Пасяўная філасофія. І арыфметыка

Яравы клін райаграсэрвіса складаецца з прыкладна
670 ранніх збожжавых і зернебабовых гектараў. Механізатар Сяргей Параскевіч (на здымку) на пасяўной працуе па-гаспадарску – адказна
.

Поле знаходзіцца ля Малога Гарадзішча.
– Вільгаці ў глебе і так мала, а яна яшчэ хутка пакідае паверхневы слой. Гэта падганяе нас, вымушае працаваць з паскарэннем. Інакш, больш менш спрыяльны па паказчыку вільгаці момант можна ўпусціць, – тлумачыць галоўны аграном райаграсэрвіса Аксана Ляута. – З другога боку – нізкія тэмпературы апошніх дзён стрымліваюць сяўбу. Пачыналі з аўса, якога пасеялі нават на дзясятак гектараў больш, чым прагназавалася. А зараз з вамі назіраем за сяўбой ячменю.

Ячмень, пра які гаворка, – элітных кандыцый і вырошчваецца з мэтай выкарыстання ў наступным годзе ў якасці насеннага матэрыялу.
Курс і тон сяўбе задае камбінаваны шыроказахопны агрэгат. З адставаннем, але ці не ва ўнісон з падрыхтоўшчыкам глебы сваю ролю выконвае пасяўны агрэгат. У якасці апошняга – СПУ-6, звычайная зерневая пнеўматычная сеялка. Яна, дарэчы, паступова становіцца ўсё больш рэдкім «конікам» на пасяўных палетках. Па інфармацыі райсельгасхарчу, на сёлетнюю яравую кампанію гаспадаркамі Ляхавіччыны заяўлена толькі чатыры такія машыны. Ім на змену ўсё больш актыўна прыходзяць камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. Такі ў машынным парку райаграсэрвіса таксама прысутнічае, на той дзень працаваў на іншых палетках.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара

Галоўны аграном райаграсэрвіса
Аксана Ляута і вадзіцель Леанід Сяргей.