Люстэркавая дата – шчаслівая. Хто з ляхавічан заключыць шлюб 22.02.2022?

167 нараджэнняў летась зарэгістравана на Ляхавіччыне, 88 нованароджаных –  хлопчыкі, 79 – дзяўчынкі.

Першынец з’явіўся ў 53 сем’ях, другое дзіця – у 51 сям’і. Статус мнагадзетных у 2021 годзе набылі 39 сем’яў, у дзесяці нарадзілася чацвёртае дзіця, у дзевяці – пятае, у трох – шостае, у адной сям’і – дзявятае. 2021 год у раёне адзначаны нараджэннем дзвюх пар двайнят, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
Сярэдні ўзрост татаў склаў 31 год, маці на тры гады маладзейшыя. Самы малады бацька – 19-гадовы, маці – 17-гадовая. Наш зямляк летась стаў бацькам у 47-гадовым узросце, зямлячка мамай у 42 гады.
Сярод хлопчыкаў самыя папулярныя імёны летась – Максім, Іван, Міхаіл, Мікалай і Аляксандр. А самыя рэдкія – Марык, Леў, Фелікс, Ян, Трафім. У дзяўчынак у топе Сафіі, Ганны, Валерыі, Аляксандры і Алісы. Сярод маленькіх зямлячак ёсць таксама Адэліна, Рада, Тэона і Юліяна.
Летась марш Мендэльсона ўпершыню гучаў для 78 пар, паўторна прымералі статус 32 жаніхі і  37 нявест.
У 2021 годзе сярэдні ўзрост нявесты –  29 гадоў, жаніх на два гады старэйшы. Самаму юнаму жаніху – 17, нявесце – 16.
Сваё сямейнае шчасце знайшлі 63-гадовы жаніх і 60-гадовая нявеста.
У студзені 2022 года нараджэнне сваіх снежаньскіх дзяцей зарэгістравалі сем бацькоў. Дзюймоўкай месяца стала Адэліна, якая нарадзілася вагой 2930 грамаў пры росце 50 сантыметраў. Здаравячком прызнаны Захар, вага якога пры нараджэнні склала 3770 грамаў, рост – 55 сантыметраў.
У маладых стала папулярным заключаць шлюб у паліндромныя ці люстэркавыя даты. Бліжэйшая, напрыклад, 22.02.2022. Нумаролагі сцвярджаюць, што такія даты шчаслівыя.
Вольга Новік расказала, што па жаданні асоб, якія ўступаюць у шлюб, можна праводзіць яго рэгістрацыю па-за межамі памяшкання аддзела загса. Напрыклад, ва установах культуры, у гістарычных і памятных мясцінах, архітэктурных ансамблях і іншых. Выязджаць можна толькі ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, у якой дзейнічае аддзел загса. Нашы землякі актыўна выкарыстоўваюць такую паслугу, многія дзень стварэння сям’і рэгіструюць у аграсядзібах.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.