Па-добрасуседску. Трывалыя сацыяльна-эканамічныя стасункі наладжаны ў раёна з расійскімі рэгіёнамі

Адрасы памяці

Землякі, напэўна, заўважылі на старонках «ЛВ» публікацыі, у якіх гучаць далёкія расійскія адрасы: Ніжні Тагіл, Краснаярск, Новасібірск… Краяўзнаўцы гарад-скіх школ (да іх далучаюцца і «веснікаўцы») адшукваюць родных і блізкіх салдатаў, якія ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны стрымлівалі наступленне фашыстаў, а ў ліпені 1944 года вызвалялі раён ад гітлераўцаў.
Землякі наладжваюць перапіску з нашчадкамі герояў, і праз дзесяцігоддзі сям’я даведваецца пра лёс роднага чалавека, які не вярнуўся з вайны. У Ніжнім Тагіле журналіст знайшоў родных Пятра Южакова, які загінуў пры вызваленні Ляхавічаў і чыім прозвішчам названы вуліца і завулак у райцэнтры. У «ЛВ» пасля такіх стасункаў з’явілася публікацыя «Ляхавічы, вуліца Южакова».
Ужо сёлета адкрыты чарговыя адрасы памяці. Адзін з іх краснаярскі, дзе жывуць браты Васілія Рудзя, геройскі загінуўшага ў ліпені 1944-га
і пахаванага ў брацкай магіле ў Ляхавічах (артыкул «Сказ пра сібірскага Васілька»).
А нядаўна пачалася, дакладней, прадоўжылася перапіска следапытаў СШ № 2 з Новасібірскам –  з сынам яшчэ аднаго франтавіка-вызваліцеля Міхаіла Папова (артыкул «Следапыты. Гісторыя адной перапіскі»).
Хочацца, каб такія сувязі і далей мелі працяг у выглядзе сустрэч, разнастайных марафонаў памяці, аўта- і велапрабегаў, якія праходзяць па гарадах і вёсках Беларусі і Расіі.

Адпачынак у радасць

Наша краіна з яе цудоўнымі краявідамі надзвычай цікавая для турыстаў-расіян. Іх прывабліваюць не толькі традыцыйныя і вядомыя маршруты – Белавежская пушча з рэзідэнцыяй Дзеда Мароза, Брэсцкая крэпасць-герой, Нясвіж, Дудуткі, Мір, – але і адпачынак у аграсядзібах. Напрыклад, у ляхавіцкай «Медуніцы» гасцям прапануюць пешыя і веласіпедныя экскурсіі па месцах, звязаных з Першай сусветнай вайной. За свежым паветрам, воднымі забавамі, для сямейнага адпачынку прыязджаюць і ў «Чыжы».
Дарэчы, у рэйтынгу самых папулярных турыстычных маршрутаў расіян – Беларусь, як і адпачынак у нашых здраўніцах. Нязменна папулярны ў суседзяў «Славянскі базар у Віцебску».
А пра стасункі з калегамі-журналістамі і гаварыць не прыходзіцца. Рэгулярна праходзяць прэс-туры прадстаўнікоў расійскіх СМІ па рэгіёнах Беларусі.

Дзелавыя кантакты

Па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, за мінулы год ляхавіцкі экспарт у Расію перавысіў 13,9 мільёна долараў, тэмпы росту – 122 працэнты да ўзроўню 2017 года. Сярод нашых экспартных партнёраў больш за два дзясяткі расійскіх рэгіёнаў. У краіне-суседцы запатрабаваны ляхавіцкі торфабрыкет (мясцовае торфапрадпрыемства), насенне льну (ільнозавод), вяршкі, казеін (малочны завод), кармавыя дабаўкі для жывёлы («Фермент»), электратэхнічная прадукцыя («Трансэлектракамплект»), ялавічына (мясакамбінат «Ляхавічы»), яблыкі (фермерская гаспадарка «Уладзімір плюс»). Што датычыць імпарту (летась склаў тры мільёны долараў), то ён у асноўным прадстаўлены зернем, паперай, металапрадукцыяй.

Творчы саюз

У свой час прагучалі ў Расіі і Беларусі прозвішчы нашых юных землякоў Міхаіла Літвіненкі, Дзмітрыя Шэйко, Антона Мацей-чыка, Антона Краўцэвіча, Юліі Матчэня, якія перамагалі ў алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства». Эсэ «Невядомы вядомы Пушкін» вучаніцы Жарабковіцкай СШ Вольгі Войтуль было адзначана дыпломам ІІІ ступені на міжна-родным Пушкінскім фестывалі «Сябры, цудоўны наш саюз…», які праводзіць Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Выпускнікі беларускіх школ паступаюць у сярэднія спецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы Расіі, а расіяне прыязджаюць за ведамі і будучай прафесіяй у Беларусь, у тым ліку ў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Зараз у ЛДАКу вучацца чатыры грамадзяніна Расіі.
Летась у Гродна на рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур наш творчы дуэт «Славянская душа» ў складзе прыпевачніцы Марыі Лутавінавай і баяніста Аляксандра Гуліцкага прадстаўляў рускую дыяспару на конкурсе «Зоркі фестывалю» і адзначаны дыпломам у намінацыі «вакальны жанр».
Прыемна, што ўраджэнцы Ляхавіччыны, нават калі сёння жывуць далёка за межамі краіны, не губляюць сувязь з Беларуссю. Як, напрыклад, майстар спорту міжнароднага класа чэмпіён Еўропы Генадзій Валюкевіч. Стаў традыцыйным адкрыты турнір
па лёгкай атлетыцы на прызы гэтага знакамітага спартсмена –
нашага земляка.
А яшчэ з Расіі ў наш раён прыязджаюць добрыя людзі. Многія – на пастаяннае месца жыхарства. Як паведамілі ў аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі РАУС, у Ляхавіцкім раёне 269 грамадзян Расіі маюць пасведчанне на права жыхарства,  21 атрымаў дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі.
У нас агульныя карані, і гэта трывалая аснова сяброўства і добрасуседства.

Галіна КАНЬКО.