Ляхавіччына адзначыла Дзень Перамогі /відеа і фота/

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны – галоўныя героі ўрачыстасцей з нагоды 74-й гадавіны Вялікай Перамогі. Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўшанавалі ў кожным сельсавеце Ляхавіцкага раёна, каля помнікаў і абеліскаў прайшлі мітынгі, марафоны памяці, напярэдадні стартавалі мотавелапрабегі.
І вось ён, дзявяты дзень мая 2019 года. Першым салютаваў Перамозе Курган Славы. Ля падножжа застыла ганаровая варта. Кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў усклалі кветкі да Кургана. 
Урачыстую вахту перанялі ўпрыгожаныя святочныя Ляхавічы. Гораду пасуе мірна-радасны антураж: яснае блакітнае неба, светлыя пачуцці і цудоўны настрой. Пад знаёмую многім пакаленням мелодыю хвалюючага «Дня Перамогі» пачаўся мітынг «Пераможны май». 
Салдатам-вызваліцелям, салдатам-абаронцам, а сёння сівым ветэранам (на свяце іх зусім нямнога – тых, хто ваяваў, хто адчуў на сабе жахі фашысцкіх канцлагераў, хто быў сведкам і ўдзельнікам самай страшнай з войнаў) – наша сардэчная ўдзячнасць, бясконцая павага, шчырыя віншаванні і кветкі. 
Пакуль мы помнім, яны жывыя – усе героі, якія ваявалі за мір. Удзельнікі рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае!» – дарослыя і дзеці з партрэтамі салдатаў Вялікай Айчыннай, сваіх родных і блізкіх і зусім незнаёмых, прайшлі калонай. Дзясяткі герояў, што змагаліся за Радзіму і чые сэрцы ўжо не б’юцца, вобразна кажучы, прынялі ўдзел у мірным шэсці ў гонар Перамогі.
У руках Тамары Савасцюк партрэт бацькі – Уладзіміра Ільіча Чайко, які вызваляў Польшчу:
– Для мяне, маёй сям’і, як і для ўсіх беларусаў, Дзень Перамогі – свяшчэннае свята, даніна памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ветэранам за мір, свабоду, незалежнасць. Мой бацька вярнуўся жывы. А вось дзед Захар Лагун загінуў у 1944 годзе. 
– Прыйшла з партрэтам свайго дзеда Васілія Адамавіча. Ён прайшоў усю вайну, быў паранены. Бабуля атрымала пахавальную, але не верыла, што муж загінуў, і прадаўжала яго чакаць. І дзядуля вярнуўся. Ён заўжды з асаблівай павагай ставіўся да Дня Перамогі, – расказвае ляхавічанка Нэлі Пішч.
І ляглі да помніка загінуўшым вызваліцелям вянкі, гірлянды, кветкі – ад раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, удзельнікаў духоўна-патрыятычнага велапрабегу, прысвечанага 74-й гадавіне Перамогі. А метраном адбіў хвалююча-шчымлівую хвіліну маўчання, хвіліну смутку, хвіліну памяці. 
З віншавальнымі словамі да ветэранаў, ляхавічан, гасцей раёна звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. Ён падкрэсліў, што свята Вялікай Перамогі – асаблівае, а подзвіг народа, які выратаваў свет ад фашызму, непадуладны часу. 
Шчыра павіншавалі землякоў старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць і першы сакратар райкама БРСМ Марыя Лутавінава.
У раўненні на ветэранаў парадным строем па плошчы прайшлі сённяшнія вайскоўцы, юныя спартсмены – выхаванцы СДЮШАР, школьнікі СШ № 1, якія прымуць удзел у абласной ваенізаванай гульні «Зарніца».
Затым святкаванні перамясціліся на плошчу Леніна. На імправізаванай сцэне ў дэкоры саракавых гадоў мінулага стагоддзя размясцілася тэматычная выстава «Дарогамі вайны». А над мірнымі Ляхавічамі загучалі любімыя многімі пакаленнямі песні ў выкананні самадзейных артыстаў і мастацкіх калектываў раёна. 
Аматарам спорту і здаровага ладу жыцця даспадобы прыйшліся спартыўныя спаборніцтвы, арганізаваныя на стадыёне «Колас».
Пастаралася райпо – было што купіць, чым пачаставацца, дзе пасядзець. Многія з задавальненнем каштавалі традыцыйную салдацкую кашу. 
На свяце было безліч імгненняў, напоўненых любоўю і пашанай да пакалення пераможцаў, гонарам за подзвіг. І асабліва адчувалася наша адзінства, калі на небе расцвіў святочны салют і многагалосна прагучаў над начным горадам «Дзень Перамогі».

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.