Інтэрнацыяналісты сустракаюцца ў лютым

Сяброўства, якое прайшло праверку часам, братэрства, апаленае афганскім агнём, – моцнае, непарушнае, трывалае. Вось і праз тры дзесяцігоддзі пасля вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана шчымліва, балюча да слёз глядзець, як моцна абдымаюцца пры сустрэчы салдаты той вайны.
У нашым раёне 15 лютага сустрэча былых воінаў-інтэрнацыяналістаў пачынаецца каля памятнага знака на ўездзе ў Ляхавічы. Тыя, у чыім лёсе быў Афган, сабраліся і сёлета, каб аддаць даніну павагі загінуўшым сябрам, успомніць таварышаў, што пайшлі з жыцця ў мірны час, а яшчэ проста пабыць разам, падзяліцца надзённымі праблемамі, пагаварыць.

Потым урачыстасці перамясціліся ў ГДК. Да воінаў-інтэрнацыяналістаў са словамі прывітання і падзякі за мужнасць і вернасць прысязе звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята Аляксандр Байчык уручыў ветэранам юбілейныя медалі «30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана». Былых калег-міліцыянераў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак, павіншаваў намеснік начальніка РАУС Мікалай Смаршчок.
Падарункам для воінаў-інтэрнацыяналістаў стаў канцэрт, падрыхтаваны самадзейнымі артыстамі раёна.
У гэты ж дзень былыя салдаты наведалі магілы воінаў, загінуўшых у далёкай краіне, і тых, хто памёр у мірны час. Усім афганцам і бацькам загінуўшых аказана матэрыяльная дапамога з раённага бюджэту.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.