Цэх пад адкрытым небам

Гэта адна з вытворчых пляцовак прадпрыемства агульнай плошчай аж у паўтары сотні гектараў. Свайго роду стартавая пляцоўка, з якой ажыццяўляецца «запуск» большасці тэхналагічных працэсаў мясцовага кансервавага завода. Назва структурнай адзінкі – падсобная гаспадарка. Зараз тут асабліва пікавая гарачыня. Як расказаў кіраўнік «цэха» аграном Аляксандр Кунцэвіч, распачынаюцца асноўныя пасадачна-пасяўныя работы. Парк сельскагаспадарчых машын дастатковы, укамплектаваны прафесіяналамі, якія з работай плануюць справіцца  за лічаныя дні. 

З зерневых культур кансервавы завод мае намер пасеяць паўсотні гектараў яравога ячменю. Пад гэта прадугледжаны ўсе неабходныя магутнасці, сілы, сродкі. І па стане на ўчарашні дзень з ячменем, практычна завершана.
45 гектараў заводскіх падсобных палеткаў займае азімая пшаніца.
– Перазімавала добра. Як гэта і прадугледжваюць рэгламенты, атрымала неабходную порцыю азотнай падкормкі. Актыўна «пайшла» вегетацыя.
Аляксандр Кунцэвіч дадае, што каласавыя культуры для падсобнай гаспадаркі – свайго роду прыдатак. Імі заводскія аграрыі займаюцца дзеля забеспячэння севазвароту палёў. Галоўнае – агародныя культуры, для «дабрабыту» якіх і праводзяцца камбінацыі з севазваротам.
Свой агарод для кансервавага завода – базавая гарантыя таго, што перапрацоўчыя магутнасці прадпрыемства будуць працаваць увесь год. З агародніны закупляюць толькі агуркі і капусту, усё астатняе сваё: бульба, пад пасадку якой ужо вядзецца фінішная падрыхтоўка палёў, сталовыя буракі плантацыяй у 10 гектараў, кабачкі, морква, цыбуля, шчаўе. Дарэчы, шчаўе, хоць і з’яўляецца культурай шматгадовай, рэгулярна абнаўляецца. Сёлета, напрыклад, будзе перасеяна палова плошчаў, але паступова, у некалькі этапаў.
Будуць тут свае «духмянасці»: кроп, незаменны для кансервавання агуркоў, параўнальна невялікая – пад уласныя патрэбы – градка пятрушкі.
– Пад вытворчую патрэбу, іменна такім прынцыпам карыстаемся, калі плануем і фарміруем нашу пасадачна-пасяўную карту, – рэзюмаваў Аляксандр Кунцэвіч.

Іван КАВАЛЕНКА.