Адкрыта пра галоўнае. Падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» абмяркоўваліся самыя хвалюючыя тэмы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 сакавіка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ. Удзельнікамі «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» сталі больш за 200 чалавек. У іх ліку не толькі журналісты, але палітолагі, эканамісты, работнікі рэальнага сектара эканомікі, прадстаўнікі розных грамадскіх аб’яднанняў і канфесій.
Сустрэча працягвалася амаль сем з палавінай гадзін. Кіраўнік дзяржавы адказаў на некалькі дзясяткаў пытанняў, якія датычыліся шырокага спектра тэм. Удзельнікі «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» не абмяжоўваліся толькі пытаннямі, але і выступалі з ініцыятывамі, выказвалі свой пункт гледжання, дыскутавалі з Кіраўніком дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую важнасць размовы, у якой удзельнічаюць усе – народ, улада, прадстаўнікі беларускай, міжнароднай медыйнай супольнасці, эксперты ў самых розных сферах: «Усё, што сёння прагучыць у гэтай зале, стане асновай для падрыхтоўкі важнай для краіны падзеі – штогадовага Паслання Прэзідэнта народу і парламенту. Нам трэба будзе даць аб’ектыўную ацэнку адносна самых абмяркоўваемых тэм, якія асабліва хвалююць людзей і грамадства. А значыць, патрабуюць растлумачэнняў і адкрытага абмеркавання».

Аб інфармацыі  і аб’ектыўнасці
Прэзідэнт падкрэсліў, што адна з мэт гэтай сустрэчы – ліквідаваць дэфіцыт інфармацыі, якая абрушваецца на нас. Нягледзячы на магутнае развіццё медыйнай прасторы, відавочны дэфіцыт кантэнту, які карыстаўся б абсалютным даверам аўдыторыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, адна з прычын – фэйкавыя навіны, якія імгненна разлятаюцца і захопліваюць аўдыторыю, бударажаць людзей, хоць потым нека-торыя, а, можа, і многія абвяргаюцца. «Але градус напружання ў грамадстве не падае. І вы ведаеце, што там, дзе размова ідзе аб вялікай палітыцы, небяспека ад такіх інфармацыйных укідаў павялічваецца шматразова. Роля стрымальнага фактару або сілы ў процівагу тут адведзена аўтарытэтным выданням і журналістам, якія захоўваюць законы прафесійнай этыкі і нормы маралі. Паважаюць сваю аўдыторыю, даючы магчымасць самастойна зрабіць высновы з матэрыялу навін».
«Вельмі хацелася б, каб і СМІ, якія пазіцыянуюць сябе як незалежныя, і эксперты, якія ацэньваюць падзеі і ствараюць пэўны фон іх успрымання, адчувалі мяжу дапушчальнага. Мяжу, за якой парушаецца раўнавага ў грамадстве. Разумелі адказнасць за кожнае сказанае слова. Таму што мір і парадак у краіне не варты прафесійных амбіцый», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заклікаў СМІ, якія пазіцыянуюць сябе незалеж- нымі, быць больш аб’ектыўнымі. «Мы прывыклі да таго, што не ўсе вітаюць спакойнае жыццё, паступальнае развіццё невялікай незалежнай краіны ў цэнтры Еўропы, што не выклікае захаплення выбраны Беларуссю курс сацыяльна арыентаванай дзяржавы, падпарадкаваны інтарэсам чалавека. Мы гэта бачым і разумеем – не ўсім гэта падабаецца. Гэты факт правакуе, бадай, найбольшую колькасць нападкаў на нашу ўнутраную палітыку з боку неафіцыйных і ананімных крыніц. Вы лепш за ўсіх ведаеце, як гэта працуе, як лёгка можна афарбаваць любую пазітыўную навіну ў зусім цёмны колер. На шчасце, за гісторыю станаўлення і развіцця нашай дзяржавы мы выпрацавалі імунітэт супраць дэструктыўнай крытыкі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што ў большасці сваёй сённяшні чытач і глядач – адукаваны чалавек, які ўмее аналізаваць.
«Нашы людзі прывыклі трымаць удар, мы добра ведаем, што сіла ў справяд-лівасці і праўдзе. Таму сустрэча з вамі – магчымасць данесці яе да народа. Асаблівую нішу ў масмедыя займаюць эксперты. Вы – лідары меркаванняў, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – І журналісты, і іх мэтавая аўдыторыя на многія факты і падзеі глядзяць, вобразна кажучы, вашымі вачамі».
