Спытайце пра адукацыю. ПРАМАЯ ЛІНІЯ «ЛВ»

Чым жывуць навучальныя ўстановы раёна сёння, якія школьныя пытанні хвалююць землякоў – нямала тэм было ўзнята падчас прамой тэлефоннай лініі «ЛВ», на якой працавала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.

– На календары зіма, але не сакрэт, што многія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія пабывалі ў аздараўленчым лагеры «Чайка», цяпер мараць пра гэты летнік. Мой сын не выключэнне. Якія змены чакаюць рабят сёлета?
Ірына.

– Прыемна, што «Чайка» каторы год самае папулярнае месца адпачынку для ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Дарэчы, сюды прыязджаюць рабяты з іншых рэгіёнаў Беларусі, былі і школьнікі з Польшчы.
А цяпер пра сёлетнія абноўкі для летніка. Усе яны – для зручнасці і бяспекі рабят. Запланаваны рамонт асвятлення і электраабсталявання, сантэхнікі, спальных карпусоў. Магу сказаць, што праблем з кадрамі работнікаў не ўзнікае – дарослыя з задавальненнем тут працуюць, адбіраем жадаючых нават па конкурсе.
Як і ў папярэднія гады, у летніку будзе арганізавана пяць змен: тры аздараўленчыя – па 18 дзён, дзве профільныя спартыўна-аздараўлен-чыя – па 9 дзён.
Кошт пуцёвак, памер бацькоўскай платы стануць вядомыя некалькі пазней.

– У мяне такое пытанне. У раёне дзейнічаюць су-месныя факультатывы для школьнікаў некалькіх устаноў адукацыі. Святлана Канстанцінаўна, раскажыце, калі ласка, пра такую практыку падрабязней.
Віктар Пятровіч.

– Сумесныя факультатывы па асоб-ных прадметах для вучняў некалькіх школ – добрая практыка. Выкладаюць там лепшыя настаўнікі раёна. У гэтым навучальным годзе на базе гімназіі, СШ № 1 і СШ № 2 арганізаваны факультатывы для падрыхтоўкі школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання па рускай і беларускай мовах, матэматыцы і фізіцы. У форме дыстанцыйнага навучання заняткі па інфарматыцы вядзе настаўнік Малагарадзішчанскага ВПК Аляксандр Касабуцкі.
На факультатыў прымаюцца ўсе жадаючыя, абавязковая ўмова – навучанне ў школах нашага раёна. Заняткі бясплатныя. Больш пад-рабязную інфармацыю і кантактныя нумары тэлефонаў можна атрымаць на сайце аддзела па адукацыі райвыканкама.

– Святлана Канстанцінаўна, прачытала ў раёнцы, што ў студзені завяршыўся аб-ласны этап школьных прадметных алімпіяд. Прыемна, што сярод прызёраў ёсць і ляхавіцкія школьнікі. Віншую рабят і іх настаўнікаў. Ці прадугледжаны дадатковыя выплаты настаўнікам, якія падрыхтавалі пераможцаў?
Наталля Пятроўна.

– Дзякуй за вашу ўвагу. Канешне, спадзяваліся, што пераможцаў аб-ласнога этапу прадметных алімпіяд з ляхавіцкім адрасам будзе больш. Не атрымалася, і гэта павінна стаць дадатковым стымулам для больш грунтоўнай падрыхтоўкі да алімпіяды-2020.
Што тычыцца дадатковых выплат, прэмій, надбавак і іншых заахвочванняў настаўнікам за падрыхтоўку дыпламантаў раённага, абласнога і рэс-публіканскага этапу прадметных алімпіяд, то яны прадугледжаны калектыўным дагаворам кожнай установы адукацыі. Таксама грашовую падтрымку атрымліваюць таленавітыя вучні, якія дастойна прадстаўляюць раён на абласных, рэспубліканскіх, міжнародных прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах, выпускнікі-медалісты.

– Добры дзень. Ведаю, што ў Ляхавічах раней было тры дамы сямейнага тыпу. Засталіся два. Чаму стала менш? І яшчэ: як падбіраюцца бацькі ў такія дамы, ці атрымліваюць яны зарплату? Ці плануюць у нашым раёне яшчэ адкрываць дамы сямейнага тыпу?
Святлана Сяргееўна.

– На сённяшні дзень у Ляхавіцкім раёне дзейнічаюць два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, знаходзяцца яны па суседстве на вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры. Яшчэ адзін дом сямейнага тыпу закрыўся, калі тутэйшыя выхаванцы выраслі і прадоўжылі вучобу ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, а бацькі-выхавальнікі дасягнулі пенсіённага ўзросту. Цяпер гэта проста прыёмная сям’я, у якой выхоўваецца адзін падапечны падлетак.
Каб стаць бацькамі-выхавальнікамі, трэба прайсці сур’ёзны адбор на абласным узроўні. Для функцыянавання дома сямейнага тыпу прадугледжаны 1,5 стаўкі бацькоў-выхавальнікаў.
Магу сказаць, што ў нашым раёне не плануецца будаўніцтва ці адкрыццё падобных устаноў з-за значнага скарачэння колькасці дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. І гэта, канешне, станоўчы факт. А калі ў вас ёсць жаданне паспрабаваць свае сілы ў ролі бацькоў-выхавальнікаў, можам пацікавіцца ў суседніх раёнах. Звярніцеся ў аддзел па адукацыі для падрабязнай кансультацыі.

– Мае дзеці вучыліся ў гімназіі. Цяпер сям’я памяняла месца жыхарства: пераехала з Інтэрнацыянальнай на Южакова. Ці можна перавесці дзяцей у СШ № 2?
Ігар Васільевіч.

– Бацькі маюць права выбару любой установы адукацыі для навучання дзяцей пры наяўнасці свабодных месцаў у абранай школе. Думаю, што праблем з пераводам з гімназіі ў СШ № 2 не будзе.
– Святлана Канстанцінаўна, ці плануецца сёлета ў раёне аптымізацыя ўстаноў адукацыі?
Міхаіл.

– Аптымізацыя – працэс непазбежны, бо ў сельскай мясцовасці колькасць дзяцей школьнага ўзросту змяншаецца. Не па-гаспадарску ўтрымліваць школы ці дзіцячыя садкі, дзе вучацца 20 школьнікаў ці выхоўваюцца 10 дашкалят. Пры гэтым настаўнікаў, выхавальнікаў, абслуговага персаналу можа быць больш, чым дзяцей…
Сёлета плануецца закрыццё Крывошынскага дзіцячага садка. Побач у Ліпску добраўпарадкаваны і зручны двухпавярховы будынак дашкольнай установы, дзе хопіць месца малышам з Крывошына.
Плануецца і аб’яднанне Тальмінавіцкіх сярэдняй школы і дзіцячага садка ў вучэбна-педагагічны комплекс «Дзіцячы сад-базавая школа».
Канешне, бацькоў клапоцяць многія пытанні, у прыватнасці, як дзеці будуць адаптаваны да новых умоў, які мікраклімат у калектыве, наконт арганізацыі дастаўкі хлопчыкаў і дзяўчынак у дзіцячыя садкі і школы. Праблем з падвозам дзяцей нават з самых аддаленых населеных пунктаў няма, для гэтых мэт у аддзеле дастаткова транспарту.
Работнікам закрытых устаноў прапа-ноўваецца працаўладкаванне. Зэканомленыя бюджэтныя сродкі будуць накіраваны на развіццё сістэмы адукацыі раёна і на павелічэнне зарплат педработнікам.
На прамой лініі працавала
Галіна КАНЬКО.