Сямейны нумар. «Ляхавіцкі веснік» – газета сямейная. Гэта пацвердзіў чарговы Дзень падпісчыка

«Ляхавіцкі веснік» – газета сямейная. Гэта пацвердзіў чарговы Дзень падпісчыка, які правяла раёнка ў мінулы чацвер у гарадскім аддзяленні сувязі.

Карэспандэнты на спатканне з сябрамі «ЛВ», а кожны наш падпісчык менавіта ў такім статусе, прыйшлі не з пустымі рукамі, падрыхтавалі прызы.
Сустрэча пацвердзіла: выпісваюць і чытаюць «ЛВ» усёй сям’ёй, прычым сяброўства многіх ляхавічан з газетай пачалося яшчэ ў дзяцінстве і доўжыцца не адно дзесяцігоддзе. Хтосьці знаёміцца з нумарам з першай старонкі да апошняй, іншыя чакаюць канкрэтную рубрыку, тэму, аўтараў. Калі ў газеце выходзіць матэрыял пра родных, знаёмых ці сяброў, тады адразу набываюць некалькі экзэмпляраў у кіёску «Белсаюздруку».
З дапамогай раёнкі вельмі проста павіншаваць калег і дарагіх людзей. Такая шчырасць не застаецца незаўважанай. Адзначалі нашы чытачы і зручнасць таго, што адна газета замяняе некалькі –
разам з мясцовым навінамі ў «ЛВ» можна пачытаць і рэспубліканскія, і абласныя. Адной з першых на дзень падпісчыка прыйшла ляхавічанка Сафія Марчык. Яна шмат гадоў выпісвае раёнку, нераўнадушна перачытвае кожны яе нумар і гаворыць, што «ЛВ» – крыніца мясцовай інфармацыі. Таго ж меркавання прытрымліваюцца і іншыя верныя падпісчыкі «весніка». Дзякуй вам за прызнанне!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Маргарыты КУХТА.