На выручку спяшаюцца прафесіяналы. Сёння ў супрацоўнікаў Ляхавіцкага РАНС і яго падраздзяленняў — прафесійнае свята

Выратавальнік – прызванне і заслужана паважанае званне. На рахунку супрацоўнікаў пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 у Ліпску не адно выратаванае на пажары жыццё,
удзел у пошукава-выратавальных аперацыях, у ліквідацыі прыродных наступстваў, выезды на аварыі і г. д.

Начальнік ПАВП №11  Артур Плескацэвіч.

Падраздзяленнем у Ліпску, у штаце якога восем чалавек, кіруе сяржант унутранай службы Артур Плескацэвіч. У радах выратавальнікаў ён з 2019 года, а на пасадзе крыху больш за два месяцы. Але паспеў засвяціцца нават у маштабах рэспубліканскіх – загадам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях за мужнасць і самаадданасць, праяўленыя пры выкананні службовага абавязку, Артур Плескацэвіч узнагароджаны нагрудным знакам МНС «За адзнаку» II ступені, які атрымаў з рук міністра. А перад гэтым была Падзяка начальніка Брэсцкага ўпраўлення МНС. За што 21-гадоваму выратавальніку такая ўвага? 10 кастрычніка мінулага года Артур выратаваў чалавека. Не падчас баявога дзяжурства, а ў свой выхадны дзень. Якраз пад’ехаў да дома, калі бацька паведаміў, што ў суседа пажар. Не губляючы часу, выратавальнік кінуўся на дапамогу і выцягнуў 74-гадовага пацярпелага на вуліцу. Выратаваны вясковец зараз жыве ў Ганчароўскім доме сумеснага пражывання для пажылых і інвалідаў.
Начальнік паста не лічыць свой учынак геройскім. Падкрэслівае, што проста рабіў сваю работу:
– Ад мяне ў той момант залежала жыццё чалавека. І я пастараўся зрабіць усё магчымае, каб захаваць яго.


Пра кожнага з калектыву ПАВП № 11 можна расказваць з гонарам і павагай. Яны быццам сям’я, толькі працоўная. Ліпскі пост не аднойчы прызнаваўся лепшым сярод падраздзяленняў Ляхавіцкага РАНС.


Камандзір аддзялення прапаршчык унутранай службы Васілій Рабцэвіч у прафесіі  27 гадоў, мае медаль «За бездакорную службу» III ступені. У памяці першы выезд – на пажар у вёску Завінне. Зіма, мароз стаяў, што вада замярзала адразу, рукі качанелі. Прыехалі, а там ужо іншыя падраздзяленні. Начальнікам каравула тады быў Валерый Свянтэцкі, які граматна размеркаваў людзей і паставіў баявую задачу. Пажар патушылі і, галоўнае, людзі не пацярпелі. Той першы выезд пацвердзіў, што без падтрымкі ў прафесіі ніяк. На пажары ўсё залежыць ад зладжанасці дзеянняў, зазначае Васілій Рабцэвіч. Ён, дарэчы, быў членам зборнай каманды раёна па шахматах і більярдзе. А летась у красавіку разам з камандзірам аддзялення Сяргеем Зянько ў камандным заліку ў праграме рэгіянальнай круглагадовай спартакіяды, прысвечанай 98-годдзю таварыства «Дынама», сярод праваахоўных ведамстваў занялі трэцяе агульнакаманднае месца па більярдным спорце.
Сёння ў службовай біяграфіі Васілія Рабцэвіча шмат гісторый не толькі пра тое, як з калегамі змагаюцца з вогненнай стыхіяй, але і пра тое, як выводзяць грыбнікоў-ягаднікаў з лесу. Пост аддалены, вакол шмат лясоў і балот, і выратавальнікам ліпскага паста даводзіцца арганізоўваць пошукі тых, хто згубіўся. Узімку «спецыялізуюцца» на выцягванні са снежнага палону транспартных сродкаў, летам тушаць тарфянікі і г. д. Пару гадоў назад, расказваюць ліпскія выратавальнікі, ім давялося выехаць спачатку на тушэнне сенасховішча, пасля паехалі на пажар дома, вярнуліся на сенасховішча, а пасля адправіліся на ліквідацыю ўзгарання травы.
Сяргей Зянько пасаду начальніка паста нядаўна перадаў Артуру Плескацэвічу, але працягвае службу. Кіраўніцтва РАНС старшага прапаршчыка ўнутранай службы Зянько цэніць як прафесіянала, які не падвядзе і знойдзе выйсце з любой сітуацыі. Штогод ён яшчэ і ўдзельнічае ва ўборцы ўраджаю.


І выратавальнік класны, і спартсмен адметны – гэта пра вадзіцеля Віктара Гатоўчыца, які хутка дастаўляе змену на месца здарэння, захоўвае тэхніку ў баявой гатоўнасці разам з калегамі – старшымі сяржантамі Генадзіем Аніскевічам і Генадзіем Хмаруком, сяржантам Антонам Яварчуком.
Калегі адзначаюць працавітасць прапаршчыка Віктара Гатоўчыца, адказнасць і зладжанасць дзеянняў. Адбыўся ў прафесіі – мае заслужаны аўтарытэт і медаль «За бездакорную службу» III ступені, вызначаецца спартыўнымі заслугамі: з’яўляўся членам зборнай каманды раёна па лёгкай атлетыцы, лыжным спорце, пажарна-выратавальным спорце, мнагабор’і выратавальнікаў. Усё гэта плюс у рабоце, дзе вельмі важна падтрымліваць належную спартыўную форму.Летась у асабіста-камандным турніры гарадской арганізацыйнай структуры БФСТ «Дынама» па лёгкаатлетычным кросе на рэгіянальным узроўні заваяваў трэцяе месца ў асабістым заліку сярод праваахоўных ведамстваў.
Самых выдатных характарыстык за службу дастойны і камандзір аддзялення прапаршчык Аляксандр Абравец.

Калі хтосьці ўяўляе службу выратавальнікаў з рамантычным ухілам, вельмі памыляецца. Патрабуецца адказнае стаўленне да справы, дысцыплінаванасць і асаблівы стрыжань, што дапамагае ім, калі сутыкаюцца з людскім горам, калі думаюць не пра сваю бяспеку, а пра жыццё іншых.
Дзяжурства па зацверджаным распарадку стартуе з 8 гадзін перадачай змены і фінішуе на наступную раніцу. Працоўныя суткі складаюцца з выезду на месца выкліку, прафілактычнай работы, вучэбных заняткаў і абслугоўвання тэхнікі, гаспадарчых работ і фізпадрыхтоўкі, іншых абавязкаў – занятасць пастаянная. Ва ўзорным парадку трымаюць і тэрыторыю падраздзялення. Супрацоўнікі ПАВП № 11, напрыклад, сёлета зрабілі цудоўную альтанку. На экскурсіі тут бываюць школьнікі, а выратавальнікі з прафілактычнымі мерапрыемствамі – частыя госці ў лагеры «Чайка».
– Выратавальнікам пашанцавала мець два прафесійныя святы. Напярэдадні свята жадаю, каб у маіх калег было менш падстаў для рызыкі і больш для радасных падзей. Няхай здароўе будзе моц-
ным, і ў кожнага будзе надзейны тыл – сям’я, – падкрэслівае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.