Ударная сіла. Дзень міліцыі, што адзначаецца 4 сакавіка, большасць ляхавіцкіх вартавых правапарадку сустрэне на службе


Начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі (другі злева), участковыя Яўгеній Ражко, Дзмітрый Гатоўчыц, Аляксандр Куніцкі.


Дзень міліцыі, што адзначаецца 4 сакавіка, большасць ляхавіцкіх вартавых правапарадку сустрэне на службе. Калектыў раённага аддзела ўнутраных спраў выконвае адказную місію – забяспечвае грамадскі парадак, а значыць – наша спакойнае і бяспечнае жыццё. Папярэджанне і раскрыццё правапарушэнняў і злачынстваў, у тым ліку сярод непаўналетніх, ахова правапарадку, бяспека на дарогах, заслоны распаўсюджанню наркотыкаў, мэтанакіраваная работа з патэнцыяльнымі парушальнікамі і тымі, хто ўжо меў праблемы з законам, – гэтыя і многія іншыя задачы штодзённа стаяць перад супрацоўнікамі РАУС.
– Ва ўсіх падраздзяленнях – зладжаныя і падрыхтаваныя каманды прафесіяналаў. Не толькі кампетэнтнасць, але і нераўнадушнасць, уважлівасць – тое, што фарміруе давер лю-дзей да міліцыі, – зазначае начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Студзянічнік.
Графік работы ва ўсіх тутэйшых падраздзяленнях напружаны, работа кожнага – важная і неабходная. Напярэдадні прафесійнага свята «ЛВ» пабываў у гасцях у некаторых з іх.

Пра службу ўчастковых можна сказаць –  ударная сіла не толькі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, але і ў цэлым РАУС. У Ляхавіцкім райаддзеле ўнутраных спраў нясуць службу 11 участковых інспектараў, якія адказваюць за спакой і правапарадак на тэрыторыі 12 адміністрацыйных участкаў.
Прафілактычная работа, у тым ліку з непаўна-летнімі, асобамі, схільнымі да ўчынення правапарушэнняў і злачынстваў, з тымі, хто меў праблемы з законам, раскрыццё злачынстваў, адміністрацыйны нагляд за асобамі, якія стаяць на ўліку ў РАУС, – далёка не поўны пералік задач участковага. Ён, што называецца, ведае, хто чым дыхае на падпарадкаванай яму тэрыторыі, хто на што здольны, мясцовыя гісторыі і біяграфіі. Надзвычай важная зброя для гэтага прадстаўніка міліцыі – аўтарытэт сярод насельніцтва, дапамога і падтрымка грамадзян. Працуюць участковыя ў цеснай сувязі са старшынямі сельвыканкамаў, старастамі вёсак, настаўнікамі і медыкамі, сацыяльнай службай, пастаянныя ўдзельнікі сельскіх сходаў, і, канешне, частыя госці (іншы раз і не зусім жаданыя) у дамах і кватэрах землякоў.
Участковаму даводзіцца быць адначасова і следчым, і аператыўнікам, і экспертам, і выхавальнікам, і псіхолагам. Летась гэтыя супрацоўнікі райаддзела раскрылі 22 злачынствы. Менавіта на іх у вялікай ступені ўскладаецца і няпростая задача па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства за мінулы год прыцягнуты 128 чалавек, канфіскаваны 42 самагонныя апараты, знішчана 1710 літраў самагону і самагоннай брагі, 31 чалавек рашэннем суда адпраўлены ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
– Пра кожнага з участковых можна сказаць шмат добрых слоў, усе яны адказныя, мэтанакіраваныя, умеюць знаходзіць, прычым, даволі хутка, агульную мову з насельніцтвам. Прыклад бездакорнай службы паказваюць участковыя інспектары Сяргей Ісаханаў, тры Яўгенія – Вайшэвіч, Жылінскі, Котаў, – гаворыць начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.