Прамова пра мову. Каляндар нагадвае: міжнародны Дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага

Каляндар нагадвае: міжнародны Дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага. А што для вас матчына мова? – пацікавіўся «ЛВ» у землякоў.

Алесь Бадак, беларускі пісьменнік, дырэктар выдавецтва
«Мастацкая літаратура»:

– Ты разумееш, што такое родная мова тады, калі яе не хапае. Гэта як не хапае блізкіх людзей побач, калі ты далёка ад дома. Пасля першага курса вучобы на філфаку БДУ мне давялося два гады служыць у войску і я трапіў у Манголію. Тады я асабліва адчуў (быў ці не адзіным беларусам у дывізіі), што значыць не хапае роднай мовы. Дарэчы, у войску неяк спрачаліся, чыя мова прыгажэйшая, і досыць было сказаць «аблокі», «світанак», «каханне», каб многія пагадзіліся: беларуская мова прыгожая, мілагучная і мяккая.
Можна ведаць дзясяткі моў, але калі ты пішаш пра сваю зямлю, пра свой народ, пра ўсё, да чаго прывязаны сэрцам з самага маленства, то разумееш: толькі праз роднае слова можаш выказаць тое, што задумаў. Многія беларускія пісьменнікі пачыналі пісаць на іншых мовах, але пасля вярталіся да сваёй. І, шчыра кажучы, вось так адразу не магу згадаць ніводнага прыкладу, калі было наадварот. Прынамсі, калі мець на ўвазе самабытных, яркіх паэтаў ці празаікаў. Расіяне часта любяць паўтараць: «Пушкін –
гэта наша ўсё». Але ў свеце ён больш вядомы як празаік, чым паэт, таму што яго паэзію вельмі цяжка перакладаць, яна вельмі нацыянальная. Тое ж самае можна гаварыць пра Коласа. Паэма «Новая зямля» – геніяльны твор, але нават на рускую мову пакуль так і не з’явілася перакладу, які можна было б паставіць побач з арыгіналам. І не таму, што перакладчыкі кепскія: у Коласа былі выдатныя перакладчыкі. Але па-беларуску, на роднай мове «Новая зямля» ўсё роўна гучыць значна лепш. А гэта яшчэ раз даказвае, што наша мова і вельмі прыгожая, і вельмі багатая. Таму вельмі хочацца, каб новыя пакаленні беларусаў яе захоўвалі і развівалі.

Людміла ЛУЗЯНІНА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Конькаўскай СШ:

– Беларуская мова для мяне не толькі прафесія – маё жыццё, натхненне. І ў гэтым, мусіць, «вінавата» мая настаўніца Людміла Іванаўна Хмялеўская. Яна здолела захапіць сваіх вучняў прыгожым чыстым словам.
Лічу, што мне пашанцавала працаваць у беларуска-моўнай школе. Канешне, рабятам няпроста вывучаць матэматыку ці фізіку па-беларуску, але яны спраўляюцца. І Дзень роднай мовы ў нас круглы год.
Прыемна, што хлопчыкі і дзяўчынкі з жаданнем удзельнічаюць у конкурсе-гульні па беларускай мове «Буслік», якая не толькі развівае, але і падтрымлівае інтарэс да мовазнаўства, літаратуры. 21 лютага па традыцыі правядзём конкурс чытальнікаў роднай мовы.
Словы Якуба Коласа: «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову» заўсёды цытую сваім вучням. Беларуская мова багатая, каларытная, прыгожая. І вельмі трапная. У рускай мове слова «любить» мае адно гучанне для многіх значэнняў, у беларускай ёсць і «любіць», і «кахаць». Сэнс падобны, але колькі тонкіх адценняў…

Аляксандра ПРАНЕВІЧ, 11-класніца гімназіі:
– Родная мова сёлета прынесла мне дыплом ІІІ ступені на абласным этапе прадметнай рэспубліканскай алімпіяды. Вялікая частка гэтай узнагароды – безумоўна, заслуга маёй настаўніцы Святланы Вікенцьеўны Ермаковіч, якая ўмее захапіць, зацікавіць. Пасля яе ўрокаў не застаецца абыякавых.
У нашай гімназіі 21 лютага звычайна ладзяцца сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Сёлета, напрыклад, чакаем у госці Віктара Шніпа і вучым яго творы.

Вера ДЫДЫШКА, паэтка, в. Свяціца:
– Родная, прыгожая, пявучая мая беларуская мова. У мяне любоў да яе ад бацькоў і са школы. Мама і тата –
звычайныя вясковыя людзі, усё жыццё працавалі на зямлі. Але як жа яны захапляліся творчасцю нашага песняра Якуба Коласа! Бацька многія яго вершы, урыўкі з паэм ведаў на памяць і часта чытаў уголас. Цудоўныя казкі расказвала мамачка – ад яе маё захапленне беларускім фальклорам. Рыхтуюся надру-каваць зборнік «Успаміны пра маму», у якім будзе і пяць маміных казак з майго дзяцінства.
Колькі ўсяго звязана з беларускай мовай. Свой першы адкрыты ўрок праводзіла ў Сваятыцкай школе менавіта па творчасці Якуба Коласа. Хвалявалася – не тое слова. І якое ж было здзіўленне, калі праз некалькі дзён у раённай газеце «Будаўнік камунізму» прачытала заметку пра гэта
Міколы Панацкага. Як аказалася – гэта псеўданім вядомага літаратара Міколы Купрэева.
Вяселле ўнука Антона мы правялі выключна на беларускай мове. Падабаецца яна і трохгадовай праўнучцы Адэльцы, якая з захапленнем слухае беларускамоўныя казкі, што прыдумала яе прабабуля. Частка з іх увайшла ў мой зборнік «Аповеды і казкі-карацелькі для праўнучкі маленькай Адэлькі». Спадзяюся, што яны спадабаюцца і многім іншым маленькім беларусам.
У Ліпскай СШ, дзе я вучылася, з вялікім шанаваннем ставіліся да ўсяго беларускага, да мовы – найперш. Кожная дзяўчынка абавязкова мела беларускі нацыянальны касцюм: спаднічку, фартушок, кашулю і нават вяночак. Такі абавязкова пашыем і нашай Адэльцы, каб памятала свае карані.

Віталія ЛАГУН,бібліятэкар чытальнай залы купалаўкі:
– Мая родная мова – валошкавая. Мне яна нагадвае сваім гучаннем менавіта гэту кветку. Я беларуска і гэтым ганаруся. Дома, асабліва апошнім часам, часта размаў-
ляем на роднай мове: дачка – адзінаццацікласніца, рыхтуецца да тэстаў. Магчыма, будзе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, як яе дзядуля. Ён, дарэчы, заўжды размаўляе толькі па-беларуску.
Яна неаднаразовая прызёрка раённай прадметнай алімпіяды па беларускай мове і актыўная ўдзельніца фальклорнага гуртка «Кужалёк» СШ № 1.
Канешне, беларуская мова гучыць і ў мяне на рабоце. 10 гадоў кірую аб’яднаннем «Пошук», які наведваюць навучэнцы ЛДАКа. Многія мерапрыемствы ладзім на роднай мове.
У чытальнай зале шмат беларускамоўных часопісаў, газет і кніг, і яны надзвычай запатрабаваныя сярод чытачоў.