіх вуліц і дарог пайшло 32 тоны салянай сумесі.


Асобна пра ўтрыманне тэрыторый, будынкаў і збудаванняў у зімовы перыяд. Іх гаспадары – прадпрыемствы і арганізацыі – згодна з заканадаўствам павінны забяспечваць бяспеку, рэгулярна ачышчаць падыходы, дах ад снегу і ледзяшоў.
Каб ачысціць дарогі вуліцы ад снегу, патрабуецца нямала часу і намаганняў. Не варта заставацца староннімі назіральнікамі і насельніцтву. Пачысціць сцежку да свайго пад’езда, двор ці стаянку – карысна і для добраўпарадкавання, і для ўласнага здароўя.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.