Я адказаў на пытанні. А вы? Ляхавічане абмяркоўваюць Пасланне Прэзідэнта

Кожны раз, слухаючы выступленне нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, звяртаеш увагу на адкрытасць, эмацыянальнасць, шчырасць сказаных Кіраўніком дзяржавы слоў. Мне пашчасціла быць удзельнікам двух Усебеларускіх народных сходаў і на ўласныя вочы бачыць, як грамадзяне краіны падтрымліваюць свайго Прэзідэнта. І вось чарговая ўнікальная магчымасць стаць сведкам падзеі вызначальнай важнасці для ўсёй Беларусі – быць сярод тых, каго запрасілі на штогадовае Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Парламенту. Больш як двухгадзіннае выступленне паказала яшчэ большы ўзровень эмацыянальнасці, шчырасці, а часам па некаторых пазіцыях і жорсткасці. Кіраўнік дзяржавы закрануў усе накірункі развіцця краіны, спыніўся на ўнутранай палітыцы, не пакінуў без увагі і знешнепалітычныя аспекты, у прыватнасці ўзаемаадносіны, на жаль, не заўжды дружалюбныя з краінамі-суседкамі. Была акрэслена агульная стратэгія развіцця Беларусі, дадзены  канкрэтныя даручэнні, прычым, тычыліся яны як спраў агульнадзяржаўнай важнасці,  так і задач мясцовага значэння.
Вялікая ўвага нададзена развіццю сельскай мясцовасці. Так, шмат ужо зроблена. Напрыклад, калі гаварыць пра Конькаўскі сельсавет, за апошні час нам па многіх пытаннях удалося палепшыць сітуацыю. У прыватнасці, тычыцца гэта добраўпарадкавання і навядзення парадку, ліквідацыі стыхійных сметнікаў. Другое жыццё набылі старыя пабудовы, якія новымі гаспадарамі ператвараюцца ў дачныя домікі ці сядзібы. На пастаянным кантролі – забеспячэнне чыстай вадой населеных пунктаў.
Мінулы год быў Годам народнага адзінства. Як сказаў наш Прэзідэнт, гэты год паказаў усяму свету згуртаванасць і вытрымку беларусаў. Мы прайшлі  шэраг сур’ёзных выпрабаванняў, звязаных у тым ліку і з санкцыямі, каранавірусам. І справіліся з усім, дзякуючы адзінству.
І на Ляхавіччыне прайшло шмат мерапрыемстваў у межах Года народнага адзінства, узельнікам якіх давялося быць. У нашым раёне рэалізоўваліся разнастайныя ініцыятывы, землякі разам наводзілі парадак, удзельнічалі ў патрыятычных акцыях і аўтапрабегах, працоўных дэсантах, добрасумленна працавалі і актыўна адпачывалі. Прадстаўнікі мясцовай улады вядуць пастаянны адкрыты дыялог з людзьмі, імкнуцца дапамагаць у вырашэнні надзённых праблем насельніцтва.
Мне надзвычай спадабалася форма выступлення Прэзідэнта, асабліва закрануў дыялог у фармаце трох пытанняў, якія, на маю думку, прымусілі задумацца кожнага, каму неабыякавы лёс сваёй краіны, сёння і заўтрашні дзень родных і блізкіх, сваёй сям’і.
Перад кожным з нас стаіць важны выбар і тычыцца ён вызначальных аспектаў – жыць у міры, у незалежнай суверэннай краіне. Адкажыце і на іншыя пытанні, адрасаваныя Кіраўніком дзяржавы кожнаму беларусу: ці гатовы мы плаціць за мір і незалежнасць, ці гатовы мы ініцыяваць добрыя справы, праяўляць ініцыятыву і зарабляць без дзяржаўнай дапамогі?
Я для сябе даўно вызначыўся з адказамі на ўсе пастаўленыя пытанні, заклікаю кожнага зрабіць асэнсаваны выбар. А канчатковую кропку ў гэтым пытанні паставіць рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі. Абавязкова прыйду на выбарчы ўчастак і выканаю свой грамадзянскі абавязак.
Беларусы – мірны, працавіты народ, які жыве і хоча далей жыць у міры, ладзе і згодзе. Мы нашчадкі пераможцаў, ведаем якой цаной заваёўваецца мір, вяртаецца свабода і незалежнасць. У Год гістарычнай памяці ў нас ёсць яшчэ адна магчымасць даказаць, што мы разам – моцныя і непарушныя. Заклікаю кожнага неабыякавага земляка прыняць удзел у рэферэндуме. Разам мы ствараем шчаслівую будучыню для нашай краіны, а значыць – для
кожнага з нас.

Дзмітрый БАГУШЭВІЧ,  старшыня Конькаўскага  сельвыканкама.