Высокая проба пяра. Гэта пра эсэ Веранікі Казакевіч з Жарабковіцкай СШ Ляхавіцкага раёна

Зноў у цэнтры прыемнай падзеі Жарабковіцкая СШ, дакладней, васьмікласніца гэтай школы Вераніка Казакевіч. Дзяўчынка на рэспубліканскі конкурс работ творчай моладзі «Залатое пяро «Белай Русі»-2019» напісала вельмі шчырыя нататкі – эсэ пра сваю родную вёску (цяпер гэта аграгарадок Жарабковічы), пра сваю вуліцу, пра людзей, якія тут жывуць ці жылі, і якія сваёй працай услаўлялі гэты куточак.

Фото: https://pixabay.com

Менавіта любоў да сваіх вытокаў падказала Вераніцы тыя цудоўныя словы, якія не могуць не кранаць сэрца. Яе аповед настолькі пераканаўчы і прыгожы, што прызнаны пераможцам у намінацыі «Мая непаўторная малая радзіма».

Гэта меркаванне строгага прафесійнага журы, у склад якога ўвайшлі міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Аляксандр Шацько, гендырэктар БЕЛТА Ірына Акуловіч, дэканы факультэтаў журналістыкі БДУ – Вольга Самусевіч, філасофіі і сацыяльных навук БДУ – Вадзім Гігін, пачатковай адукацыі БДПУ – Наталля Ждановіч, галоўныя рэдактары вядучых рэспубліканскіх выданняў.

Рады поспеху юнай зямлячкі, шчыра віншуем Вераніку, а таксама яе бацькоў і настаўнікаў! А чытачы «ЛВ» у адным з чэрвеньскіх нумароў прачытаюць эсэ жарабковіцкай школьніцы, якое ацэнена вышэйшай адзнакай журы.

Вольга СВЯТЛОВА.