Прызы ад Валюкевіча. 13-ты па ліку і на гэты раз вясенні турнір на прызы чэмпіёна Еўропы адбыўся ў Ляхавічах

Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі ўручыў Генадзію Валюкевічу памятны падарунак.

Турнір па лёгкай атлетыцы на прызы  майстра спорту міжнарод-
нага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча стаў спар-тыўнай візітоўкай Ляхавіччыны. Сёлетнія старты, якія ўрачыста адкрыў у мінулую пятніцу наш знакаміты спартыўны зямляк, 13-я па ліку, а яшчэ … вясеннія. Але ж восеньскую традыцыю мяняць Генадзій Іванавіч не збіраецца і паабяцаў запрасіць хлопчыкаў і дзяўчынак на пачатку навучальнага года яшчэ раз прадэманстраваць лёгкаатлетычны майстар-клас.

Гісторыя звычайнага вясковага хлапчука з Ліпска, ягоныя воля і жаданне сказаць сваё важкае слова ў спорце сталі для кожнага ўдзельніка турніру напамінам: ніколі не здраджваць сваёй мары!
І хоць надвор’е ў дзень забегаў было зусім не красавіцкае, на спартыўную гарачую атмасферу «Коласа» ніякім чынам гэта не паўплывала. Спартсмены жартавалі: вецер у спіну на карысць хуткасці. Але на бегавой дарожцы было не да жартаў.
Сёлета ў лёгкаатлетычных стартах прынялі ўдзел хлопчыкі і дзяўчынкі са Столінскага, Ганцавіцкага, Пінскага і Баранавіцкага раёнаў. Зборную нашага рэгіёна прадставілі 50 лёгкаатлетаў, сваю каманду дэлегавала і СДЮШАР у складзе 20 чалавек. Усяго на бегавую дарожку стадыёна выйшлі больш за 120 прыхільнікаў зусім не лёгкага віду спорту.
На ўрачыстым адкрыцці турніру яго ўдзельнікаў вітаў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. Паспяховых стартаў пажадаў і Генадзій Валюкевіч.
А вось балельшчыкаў усё ж хацелася бачыць больш – запоўненыя трыбуны больш натхняюць на перамогу. Але падтрымка, няхай і не надта шматлікая, у атлетаў была тое, што трэба. Хваляваліся трэнеры-настаўнікі, падбадзёрваў-падказваў і наш зорны зямляк.
Сёння Генадзій Іванавіч прызнаецца: яму больш чым проста прыемна жыць і ведаць, што на малой радзіме кожны год праводзяцца менавіта гэтыя лёгкатлетычныя спабоніцтвы. Ляціць сюды, каб сустрэцца, паглядзець, даведацца пра поспехі юных землякоў. Ён шчыра радуецца, калі пераможца яго імяннога турніру ўсур’ёз зацікавіўся спортам і, напрыклад, стаў навучэнцам школы алімпійскага рэзерву. Заўсёднымі ўдзельнікамі восеньскіх стартаў былі Дзмітрый Равінскі, Ганна Макоўская, Таццяна Смірнова, Юрый Тарлюк, якія сёння праслаўляюць Ляхавіччыну сваімі спартыўнымі перамогамі.
У праграме турніру арганізатары прапанавалі спартсменам выйсці на старт у бегу на 60, 300, 600, 1000 метраў, спартыўнай хадзьбе, скачках у даўжыню з разбегу, трайным скачку з разбегу, эстафетным бегу, штурханні ядра. 
Граматамі СДЮШАР, а таксама грашовымі прэміямі і медалямі ад галоўнага спартыўнага госця турніру Генадзія Валюкевіча ўзнагароджаны 60 лёгкаатлетаў. Ляхавіцкія спартсмены у агульным заліку заваявалі 14 медалёў. Марыя Дыдышка з Ліпскай школы, Данііл Вінель (СШ № 1), Аляксандр Пестаў (СШ № 1), Яна Касцюк
(СШ № 2) занялі залатыя прыступкі.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.