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што і сёння ўдзел аўтарытэтных спецыялістаў у «Вялікай размове» будзе карысным і плённым. «Мы шмат разоў працавалі з вамі ў фармаце круглага стала. Вы ведаеце, што ў нашай размове няма такога паняцця, як нязручнае або недарэчнае пытанне. І я заклікаю вас, як і раней, да адкрытага дыялогу», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аб адносінах Беларусі і Расіі
Адказваючы на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы, Прэзідэнт чарговы раз падкрэсліў, што Беларусі і Расіі наканавана быць разам: «Калі я вызначаўся на заранку нашай незалежнасці, з кім быць і як быць, у многім лёс нашай дзяржавы і маю палітыку прадвызначыла тое, што мы не толькі як людзі завязаны адзін на адным, мы родныя. Але пад гэта ўвесь эканамічны базіс быў падведзены. Наша эканоміка была фінішнай высокатэхналагічнай вытворчасцю, і мы пералапачвалі празмерна вялікую колькасць рэсурсаў, камплектуючых і іншае з Расійскай Федэрацыі перш за ўсё. Потым усё гэта ішло на экспарт. У тым ліку і два нафтаперапрацоўчыя заводы, якія былі пабудаваны менавіта для перапрацоўкі нафты і прапіхвання гатовых нафтапрадуктаў на вельмі прэміяльны еўрапейскі рынак. Мне трэба было захаваць, аднавіць гэтыя заводы, каб людзі працавалі, атрымлівалі хоць нейкую заработную плату і кармілі свае сем’і. Многія фактары мяне падштурхнулі да таго, каб мы мелі вось такія цесныя саюзніцкія адносіны з нашай братэрскай Расіяй».
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што за час, які прайшоў пасля распаду Савецкага Саюза, вырасла пакаленне, якое прывыкла жыць у незалежнай дзяржаве. «Калі сёння вынесці пытанне на рэферэндум у Беларусі аб аб’яднанні дзвюх дзяржаў і, як многія ў Расіі кажуць, аб уключэнні Беларусі ў склад Расіі, 98 працэнтаў прагаласуюць супраць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Не таму, што ў нас грамадства настроена супраць Расіі. Вырасла новае пакаленне, ды і старое зразумела, што мы можам жыць і супрацоўнічаць зусім у іншай форме, як родныя, блізкія. І беларусы сёння хочуць быць разам з Расіяй, але жыць у сваёй кватэры. Што ў гэтым дрэннага?».
Прэзідэнт адзначыў, што расійскі бок, на жаль, не заўсёды гатовы прытрымлівацца прынцыпу раўнапраўя ў пабудове саюзніцкіх адносін.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь пастаўляе ў Расію сваю самую лепшую харчовую прадукцыю. Аднак у Расійскай Федэрацыі вялікі націск пэўных груп, і пастаўкі блакіруюцца. «Трэба перастаць ураду Расіі лабіраваць гэтыя кланы, гэтыя групы, як іх называюць алігархічныя, у якіх вялікі бізнес зросся з уладай і прапіхвае свае пытанні, блакіруючы нашы адносіны ў саюзе. А ва ўсіх жа дакументах прадугледжана, што ў нас агульны рынак і мы павінны свабодна гандляваць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адно з пытанняў, якое стаіць на парадку дня ў адносінах дзвюх краін, – дазволы на грузавыя перавозкі ў/з трэціх краін, прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. Беларусь, напрыклад, перавозіць грузы з Расіі ў Германію або Польшчу. Расійскі бок выдае Беларусі 75 тысяч такіх дазволаў у год. «А мы колькі расіянам дазваляем увозіць? У нас няма абмежаванняў! Мы – невялікая краіна – не баімся, што нас задушаць расійскія транспартнікі. За апошні год у два разы палякам павялічылі колькасць дазволаў, тое ж самае і з літоўцамі. А нам са 120 тысяч знізілі да 75 тысяч», – выказаў незадавальненне Прэзідэнт.
