Сто з плюсам. Аляксандра Шпак – адна са старэйшых жыхароў Ляхавіччыны

Што звычайна жадаюць на дзень нараджэння? Здароўя і пражыць да ста гадоў. Аляксандра Шпак яшчэ ў мінулым лістападзе адзначыла векавы юбілей. Сёння яна – адна са старэйшых жыхароў Ляхавіччыны. Колькі ўсяго пабачыла за жыццё – не расказаць-не пераказаць.
Дзяцінства прайшло ў паслярэвалюцыйныя гады. Ні пісаць, ні чытаць Аляксандра Фёдараўна не ўмее і сёння.

Сваю адмеціну ў лёсе пакінула і Вялікая Айчынная вайна. З акупаванай тэрыторыі разам з іншай моладдзю Аляксандру Несцер (яе дзявочае прозвішча) вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Штодзень з раніцы да вечара на чужыне даводзілася цяжка працаваць: даіла 15 кароў, цягала вёдры з малаком… Вельмі стамлялася, але думкі пра родных надавалі сілы.
Май 1945 года прынёс доўгачаканае вызваленне. Аляксандра вярнулася ў Баранавічы. Да бацькоў у родную вёску Слабодка Клецкага раёна дабіралася пешшу, ледзьве не подбегам.
Жыццё паступова наладжвалася. Пайшла замуж за тальмінавіцкага хлопца Івана Шпака. Спачатку жылі ў зямлянцы (фашысты спалілі вёску). Пазней паставілі хату, выгадавалі траіх дзяцей.
Дачка Яніна зараз на пенсіі і даглядае маці. Расказвае, што сям’я жыла каля лесу. Але дзецьмі нячаста бегалі за грыбамі-ягадамі – трэба было дапамагаць бацькам. Трымалі, як усе, гаспадарку, хадзілі ў калгас, апрацоўвалі дзялкі. Тата працаваў даглядчыкам на ферме, мама – паляводам, пасля даяркай.
Сямейнае шчасце аказалася нядоўгім – галава сям’і моцна захварэў, яго жонка рана засталася ўдавой. Сыны з дачкой сталі для маці надзейнай апорай.
Да старэнькай матулі цяпер едуць з унукамі і праўнукамі. Іх, дарэчы, у Аляксандры Фёдараўны, усіх 14. На стагоддзе бабулі сям’я сабралася разам і кожны хацеў зрабіць з родным чалавекам фота на памяць – стагадовы юбілей адзначаюць не часта.
А сакрэта даўгалецця, сцвярджае Аляксандра Фёдараўна, ніякага і няма. Лічыць, трэба быць добрым і не трымаць зла на іншых. А яшчэ ніколі не адчайвацца, не апускаць рукі.
Сёння бабуля Саша (так яе пяшчотна называюць унукі) ні ў чым не мае патрэбы. Яе старасць акружана клопатам і любоўю блізкіх.
…На стале сярод юбілейных медалёў, пасведчання былога вязня, фотаздымкаў і іншых памятных рэчаў выдзяляецца навізной адзін дакумент – пашпарт. Яго Аляксандры Фёдараўне ўручылі ў мінулым годзе з нагоды важкай даты.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.