Героі гарачых пяскоў. 15 лютага – Дзень памяці воінаў- інтэрнацыяналістаў

Алжыр, Ангола, Егіпет, Сірыя – кропкі, гарачыню якіх у прамым і пераносным сэнсах адчулі на сабе нашы суайчыннікі –  воіны-інтэрнацыяналісты. Асабліва драматычная старонка звязана з афганскай вайной. Трыццаць гадоў назад, 15 лютага 1989 года, апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан. Цяпер менавіта гэта дата адзначаецца ў Беларусі як Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Нашы землякі таксама ваявалі там. А радавыя Уладзімір Малахвей і Святаслаў Мядзведскі загінулі пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў чужой краіне, прапаршчык Генрых Цыкман памёр ужо на Радзіме ад ран.

– У свой час 77 ураджэнцаў раёна выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. Пасведчанні ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін ёсць у 52 жыхароў   Ляхавіччыны, сярод іх – дзве жанчыны.
Баявое братэрства, у тым ліку  афганскае, – непарушнае, таму праз гады мы разам: дапамагаем, падтрымліваем, радуемся поспехам адзін аднаго. І сёлета 15 лютага і ў нашым раёне аб’яўлены традыцыйны афганскі збор, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Генадзій Лойка.
Святое для ўсіх нас месца – Востраў слёз  у Мінску, дзе вернасць воінскаму статуту  ўвасоблена ў мемарыял у гонар савецкіх салдат, загінуўшых пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку.
Некалькі гадоў назад дарагое для афганцаў месца з’явілася і ў Ляхавічах. На перакрыжаванні вуліц Леніна і Юбілейнай устаноўлены памятны знак воінам-інтэрнацыяналістам.
Афганцы – людзі асаблівай загартоўкі, высакародныя і надзейныя, мужныя і стойкія, сапраўдныя верныя сябры. Героямі гарачых пяскоў і бязлітасных баёў былі і нашы землякі Анатолій Пабягайла і Леанід Трыбух.
Напярэдадні 15 лютага «ЛВ» сустрэўся з імі

Пехацінец-медаліст


Першы справа — Леанід Трыбух

Малады, дужы, поўны сіл і энергіі 18-гадовы Леанід Трыбух з вёскі Мыслабаж напрыканцы кастрычніка 1980 года стаў салдатам. У армію ўчаршні навучэнец Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума ішоў з гонарам.
Яму, як і тысячам іншых юнакоў з усіх рэспублік Савецкага Саюза, давялося выконваць інтэрнацыянальны абавязак у незнаёмай краіне, якую ведаў толькі з урокаў геаграфіі і газетных артыкулаў.
Напрыканцы двухтыднёвай вучэбкі Леанід даведаўся, што будзе служыць у Афганістане. Мама пасівела ад такога паведамлення, але сын убачыў гэта толькі праз два гады…
Джалалабад, Кабул, перавал Саланг, Панджшэрская цясніна – за час службы сувязісту Леаніду Трыбуху давялося ўбачыць і перажыць многае.
– Страшна – не тое слова. Страляць у чалавека, нават ведаючы, што ён вораг, – страшна. Бачыць, як на тваіх вачах гінуць сябры, – страшна. І думаць,
што будзе з бацькамі, калі загіну… Адпраўляліся на заданне, пісалі па некалькі пісьмаў на Радзіму, каб як мага больш часу блізкія верылі: іх сын, брат, муж – жывы, – успамінае вайну Леанід Васільевіч.
У 1981 годзе наш зямляк быў цяжка паранены, 4 месяцы праляжаў у ваенным шпіталі. Потым з таварышам вярнуўся ў сваю часць. Але пасля выканання
баявога задання – зноў шпіталь. І ўзнагарода – медаль «За адвагу». За некалькі дзён да новага 1982 года сяржант Трыбух вярнуўся на Радзіму.
– Калі аўтобус спыніўся на прыпынку «Вясёлая», ногі не слухаліся. Хваляваўся перад сустрэчай з бацькамі. Хацелася цалаваць сваю зямлю. – Пра падзеі больш чым трыццацігадовай даўнасці і сёння зямляк успамінае са слязамі.
Далей усё, як ва ўсіх. Ажаніўся, разам з жонкай выхавалі траіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Сёння жывуць у вёсцы Ураджайная, Леанід працуе вартаўніком. І па-ранейшаму трымае сувязь са сваімі аднапалчанамі ў Расіі, Малдове, Украіне –  іх назаўсёды аб’яднала полымя той вайны.

Служыў на заставе

Анатолій Пабягайла вельмі сціплы чалавек. Працуе жывёлаводам у ААТ «Шлях новы». Многія яго аднавяскоўцы, калегі нават і не здагадваюцца, што за мужнасць і гераізм ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. 
…Неабсяжнае пунсовае поле макаў на гарызонце зліваецца з палымнеючага колеру небам, пад нагамі –  патрэсканая ад гарачыні і сонца зямля. Такім запомніўся Афганістан Анатолію Пабягайлу. Кожны раз, калі любаваўся яркімі макамі, успамінаў бялюткія рамон-
кі, якія кожнае лета расквечвалі наваколле каля яго родных Тумашоў. 
Павестку ў армію дваццацігадовы Анатолій атрымаў, калі пасля заканчэння Клецкага ПТВ працаваў вадзіцелем у калгасе імя Ламаносава. Успамінае, як яго провады ў армію расцягнуліся на тры дні. Усё было: і слёзы развітання, і наказ служыць годна, не забываць пра сваю сям’ю, сваю вёску. 
Пасля курса вайсковай падрыхтоўкі радавога Пабягайлу накіравалі ў Афганістан для далейшага праходжання службы. Быў снежань 1986-га.  
– За два гады ў Афганістане было ўсякае: ахоўвалі нашу мяжу, абаранялі свае пазіцыі ад набегаў душманаў. Напрыканцы сакавіка 1987 года мяне паранілі, медыкі налічылі 8 асколкаў, тры так і не дасталі. Пасля шпіталя зноў ваяваў, – расказвае Анатолій Рыгоравіч.
У перапынках паміж баямі салдаты пісалі пісьмы дадому. Колькі ў іх было любві і пяшчоты, веры ў хуткую сустрэчу…
Анатолій Пабягайла гаворыць, што ўсе цяжкасці вайны лягчэй было пераносіць побач з баявымі таварышамі, сябрамі. Расказвае: першыя месяцы пасля службы сніўся Афган штоноч. І цяпер раз-пораз вайна прыходзіць у яго сны. Такое не забываецца.

Галіна КАНЬКО. 
Фота аўтара  і з архіва Леаніда Трыбуха і Анатолія   Пабягайлы.