«Я патрыёт сваёй краіны». Дзесяцікласнікі Ляхавіччыны запрашаюцца да ўдзелу ў конкурсе

Унікальны беларуска-расійскі праект «Цягнік Памяці», пасажырамі якога летась сталі дзве сотні дзесяцікласнікаў з дзвюх сяброўскіх краін, працягвае свой маршрут. І ён вызначае новых удзельнікаў патрыятычнага падарожжа.

Яшчэ ў лістападзе стартаваў рэспубліканскі конкурс «Я патрыёт сваё краіны», накіраваны на выяўленне і распаўсюджванне вопыту паспяховай дзейнасці лідараў, фарміраванне ў грамадскай і індывідуальнай свядомасці пазітыўнага вобраза юнага лідара. Арганізатары конкурсу – Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі – запрашаюць да ўдзелу дзесяцікласнікаў, якія вызначыліся ў вучэбнай, грамадскай, спартыўнай, валанцёрскай дзейнасці, лідараў вучнёўскага самакіравання, актывістаў грамадскіх арганізацый і іншых.
Конкурс праводзіцца ў тры этапы. Першы ўжо крочыць па навучальных установах Ляхавіччыны. Хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць разнастайныя заданні, якія ўключаюць візітную картку, творчы конкурс «Я магу», конкурс відэаматэрыялаў «Мая краіна», конкурс эсэ «Пра тую вясну…» і інтэлектуальна-пазнавальную гульню «Памяць пакаленняў». Пераможцы і прызёры першага тура прымуць удзел у раённым фінале, які запланаваны на 21 студзеня.
Лепшы з лепшых прадставіць Ляхавіччыну на абласным этапе.
– Конкурс «Я патрыёт сваёй краіны» выяўляе юных лідараў, стварае ўмовы для іх самарэалізацыі і самаўдасканалення. Гэта цудоўная магчымасць рабятам заявіць пра сябе, прэзентаваць уласныя здольнасці. І ў той жа час – прыклад для пераймання для іншых навучэнцаў, – адзначае галоўны спецыяліст аддзела
па адукацыі райвыканкама Іна Зубік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.