«Я прывёў некалькі прыкладаў: гэта што, варта нашага саюза? Таму трэба зняць гэтыя пытанні, яны датычацца многіх людзей і для Расіі небалючыя», – падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт заявіў, што Беларусь ніколі не была нахлебнікам у Расіі і не будзе. Паводле яго слоў, Расія выдала Беларусі крэдыт на будаўніцтва атамнай электрастанцыі пад 4,8 працэнта, а В’етнаму – менш за 3 працэнты, Арменіі – таксама менш за 3 працэнты.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў Сочы Прэзідэнт Расіі пачаў гаварыць, што краіна дапамагае Беларусі крэдытамі, адзначыўшы пры гэтым, што праблем з выплатамі па працэнтах няма, у Беларусі вельмі дысцыплінаваныя і абавязковыя ў выкананні сваіх абавязацельстваў людзі. «Так усюды, асабліва па грашах. І я быў вымушаны сказаць: паколькі мы фінішная вытворчасць, на прадпрыемствах, з якімі ў Расіі завязана наша эканоміка, працуе больш за 10 мільёнаў чалавек, а з сем’ямі – больш за 40 мільёнаў. Таму, падтрымліваючы канечнага вытворцу, а для вас эканоміка Беларусі – гэта канечны вытворца, вы падтрымліваеце і свае прадпрыемствы. Так нават вашы лібералы гавораць», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы пра беларуска-расійскую інтэграцыю, Прэзідэнт заклікаў вырашаць у першую чаргу надзённыя пытанні. «Нам нельга загубіць тое, што добра. У нас хапае праціўнікаў, а, можа, нават ворагаў, – сказаў ён. – Гэта патэтыка, напэўна, але мы з вамі адказваем за славянскі мір, славянскую цывілізацыю. І калі мы загубім гэта, нашым дзецям будзе цяжка».

Аб знешняй  палітыцы
«Вы ўсе ведаеце, што знешняя палітыка Беларусі шматвектарная і праводзіцца выключна ў інтарэсах забеспячэння бяспекі і захавання міру на нашай планеце. Мы супраць любых праяў агрэсіі, як ваеннай, так і на злобу дня – інфармацыйнай. Але па перыметры нашай граніцы ўзнікаюць новыя кропкі напружанасці. Дагаворы, якія забяспечвалі баланс ваенных сіл на планеце, разыходзяцца па швах. У разгары новая гонка ўзбраенняў. І варта адрэагаваць на сучасныя выклікі, зрабіць крок у напрамку ўмацавання ўласнай ваеннай сілы, як адразу пачынаюцца хваляванні і ў міжнародных палітычных колах, і на прасторах інтэрнэту. Праўда, тут дзейнічаюць усе, пра якіх я гавару, выбарачна», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў навіну аб тым, што Польшча мае намер патраціць на абарону каля $50 мільярдаў. Гаворачы пра абарону і бяспеку, ён закрануў тэму ўмацавання Расіяй заходняй акругі. «Гэта адзіная групоўка ўзброеных сіл на гэтым напрамку, што непасрэдна мяжуе з НАТА. Дык вось, калі б прайшла навіна аб тым, што Расія нейкі полк дабавіла на захад ад Масквы, то асобныя б гвалтам крычалі. Вось вам і стаўленне да двух фактаў. Давайце тады будзем выпрацоўваць нейкі крытэрый і ацэньваць гэтыя падзеі па пэўных крытэрыях», – адзначыў Прэзідэнт.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе ніякіх войнаў і канфліктаў: «Нам гэта не патрэбна».
Прэзідэнт Беларусі не першы раз выказаў занепакоенасць магчымым размяшчэннем у Еўропе ракет малой і сярэд-няй далёкасці. Як Кіраўнік дзяржавы ён у першую чаргу непакоіцца ў сувязі з гэтым за Беларусь. «І не хацелася б, каб у старой матухне-Еўропе ўспыхнула нейкая, не дай бог, ядзерная катастрофа». «Калі ва Украіне будуць размешчаны такія ракеты – гэта катастрофа, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Трэба разумець, расіяне не могуць дапусціць, каб гэтыя ракеты былі там размешчаны. Мы з расіянамі абсалютна будзем салідарны. Таму ні ў якім разе нельга рабіць у гэтым напрамку крокі Украіне».
