Правілы зразумелыя і празрыстыя. Дырэктар гімназіі г. Ляхавічы дзеліцца сваімі думкамі наконт новаўвядзенняў у Правілы прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі

У педагогаў і кіраўніцтва навучальных устаноў, бацькоў і сёлетніх выпускнікоў зараз бадай самая абмяркоўваемая тэма –
новаўвядзенні ў Правілы прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі.

Сёння на старонках раёнкі ў якасці эксперта дырэктар гімназіі г. Ляхавічы Таісія Шыбун дзеліцца сваімі думкамі наконт змяненняў:
– Адназначна, гэты дакумент – адметная прыступка, важны крок у пабудове прынцыпаў атрымання вышэйшай адукацыі.
Так, Правіламі ўніфікавана і прывязана да ўступнай кампаніі падрыхтоўка выпускнікоў школ, гімназій да выніковай атэстацыі, што прывядзе да павышэння аб’ектыўнасці ацэнкі ведаў абітурыентаў і забеспячэння захавання прынцыпу роўных магчымасцей паступлення ў ВНУ. Акрамя таго, зніжаецца нагрузка на выпускніка, бо ў адну аб’ядналіся і выпускная, і ўступная кампаніі. І гэта, бясспрэчна, дазволіць пазбегнуць для рабят двайнога стрэсу. Таксама ў адораных і таленавітых дзяцей з’явілася магчымасць паступаць у ВНУ на выбраную спецыяльнасць без уступных іспытаў. Так, без уступных іспытаў прадугледжваецца залічэнне пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх, універсітэцкіх алімпіяд пры паступленні ў гэтыя ВНУ, выпускнікоў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па рэкамендацыі назіральнага савета. Па сутнасці, так і павінна быць: падлетак праявіў сябе – паказаў высокія вынікі ці падчас вучобы, ці ў спорце, актыўнасць у грамадскім жыцці – можа паступаць у профільную ВНУ без экзаменаў. Новая рэдакцыя Правілаў замацоўвае льготы, у прыватнасці, для выпускнікоў патрыятычных класаў, пераможцаў прадметных алімпіяд.
І такія новыя правілы – празрыстыя.
Яшчэ адзін важны аспект тычыцца таго, што выпускнікі могуць выбраць не толькі прафесію, але і далейшае месца працы. Размова ідзе пра новыя падыходы да мэтавага набору ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. У прыватнасці, прадугледжваецца прыём на мэтавую падрыхтоўку па выніках унутраных іспытаў у ВНУ у вуснай ці практычнай форме, у залежнасці ад спецыяльнасці.
Новым з’яўляецца і тое, што пры падачы дакументаў для паступлення абітурыент павінен разам з іншымі дакументамі прадаставіць і характарыстыку са школы. Што, адпаведна, дысцыплінуе выпускнікоў, матывуе іх да большай адказнасці за свае дзеянні і ўчынкі.