…А сэрвіс не горш рэстараннага

Яшчэ на лютаўскім пасяджэнні райвыканкама адзначалася, што у час пасяўной кампаніі на асаблівым кантролі павінны быць пытанні аховы працы, стварэнне належных санітарна-бытавых умоў, арганізацыя харчавання для тых, хто ў полі. Як гэта рэалізуецца на справе?

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў АПК Ірына Чура расказала, што рэйдавыя групы пабывалі ва ўсіх гаспадарках раёна, выяўленыя парушэнні тэхнікі бяспекі, іншыя недапрацоўкі ўзяты на кантроль. Як заўсёды, абавязковы і заахвочвальны прынцып.
Збіраюцца даныя пра ход сяўбы, яе ўдзельнікаў. Лепшыя атрымаюць узнагароды ад прафсаюзаў, аграпрамысловага саюза.
Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Чопка падкрэслівае, што галоўная задача выратавальнікаў – дабіцца высокага ўзроўню бяспекі. Важна не дапусціць надзвычайнай сітуацыі, своечасова выявіць парушэнні і аператыўна іх выправіць. Наведалі КСУП «Ліпнянка», на чарзе – ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы».
Рэйдавыя мерапрыемствы праводзяць і міліцыянеры.
Асобая размова пра арганізацыю гарачага харчавання ўдзельнікаў пасяўной. Старшыня прафкама СВК «Ляхавіцкі» Валянціна Герасімовіч упэўнена: каб людзі добра працавалі, іх трэба добра накарміць. Пра што вось ужо не адно дзесяцігоддзе клапоцяцца работнікі сталовай райпо ў аграгарадку Русінавічы на чале з брыгадзірам-поварам Нэлі Жук.
Штодня для працаўнікоў СВК гатуюць 50 абедаў і 30 падвячоркаў. Меню стараюцца разнастаіць, гатуюць з любоўю і смачна. Ежу дастаўляюць спецыяльна абсталяваным аўтобусам прама ў поле двойчы на дзень. Для работнікаў такое задавальненне абыходзіцца ўсяго ў пяць працэнтаў ад поўнага кошту.
Намеснік дырэктара ДП «Нача» Галіна Рамейка запэўніла, што для ўдзельнікаў пасяўной у іх гаспадарцы ўсё арганізавана не горш, чым у рэстаране. І гэта не дзіўна, бо ім гатуюць у адной з лепшых сталовых – у ААТ «Жарабковічы». Тамашнія повары вараць-параць не толькі для працаўнікоў свайго таварыства, але і для іншых, у тым ліку для «Начы». Умовы дазваляюць: летась пераехалі ў адрамантаваны за кошт сродкаў ААТ будынак былой школы-сада ў Канюхах.
Наогул, у «Начы» адказна падышлі да пачатку сяўбы. Яе ўдзельнікі атрымалі спецадзенне, прайшлі неабходны інструктаж (у тым ліку па супрацьпажарных правілах), каму неабходна – і навучанне з абавязковай здачай экзаменаў.
Медыкі таксама разумеюць усю важнасць адказнейшай сельскагаспадарчай кампаніі. Намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Міхаіл Куляшоў расказаў, што ўсе ўрачэбныя амбулаторыі ўрача агульнай практыкі працуюць па зручным для вяскоўцаў графіку з 8 да 19 гадзін. Людзі ў белых халатах выязджаюць на мехдвары для правядзення медаглядаў.
Перайшлі на летні распарадак з падоўжаным рабочым днём і магазіны райпо.
Сяўба, як, дарэчы, і жніво, доўжыцца непрацяглы час. Важна стварыць належныя ўмовы для яе ўдзельнікаў, каб нішто не перашкаджала сканцэнтравацца на важным: хутка і якасна закласці аснову будучага ўраджаю.
Галіна КАНЬКО.