Лірыка пра фізіка

Энергічны, вельмі любіць сваіх вучняў, а яны адказваюць яму ўзаемнасцю, найцікавейшы суразмоўца – так характарызуе свайго калегу настаўніка фізікі Востраўскай СШ Івана Вайцешыка дырэктар школы Алена Дыдышка.

Сёлетні Дзень ведаў у яго педагагічнай кар’еры пяцьдзясят першы. У Востраўскай школе, куды прыйшоў па размеркаванні, працаваў спачатку настаўнікам, потым да 65-гадовага ўзросту – завучам. Ён і сёння не шкадуе парад для сваіх маладых калег.
Размаўляць з ім сапраўды адно задавальненне. Зразумела, чаму да гэтага педагога так цягнуцца вучні: з яго падачы складаныя формулы і законы фізікі становяцца лёгкімі і даступнымі.
– Калі ў вучняў гараць вочы ад нязведанага і жадання знайсці адказ – значыць педагог дасягнуў сваёй мэты, – дзеліцца Іван Адамавіч.
Нездарма нямала выпускнікоў Востраўскай школы прадаўжаюць справу любімага настаўніка і фізіку выбралі прафесіяй. Сярод найбольш таленавітых вучняў Іван Вайцешык з задавальненнем прыгадвае выпускніка БДУ Сяргея Краўцова, дацэнта БНТУ Дзмітрыя Русакевіча, настаўніка Аляксандра Сегеня, намесніка дырэктара
аднаго з буйных заводаў у Расійскай Федэрацыі Фёдара Бадака, праграміста Сяргея Дыдышку і многіх іншых. Калі на вечар сустрэчы школьных сяброў прыязджаюць былыя выпускнікі Востраўскай СШ, у лабаранцкай кабінета фізікі ўсе жадаючыя не ўмяшча-юцца.
Спрадвечнага супрацьстаяння фізікі-лірыкі для гэтага чалавека не існуе. Як вам такі факт: на вяселле настаўніка запрашаюць не толькі ў якасці госця, але і давяраюць адну з галоўных роляў – свата. І адпаведных ручнікоў у яго… больш за 60!
Ёсць яшчэ адно захапленне і для розуму, і для душы, і для залатых рук нашага земляка – рамонт тэлевізараў. Браўся Іван Вайцешык папраўляць не толькі нязначныя непа-ладкі, але і куды больш сур’ёзныя паломкі. І пасля яго ўмяшальніцтва чорна-белыя ці каляровыя экраны яшчэ доўга радавалі і прадаўжаюць радаваць сваіх гаспадароў-гледачоў.
Бярэшся за любую справу – рабі так, каб не было сорамна. Для Івана Вайцешыка гэта правіла стала вызначальным у жыцці і прафесіі.
Галіна КАНЬКО.

Сяргея ВАРАНОВІЧА.