Надзейным партнёрам, які заўсёды падстаўляе плячо Беларусі, Аляксандр Лукашэнка назваў Кітай. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падтрымка з’яўляецца ўзаемнай, і закрануў развіццё эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі: «Не было пытання, з якім я звярнуўся б да кіраўніцтва Кітая, і яно не было вырашана». Ён расказаў пра пастаўкі беларускай прадукцыі ў гэтую краіну, інвестыцыйнае супрацоўніцтва з Кітаем. Звяртаючыся да прадстаўнікоў кітайскага боку, Аляксандр Лукашэнка заўважыў: «Вы павінны ведаць, што беларусы ў даўгу не застануцца. Вы надзей-ны партнёр, які па любым пытанні падстаўляў нам плячо. Мы гэтак жа будзем ставіцца да вашай краіны. Тут у вас сябры».
А вось у дачыненні Еўразійскага эканамічнага саюза, адзначыў Прэзідэнт, вялікіх надзей няма: «Занадта шмат насцярожанасцей, рознагалос-сяў, і, што зусім непрымальна, эканамічны саюз пачынае ўсё больш палітызавацца». Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на вялікую колькасць выключэнняў у гандлёвых адносінах і на невыкананне ўласна прынятых рашэнняў у рамках ЕАЭС.
Гаворачы пра будучае старшынства Беларусі ў ЕАЭС, Прэзідэнт адзначыў, што асабліва не разлічвае на нейкі прарыў, паколькі ўсе рашэнні там прымаюцца ў кансэнсусе. Таму ад пазіцыі адной дзяржавы, няхай нават самай буйной, наўрад ці што-небудзь залежыць, калі хоць адна дзяржава будзе супраць. А існуючая тэндэнцыя не дае вялікіх надзей, дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што наша шчасце – толькі ў нашых руках. «Будзе добра з нашымі саюзнікамі – значыць, яшчэ лепш будзе ў нас. Але спадзявацца трэба толькі на сябе. У нас невялікі рэсурс для гэтага – мы не Амерыка, не Кітай і нават не Расія – у іх больш гэтых магчымасцей. Усё роўна надзея на сябе, а ўсё, што атрымаецца з саюзнікамі, – гэта дадатак», – канстатаваў ён.

Аб унутраных  прыярытэтах
Аляксандр Лукашэнка падрабязна расказаў аб прыярытэтах унутранай палітыкі краіны, вельмі адкрыта і падрабязна выказаўся наконт праблем у эканоміцы, прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сацыяльнай сферы, звярнуўшы асаблівую ўвагу на меры, якія прымаюцца для іх вырашэння.
«Колькі білі мяне за адраджэнне вёскі, а сёння гэта прызнаны ва ўсім свеце праект. На $5,5 мільярда толькі прадаём. Я нядаўна вам прыклад пры-водзіў, што ў першы год майго прэзідэнцтва ў Мінску на трое сутак мукі заставалася, хлеб няма з чаго было пячы. Сёння мы забылі пра гэту праблему. Так, укладвалі ў сельскую гаспадарку, і нямала. Можа, не ўсе яшчэ эфектыўна працуюць. Але ў сельскай гаспадарцы мы вырашылі галоўную праблему: не ходзім з працягнутай рукой і кавалак хлеба не просім для народа», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі дзейнічаюць беспрэцэдэнтныя ўмовы ў сферы прадпрымальніцтва, стварэння новых прадпрыемстваў, асаб-ліва ў вёсцы: «Мы вельмі шмат зрабілі, каб чалавек мог варушыцца, зарабляць для сябе і сваёй сям’і. Мы стварылі ўсе ўмовы, пачынаючы ад дробнага прадпрымальніцтва да ІТ».
«Цяжка знайсці такую краіну, якая прадаставіла б столькі свабод для прадпрымаль-ніцтва, – заўважыў Прэзідэнт. – На працягу дня зарэгістраваўся і ідзі працуй. Яшчэ не было скаргаў наконт бюракратызму». Разам з тым, паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у бела-руса павінна прачынацца прадпрымальніцкая жылка.
