Ідылія? Такая, як ва ўсіх. Толькі шматдзетная

Якое моцнае слова сям’я. Здаецца, ні адна сіла не здолее параўнацца з той, што аб’ядноўвае родных людзей. Гэта як крэпасць, як самая вялікая ў жыцці ўпэўненасць, што менавіта тут, сярод самых блізкіх табе нічога не пагражае.
Напярэдадні новага года стала вядома, што Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб узнагароджанні ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей 30-ці жыхарак Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Сярод узнагароджаных і наша зямлячка Святлана Грышкевіч.

… Яны па-іншаму глядзяць адзін на аднаго, і ў кожным позірку распазнаюць свае сігналы, разумеюць настрой і ведаюць, што трэба сказаць, калі слоў, здаецца, не хапае. Гэта і ёсць сям’я, гэта і ёсць шчасце. А для шматдзетных бацькоў Святланы і Валянціна Грышкевічаў, у прамым і ў пераносным сэнсе, яно самае вялікае на свеце.
У гэтых мілых людзей сямёра дзяцей. І на пытанне, якое напрошваецца само па сабе, ці вам не складана, мама Света прызнаецца:
– Як можа быць складана, калі ты любіш сваіх дзяцей усім сэрцам, калі проста не ўяўляеш свой дзень без гэтых самых шчырых вачэй, без іх звонкіх галасоў, тысячы пытанняў і спраў, якія мы вырашаем ра-зам. Я таксама адчуваю іх бязмежную любоў, разумею: я ім патрэбна.
Патрэбная не толькі дома. Святлану Паўлаўну ведаюць і да яе звяртаюцца нашы землякі – яна працуе ўрачом-тэрапеўтам, загадчыцай аддзялення прафілактыкі райбальніцы. Таму адказнасць, што адчувае, калі апранае белы халат, параўноўвае і з той, што дома, калі пераступае свой парог.
Жывуць шчаслівыя Грышкевічы ў Ляхавічах па вуліцы Раганава. Планіроўка іх апартаментаў, па сцвярджэнні ўсіх членаў сямейства, максімальна прасторная. Нічога лішняга. І гэта апраўдана. Проста ўявіце, што адбываецца дома, калі сям’я ў зборы за вячэрнім сталом. Шумна, гаманліва, усе ўсё абмярковаўюць, цікавяцца. Нават праход у кухню (жартуюць, самае папулярнае месца ў кватэры) прыйшлося расшырыць.
Цяпер сабрацца разам крыху складаней. Старэйшы Саша служыць у войску на Віцебшчыне. Надзея, як і мама, марыць стаць медыкам і ўжо на паўшляху да ажыццяўлення: вучыцца на другім курсе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Да паступлення рыхтуецца і дзесяцікласнік Ілья. А вось ён цвёрда вырашыў звязаць прафесійнае жыццё з рамонтам аўто.
Малодшыя Грышкевічы – натуры надзвычай творчыя. Алёнка малюе, Танюша і Данііл настрой ствараюць на фартэпіяна, а самая маленькая Вера зай-маецца гімнастыкай. Такія розныя, пачынаючы з узросту і заканчваючы захапленнямі, яны проста не могуць адзін без аднаго. І на пытанне, ці ёсць тое, што любяць рабіць разам, адказваюць:
– Урокі вучым усёй сям‘ёй. Ёсць свае матэматыкі, лінгвісты, фізікі… Справімся з любой задачай!
Мама прызнаецца, што ўсе дзеці – самастойныя і, незалежна ад узросту, дарослыя, добрыя памочнікі па гаспадарцы. Разам завіхаюцца з хатнімі справамі, разам адпачываюць: зімой любяць пакатацца на санках, летам – у ягады і грыбы.
Расказаць, пра што мараць мама і тата Грышкевічы? Што праз колькі гадоў стол прыйдзецца мяняць на большы, і як стануць яны шмат-шмат разоў бабуляй і дзядулем.
Пабывала, пагасцявала, паназірала за ідыліяй, стварыць якую не кожнай сям’і па сілах. І няхай Грышкевічы сцвярджаюць, што ідэальнага нічога не бывае, у іх сям’і ўсё як і ва ўсіх, тыя ж клопаты праблемы, але відавочна: яны шчаслівыя.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.