Святочны патруль. Ляхавіцкія міліцыянеры адзначылі прафесійнае свята

Першае свята вясны – міліцэйскае. 4 сакавіка людзі ў форме, тыя, хто адказвае за спакой і  парадак у гарадах і вёсках, хто заўсёды на варце і гатовы рызыкаваць уласным жыццём дзеля таго, каб спыніць раз’юшанага злачынцу, для каго закон – галоўная іпастась у дачыненні людскіх зносін і ўчынкаў, адзначылі сваё прафесійнае свята.

У Ляхавічах святочны міліцэйскі патруль праводзіўся ў мінулы аўторак і дэсантаваўся ён у гарадскім Доме культуры. Было ўрачыста, адчувалася нейкая асаблівая аўра мужнасці і сапраўднасці.
Сваіх калег і ветэранаў раённага аддзела ўнутраных спраў павіншаваў начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Студзянічнік. Ён жа ўручыў саслужыўцам заслужаныя ўзнагароды. Ганаровымі граматамі ўпраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама ўдастоены старшы ўчастковы інспектар маёр міліцыі Сяргей Хмарук, граматы – старшы інспектар па адміністрацыйных правапарушэннях АДАІ лейтэнант міліцыі Ганна Піліпчык, падзякай адзначаны ўчастковы інспектар старшы лейтэнант міліцыі Яўгеній Котаў.
Юбілейны медаль «100 год міліцыі Беларусі» ўручаны маёрам міліцыі Анатолію Чыкуну і Аляксандру Машэю.
Нагрудны знак «За самаадданую службу» папоўніў узнагароды прапаршчыка міліцыі Міхаіла Місько. У гэты святочны дзень самыя дастойныя з калектыву дастойных атрымалі адзнаку за сваю нялёгкую, часам небяспечную службу.
Асаблівая старонка свята звязана з ветэранам райаддзела ўнутраных спраў, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Фёдарам Лойкам. Колькі слоў захаплення, шчырай удзячнасці прагучала ў адрас Фёдара Фёдаравіча! Тым больш пранікнёна і сардэчна гэта было і ў сувязі з блізкім днём нараджэння героя. Пажаданні здароўя і трываласці былі дапоўнены кветкамі.
Да віноўнікаў урачыстасці (вось і міліцыянерам давялося пабыць віноўнікамі!) звярталіся старшыня суда Ляхавіцкага раёна Наталля Буднік, начальнік РАНС Дзмітрый Чопка, ад імя ветэранскай арганізацыі райаддзела – Іосіф Зубік.
Ну, і, канешне, у гэты дзень гучалі любімыя песні людзей у міліцэйскай форме. Гэта быў падарунак ад удзельнікаў мастацкай самадзейнасці нашага і Баранавіцкага раёнаў.

Вольга СВЯТЛОВА.

P.S. І ў час святочнага патруля ўсе службы райаддзела функцыянавалі поўна і бездакорна. Такая ў іх работа.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Начальнік РАУС Андрэй Студзянічнік (справа), ветэран міліцыі Святлана Карнілава, начальнік ІЧУ Аляксандр Кендыш.
Анатолій Чыкун, Аляксандр Машэй, Міхаіл Місько.