«Лячэнне» прафілактыкай

Ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі, кантралюючымі органамі, мясцовай уладай пракуратура раёна прымае меры па ўмацаванні законнасці і правапарадку, нармалізацыі крымінагеннай сітуацыі, павышэнні ўзроўню прафілактычнай работы, абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы.

У мінулым годзе ў раёне стабілізавалася сітуацыя з цяжкімі гвалтоўнымі злачынствамі і злачынствамі ў сферы сямейна-бытавых адносін, утрая знізілася колькасць фактаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў( з 6 да 2). Зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі ў стане алкагольнага ап’янення. Не дапушчана росту хуліганстваў і грабяжоў.
Разам з тым, пагоршылася сітуацыя на дарогах раёна. Павышанай увагі патрабуе якасць прафілактычнай работы з раней асуджанымі і тымі, хто адбывае пакаранне: летась зарэгістраваны рост злачынстваў, звязаных з ухіленнем асуджаных ад адбывання пакарання. Неабходна актывізаваць работу па папярэджанні крадзяжоў, колькасць якіх нязначна павялічылася.
Пракуратура раёна падчас праверак дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі выявіла недапрацоўкі, якія зніжалі эфектыўнасць прафілактычнай работы. У Жарабковіцкім, Конькаўскім і Крывошынскім сельвыканкамах устаноўлены недахопы пры выкананні патрабаванняў арт. 41 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», згодна якому неабходна сумесна з праваахоўнымі органамі ажыццяўляць дзейнасць па ахове грамадскага парадку і прафілактыцы правапарушэнняў. Не ў поўнай меры наладжана ўзаемадзеянне паміж РАУС і сельвыканкамамі пры рабоце з асобамі, якія вядуць амаральны лад жыцця.
Па выніках праверак выканання заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў унесена восем прадстаўленняў, у якіх не толькі пастаўлены пытанні адказнасці, але і прапанаваны меры арганізацыйнага і інфармацыйнага характару.
Пракуратура шырока выкарыстоўвае такую форму абароны інтарэсаў грамадзян, дзяржавы, прадпрыемстваў і арганізацый рознай формы ўласнасці, як зварот з іскавай заявай. За справаздачны перыяд пракурор накіраваў у суд 25 іскавых заяў на агульную суму больш за 27 000 рублёў, у эканамічныя суды –
пяць заяў аб узбуджэнні загаднай вытворчасці на суму каля 60 000 рублёў. Некаторыя з іх накіроўваліся ў суд у сувязі з паступленнем адпаведных хадайніцтваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў. У той жа час наяўнасць значнай пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці (на
1 снежня 2018 года – 24730 тысяч рублёў пры росце да пачатку года на 19,7 працэнта) сведчыць пра тое, што кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна, юрыдычныя і бухгалтарскія службы недапрацоўваюць у арганізацыі прэтэнзійна-іскавай работы і своечасовага спагнання страт.
Адным з ключавых напрамкаў пракурорскай дзейнасці з’яўляецца нагляд за выкананнем заканадаўства. У мінулым годзе пракуратура раёна правяла 38 праверак выканання заканадаўства дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, суб’ектамі гаспадарання, падчас якіх выяўлены парушэнні патрабаванняў антыкарупцыйнага і працоўнага заканадаўства. Так, у жніўні мінулага года слесар па рамонце сельскагас-падарчых машын і абсталявання ААТ «Шлях новы» знаходзіўся ў нецвярозым стане на працоўным месцы. Толькі па патрабаванні пракуратуры ён быў прыцягнуты да адміністрацыйнай і дысцыплінарнай адказнасці.
Важны напрамак работы – выкананне заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Паміж РАУС і аддзелам па адукацыі райвыканкама распрацаваны алгарытм узаемадзеяння па выяўленні непаўналетніх, якія пражываюць у неўладкаваных сем’ях, дзе бацькі ці апекуны злоўжываюць алкаголем. На працягу 2018 года пракуратура неаднойчы выяўляла факты сямейнай неўладкаванасці, інфармацыяй пра якія аддзел па адукацыі не валодаў.
Па ўсіх выяўленых парушэннях прыняты меры пракурорскага рэагавання.

Сяргей ДЗЯЖКО, пракурор раёна, саветнік юстыцыі