Веды адправілі на экскурсію.Больш за паўсотні работ прадставілі ляхавіцкія школьнікі на раённы этап конкурсу «Выратавальнікі вачамі дзяцей

Больш за паўсотні работ прадставілі мясцовыя школьнікі на раённы этап конкурсу «Выратавальнікі вачамі дзяцей». Рабяты дэманстравалі свае веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці ў выглядзе малюнкаў, вырабаў, вершаў, казак, мадэляў аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Першыя месцы ў дзевяці розных намінацыях раздзялілі Аляксандр Зянько, Валерыя Буйкевіч (гімназія), Глеб Сідор, Мацвей Пацяруха (СШ № 1), Андрэй Траццяк, Леў Базылеў (СШ № 2), Алег Таўпека (Начаўская СШ), Ксенія Шчур (Тальмінавіцкая СШ), Лізавета Тарлюк (Ляхавіцкая ДШМ), Соф’я Палош (Навасёлкаўская СШ), Надзея Варанчак (Конькаўская СШ). Пераможцы конкурсу разам са знаўцамі алімпіяды па асновах бяспекі жыццядзейнасці адправіліся на экскурсію ў Столінскі цэнтр бяспекі. Арганізавалі паездку супрацоўнікі РАНС і аддзел па адукацыі райвыканкама.
Як жа было б добра, каб такі цэнтр размяшчаўся бліжэй да Ляхавічаў, гаварылі школьнікі пасля знаёмства з «бяспечнай» установай. Інтэрактыўныя пляцоўкі, шматлікія трэнажоры-стымулятары і іншае сучаснае абсталяванне – тут можна адпрацоўваць практычныя навыкі выратавання людзей, авалодаць навыкамі бяспечных паводзін у надзвычайных сітуацыях, набыць многія іншыя неабходныя ўменні.
Напрыклад, на пляцоўцы «Небяспечныя месцы ў кватэры» пры дапамозе дапоўненай рэальнасці аналізуюцца магчымыя жыццёвыя выпадкі: узгаранне тэлевізара, пакінуты ўключаны ў разетку прас… Ляхавіцкія школьнікі падчас знаёмства з цэнтрам спрабавалі самастойна справіцца з «пажарам», выяўлялі парушэнні правілаў бяспекі і г.д. А яшчэ наведалі абсталяваную пляцоўку радыяцыйнай бяспекі, дзе завочна пазнаёміліся з Астравецкай АЭС.
Экскурсія атрымалася цікавай, карыснай і відовішчнай. Рабяты адзначалі, што вучыцца на такіх інтэрактыўных пляцоўках пазнавальна і запамінальна.
Таццяна КАЛГУШКІНА,
інспектар РАНС.

Фота з архіва РАНС.