А ў падарунак атрымайце лес! Ляхавіцкія школьнікі далучыліся да «Тыдня лесу»

Вучні СШ №1 на пасадцы лесу

Як знакавую падзею ў сваім жыцці ўспрынялі хлопчыкі і дзяўчынкі з СШ № 1 удзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу», якая супала з месячнікам па навядзенні парадку і азеляненні. Школьнікі шчыра прызналіся, што хвалююцца: садзіць лес будуць упершыню. Зразумелыя іх хваляванне і прага хутчэй прыступіць да справы. Уважліва слухалі-глядзелі і вучыліся ўсім пасадачным нюансам на майстар-класе ад ляснічага Ляхавіцкага лясніцтва Віктара Зайца.

Падчас «Тыдня лесу» ў свой штодзённы школьны расклад вучні раёна з
радасцю дабавілі ўрок-практыкум любві да малой радзімы. Малагара-дзішчанскія, ліпскія, тальмі-навіцкія, востраўскія, начаўскія, крывошынскія, жарабковіцкія рабяты ахвотна выязджаюць на падрыхтаваныя палеткі і адпраўляюць саджанцы хвоі і бяроз на пастаяннае «месца жыхарства».
Галоўны ляснічы лясгаса Сяргей Дыдышка задаволены такой «пасяўной». Плануецца ў гэтыя дні прымножыць зялёнае багацце раёна прыкладна на  15 гектараў і 80 тысяч дрэў.
Найбольш – па 5 гектараў кожнае – прырастуць Ляхавіцкае і Востраўскае лясніцтвы.
Ініцыявалі свой удзел у акцыі і працоўныя калектывы: РАНС, Ляхавіцкі раён газазабеспячэння, райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
«Тыдзень лесу» адкрыты для кожнага. Ёсць жаданне пасадзіць сваё імянное дрэўца – калі ласка, тэлефануйце ў лясгас, тут забяспечаць пасадачным матэрыялам і пакажуць, дзе можна аформіць прапіску для будучага лесу.
…А пакуль хлопчыкі і дзяў-чынкі запаўняюць роўненькія радкі невялікімі саджанцамі і мараць, як праз 15-20 гадоў тут, непадалёк ад вёскі Нябярэжная, будзе шумець малады лес – справа іх рук.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Дзевяцікласнікі СШ № 1 Кірыл Кукета і Анастасія Лаўрэнава – удзельнікі «Тыдня лесу».