Вёска – маё жыццё, і мне тут камфортна
У гонар нашай зямлячкі – аператара машыннага даення ААТ «Жарабковічы» Святланы Горбік прагучалі заслужаныя апладысменты ў Іванаве, дзе сёлета ў сакавіку ўшаноўвалі лепшых жывёлаводаў Брэстчыны, якія сваёй добрасумленнай працай уносяць істотны ўклад у развіццё малочнай галіны Першага рэгіёна. Святлана Горбік – пераможца абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі сярод аператараў машыннага даення ў малакаправод па групе сельскагаспадарчых і іншых арганізацый з прадукцыйнасцю дойнага статка па ферме ад 7 001 да 8 000 кілаграмаў малака ўключна.

– Хвалявалася моцна. Для мяне такая высокая ўзнагарода ўпершыню. Ды і яшчэ ўручалася яна на такім прадстаўнічым форуме. У перамозе не толькі мая заслуга, але і ўсіх, хто працуе на МТФ «Сваятычы». Калі збіралася ехаць у Іванава, мяне ўсе падтрымлівалі, падбадзёрвалі. А як прыгожа ўшаноўвалі і віншавалі пасля. Усім ўдзячна за падтрымку, – адзначае Святлана Горбік.
18-гадовай дзяўчынай Святлана (родам з Кулікоў) па прыкладзе сваёй маці прыйшла на ферму аператарам машыннага даення. З 37-гадовага працоўнага стажу 23 гады прыпадае на ААТ «Жарабковічы», і амаль увесь час працоўная дзейнасць звязана з МТФ «Сваятычы».
– Гэта ферма – адна са старажылаў у нашым сельгаспрадпрыемстве, тут працуе зладжаны калектыў і надзвычай дружны. Трэба было бачыць, як прыгожа яны падрыхтавалі ферму да навагодніх і калядных спраў. Пос-пеху Святланы Горбік радаваліся, як уласным дасягненням. Для ўсёй гаспадаркі вельмі ганарова, што працаўніца «Жарабковічаў» – адна з лепшых сярод калег Брэстчыны. І ўдвая прыемней, што такога прызнання яна ўдастоена ў Год беларускай жанчыны, – адзначае начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, юрыдычных, кадравых і сацыяльных пытаннях ААТ «Жарабковічы» Святлана Новік.
Святлана Горбік нездарма стала гераіняй рубрыкі «ЛВ» «Жанчына можа ўсё». Не кожнаму можа пакарыцца вышыня – надаіць у сярэднім ад кожнай рагулі за год 9 000 кілаграмаў малака. У нашай гераіні гэта атрымалася!
– На МТФ «Сваятычы» працуе 22 чалавекі, з якіх 10 аператараў машыннага даення. Сярэднясутачны надой на адну карову складае па ферме 20 кілаграмаў малака. А Святлана Горбік надойвае ад кожнай сваёй падапечнай не менш за 25 кілаграмаў. Ёсць у яе і супер-
рэкардсменка – карова, якая шчодра аддзячвае за клопат, спага-ду і смачны рацыён: дае па 48 кіла-грамаў малака ў дзень. Святлана Горбік па праве лепшая з лепшых. І ўсё дзякуючы сваёй руплівай добра-сумленнай, самаадданай працы, – гаворыць брыгадзір фермы
Таццяна Пірштук.
Трэба бачыць, з якой пяшчотай Святлана Міхайлаўна клапоціцца пра сваіх рагуль. Яна адзначае: што ні карова, то свой характар, галоўнае –
знайсці правільны падыход. Клопат пра 57 дойных кароў – далёка
не поўны пералік абавязкаў перадавога аператара машыннага даення. Не меншай увагі патрабуюць і каля 25 цялятак, для якіх выхавальнік рагулінага папаўнення не шкадуе
ні сіл, ні часу. І дзіву даешся, як гэта мініяцюрная жанчына
паспявае ўсё. Амаль штодня яна, як і іншыя работнікі фермы,
з 5 гадзін раніцы ўжо шчыруе на ферме. Першая дойка доўжыцца да
10 гадзін. Наступны прыход на ферму – у 16.30. І далей па звык-лым маршруце: спачатку клопат пра цялят, а потым прыступаюць да вячэрняй дойкі. І ў такім рытме да 22, а то і 23 гадзін. «А на хатнія і асабістыя справы час застаецца?» – з такім пытаннем звярнуліся да Святланы Горбік.
– Часу хапае. Было б жаданне. Жыву ва ўласным доме ў Сваятычах, трымаем з мужам гаспадарку. Люблю сваю работу і вясковае жыццё. Тут такое раздолле, побач блізкія людзі. І ўмовы для жыцця зручныя.
Сваятычы хоць і далёка ад горада, але тут ёсць усё неабходнае: магазін, ФАП, прыязджае пошта на колах. Дзяцей арганізавана возяць у школу і дзіцячы садок. На ферму таксама транспартам «Жарабковічаў» прывозяць людзей з Шавялёў, Падлесся, Дамашоў, Сваятычаў. Атрымліваем добрую заработную плату. Галоўнае,
не ленавацца, а працаваць адказна, каб не было сорамна, у першую чаргу, перад самім сабой, – упэўнена Святлана Горбік.
«ЛВ» жадае зямлячцы новых працоўных дасягненняў. З такім натхненнем і любоўю да справы ў Святланы Горбік не за гарамі чарговыя рэкорды і ўзнагароды.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