У адказ на чарговае пытанне Прэзідэнт выказаў галоўнае пажаданне за некалькі дзён да жаночага свята 8 Сакавіка – каб беларускі нараджалі пабольш дзяцей. Аляксандр Лукашэнка лічыць шматдзетную сям’ю адзіным выратаваннем для народа, асабліва ў святле тэндэнцыі скарачэння нараджальнасці, што захапіла ўсю Еўропу. У Беларусі прымуць беспрэцэдэнтныя меры па падтрымцы сям’і, заявіў Прэзідэнт: «Галоўнае – гэта жыллё. Калі трэцяе дзіця нарадзілася і ты ўмоўна атрымліваеш бясплатна кватэру ад дзяржавы, думаю, будуць нараджаць».
Прэзідэнт таксама паабяцаў вярнуцца да пытання дадатковай падтрымкі пенсіянераў.
Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду падлічыць суму згарэўшых савецкіх укладаў: «Паглядзіце ва ўрадзе з улікам дэнамінацый і апошніх падзей, якая гэта сума. Каб сказаць, у якія тэрміны мы вернем гэтыя грошы, трэба ведаць суму, каб суаднесці. Гэта ж з бюджэту трэба дастаць грошы».
Прэзідэнт выказаў сваё меркаванне адносна ідэалагічнай работы ў краіне, нацыянальнай ідэі, выкарыстання дзвюх дзяржаўных моў – беларускай і рускай.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў сакавіку-красавіку будзе прынята рашэнне па тэрмінах правядзення парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, гэтыя важныя палітычныя падзеі стануць экзаменам не толькі для яго: «Усе будзем здаваць экзамен і перад народам даваць справаздачу». Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, у яго ёсць падставы быць упэўненым, што ўлада вытрымае гэты экзамен дастойна.
Напярэдадні «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» БЕЛТА прапанавала чытачам задаць пытанне Прэзідэнту. За 1,5 сутак акцыі «Ваша пытанне Прэзідэнту» паступіла больш за 2 тысячы пытанняў. У цэлым кола тэм шырокае – ад пытанняў сацыяльнай абароненасці, стварэння рабочых месцаў, набыцця жылля і мер па росце дабрабыту насельніцтва да знешняй палітыкі, інтэграцыйнай тэматыкі, пагранічнай бяспекі, процідзеяння карупцыі.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў: усе пытанні, якія паступілі, прааналізуюць і абагульняць. Там, дзе трэба, рашэнне будзе прынята да штогадовага Паслання Прэзідэнта да народа і парламента.

МЕРКАВАННІ

Міхаіл Орда, старшыня ФПБ:
«Для прафсаюзаў найбольш важна, што падчас гэтай размовы Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз агучыў тэзіс аб тым, што ў нашай краіне няма месца шокавым рэформам у выглядзе павальнага закрыцця прадпрыемстваў, неабдуманай прыватызацыі. Мы поўнасцю раздзяляем гэтую пазіцыю і лічым, што любыя пераўтварэнні ў эканоміцы павінны быць старанна прадуманы, у першую чаргу з пункту гледжання абароны інтарэсаў людзей».

Іван Корж, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў:
«Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што беларусы супраць любых праяў агрэсіі – і ваеннай, і інфармацыйнай. Аднак новыя кропкі напружанасці з’яўляюцца ў тым ліку і па перыметры нашай граніцы. Вельмі выразна Кіраўнік дзяржавы абазначае месца нашай краіны ў забеспячэнні бяспекі не толькі на Еўрапейскім кантыненце, але і ў сусветным маштабе. Для нармалізацыі сітуацыі Беларусь часта мае канкрэтныя прапановы, выходзіць з рознымі ініцыятывамі».

Ігар Карпенка, міністр адукацыі:
«Дзяржава – гэта велізарны карабель, дзе ўсё ўзаемазвязана, і кожная галіна звязана адна з адной. Ад таго, як спрацуе эканоміка, як будзе напоўнены бюджэт, так, адпаведна, будзе і расці заробак у той жа бюджэтнай сферы, што таксама немалаважна для сістэмы адукацыі. Зноў жа мы кажам пра якасць падрыхтоўкі спецыялістаў для таго, каб тыя ж галіны эканомікі актыўна развіваліся, каб спецыялісты былі сапраўднымі драйверамі гэтага ўстойлівага эканамічнага росту. Усё ўзаемазвязана, і, напэўна, гэты пасыл быў дастаткова сур’ёзным. І мне падаецца, ва ўнісон гучала тэма пошуку нацыянальнай ідэі, якая б усіх аб’яднала, якая б сапраўды аб’ядноўвала людзей».
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.