Простае складанае лебядзінае шчасце

Мая малая радзіма – гэта правінцыяльны гарадок Ляхавічы ў Брэсцкай вобласці. Адна з галоўных яго адметнасцяў –
наша рака Ведзьма. Так, я ведаю, назва ракі палохае, пра гэта існуе шмат легенд. Але Ведзьма цудоўная! Яна – вада, а вада – сімвал жыцця. Амаль круглы год наша рака з’яўляецца домам для адной цудоўнай сямейнай пары – лебедзяў.

Мой маршрут «дом-школа-дом» штодня праходзіць праз рэчку Ведзьма. Кожны раз мінаю мост і вачамі шукаю пару лебедзяў, каб пераканацца: яны ёсць, у іх усё добра. Разумееце, гэта як мая другая сям’я. А першая, канешне, сапраўдная, дзе я адчуваю падтрымку з боку бацькоў і ўпэўненасць у сабе, каб рухацца далей у бурлівым патоку маладзёжнага жыцця.
Але вярнуся да лебедзяў. Зімой не бачу прыгожых птушак, іх няма на рацэ. А я веру, што хутка яны з’явяцца на гарызонце, і ўсё стане, як раней. І можна будзе захапляцца лебядзінай прыгажосцю.
Лічу, што лебедзі – асабліва вытанчаныя істоты. У тлумачальным слоўніку Ожэгава пра іх напісана: вялікая вадаплаўная птушка сямейства качыных з доўгай, прыгожа выгнутай шыяй. Але гэта ўсяго толькі словы, і яны не перадаюць непаўторную прыгажосць гордай птушкі. Яна, прыгажосць, скрыта ў такіх словазлучэннях, як «лебядзіны поступ», «лебядзіная песня», «лебядзіная вернасць». А царственны выгляд, які прыцягвае да сябе ўвагу назіральніка; а любоў да родных мясцін – хіба гэтага недастаткова?
Лічу, што ў лебедзяў ёсць чаму павучыцца. Мы павінны вучыцца ў прыроды, каб стаць лепш, таму што прырода – пачатак, дзе ўсё прадумана, дзе ўсё добра спалучаецца, няма нічога лішняга. Лебедзі – ідэальная сям’я, дзе ўсё гарманічна ў адносінах паміж птушкамі. Птушаняты адчуваюць сябе абароненымі, патрэбнымі бацькам. Хіба не кожнае дзіця пра гэта марыць, мае патрэбу ў гэтым, хіба не ўсім хочацца жыць у сапраўднай сям’і сярод добрых людзей і адчуваць сябе шчаслівымі?
Трэба папрацаваць над сабой, узяўшы за ўзор адносіны паміж лебедзямі. Добры ўзор для пераймання.
Назіраю за лебедзямі, любуюся на іх і хачу верыць, што мая сям’я вельмі падобная на сям’ю гэтых птушак. Бацькі мяне любяць, аберагаюць, клапоцяцца пра мяне, даюць самае лепшае, каб я змагла вырасці сапраўдным чалавекам, рэалізаваць сябе ў будучыні як варты грамадзянін, адбыцца як асоба.
Лебядзіная пара на рацэ Ведзьма можа лічыцца сімвалам нашага горада. І землякі, і госці, ідучы па мосце, любуюцца лебядзіным сюжэтам, адчуваюць гармонію, спакой, якія ўвасабляюць птушкі. Галоўнае, што кожны шукае і знаходзіць у гэтай пары тое, што яго зачароўвае ці захапляе, радуе сэрца і грэе душу. Гэта цудоўна!
За гэтай сям’ёй назірае, з ёю жыве ўвесь горад. Мы бачым, як кожны год з’яўляюцца птушаняты, як яны растуць, мацнеюць. Затым адлятаюць і пасля зімовай разлукі з нашымі мясцінамі зноў вяртаюцца сюды. Спадзяюся, што яшчэ шмат гадоў мы зможам любавацца лебядзінай парай на Ведзьме.
Лебедзі – доўгажыхары. Дваццаць чатыры гады прыгожага жыцця двух партнёраў у двух стыхіях – вады і паветра. Гэта птушкі жыцця. Думаю, што варта ў нашым горадзе паставіць помнік у гонар гэтай лебядзінай пары і даць назву «Сям’і прысвячаецца». Гэта алегорыя будзе зразумелая ўсім. Прыгожа і з сэнсам: будзь такім верным, адданым, любячым, як гэтыя гордыя птушкі.

Паліна ТАТАРЫНОВІЧ,
вучаніца гімназіі.