Арлоўскага ў чаканні. Чаму знесены агароджы па вуліцы Арлоўскага ў Ляхавічах?

Пытанні добраўпарадкавання па-ранейшаму сярод самых актуальных для землякоў.

Так, днямі ў «ЛВ» патэлефанавала жыхарка райцэнтра. Жанчыну непакоіць, што на вуліцы Арлоўскага ўсё развалена, знесены агароджы, перакапана пешаходная дарожка, ёсць іншыя нязручнасці. Людзі не разумеюць, што адбываецца. «Прыязджайце, паглядзіце, сфатаграфуйце і раскажыце, з чым гэта звязана, і колькі ўсё будзе доўжыцца», –  папрасіла зямлячка. Карэспандэнты «ЛВ» выехалі па ўказаным адрасе і за каментарыямі звярнуліся ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.
– Пачалося добраўпарадкаванне часткі вуліцы Арлоўскага. Зараз ідзе дэмантаж агароджы. Далей пачнецца добраўпарадкаванне тэрыторыі пад зялёную зону – будуць высаджаны дрэвы. Больш сучасны выгляд набудзе і пешаходная дарожка.
Будзе зроблена рэканструкцыя аўтобуснага прыпынку. Для большай зручнасці таксама плануецца рамонт асфальтавага пакрыцця дарогі. За выкананне работ адказныя КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і ДРБУ-200.
Прыкладна да канца першага паўгоддзя 2022 года запланаванае павінна спраўдзіцца, – расказала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ Марына  Завадская.
«ЛВ» будзе трымаць сітуацыю на кантролі.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.