Аб’яўлены агульны сход. У Ляхавіцкім раёне пачаліся сельскія сходы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння

БОЛЬШ ФОТА НА САЙЦЕ «ЛВ»

У Ляхавіцкім раёне пачаліся сельскія сходы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Навасёлкаўскі – першы.

Сталіца раённых «Дажынак» 2022 года аграгарадок Навасёлкі зноў у цэнтры ўвагі. Менавіта з гэтага перспектыўнага населенага пункта 17 студзеня стартавалі сёлета сустрэчы кіраўніцтва раёна з насельніцтвам па сельскіх сходах. Трэці год па ініцыятыве старшыні райвыканкама Мікалая Мароза ў студзені – лютым праходзяць сходы грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння,
у якіх прымаюць удзел раённая ўлада і прадстаўнікі розных службаў і арганізацый.

– Добрая традыцыя сустрэч для абмеркавання актуальных і хвалюючых пытанняў, падвядзення вынікаў і планавання працягваецца. Прыемна адзначыць, што на працягу мінулага года ў раёне зроблена нямала, праведзена шмат разнастайных мерапрыемстваў. На 2023 год таксама добрыя перспектывы як у раёне, так і ў гаспадарцы і іншых галінах дзейнасці. Ёсць над чым працаваць і, галоўнае, ведаем, у якім напрамку неабходна рухацца, – адзначыў кіраўнік раёна і прапанаваў пабудаваць размову ў форме дыялогу.
Год гістарычнай памяці пакінуў у жыхароў раёна безліч яркіх уражанняў, вызначыўся цікавымі і адметнымі падзеямі, важкімі здабыткамі і дасягненнямі, якімі мы ганарымся, якія цэнім і паважаем. Цудоўныя імгненні і вынікі 2022 года занатаваны ў відэа
фільме, які стаў своеасаблівай прадмовай першага ў гэтым годзе сходу.
Сярод натхняльных кадраў і аграгарадок Навасёлкі – цэнтр мясцовага сельсавета, дзе сёння пражываюць больш за дзве тысячы чалавек і налічваецца 897 двароў.
Старшыня Навасёлкаўскага сельсавета Аляксандр Мацюшэнка падрабязна спыніўся на агульных момантах жыццядзейнасці адміністрацыйна тэрытарыяльнай адзінкі, на сацыяльным
клопаце пра насельніцтва.
Пры падрыхтоўцы да раённага свята хлебаробаў аграгарадок нагадваў вялікую рамонтна-будаўнічую пляцоўку, і сёння можна канстатаваць, што дзеля камфорту жыццядзейнасці насельніцтва зроблена многае. Так, у аграгарадку заасфальтавана вуліца Маладзёжная і стаянкі каля будынкаў сельвыканкама і ААТ «Шлях новы», каля магазіна і помнікаў па вуліцы Цэнтральнай, добраўпарадкавана тэрыторыя і зроблены касметычны рамонт гаспадарчых пабудоў і агаро-
джы, абрэзана кустоўе ўздоўж аўтадарогі Ляхавічы – Навасёлкі, многае іншае.
Летась праведзены капітальны рамонт падстанцый і ліній электраперадачы ў Адахаўшчыне. У Навасёлках па вуліцах Цэнтральнай і Маладзёжнай вулічныя ліхтары заменены на энергазберагальныя. Як адзначыў Аляксандр Мацюшэнка, рамонт ліхтароў і замена няспраўных святлакропак ажыццяўляецца на падставе маніторынгу сельвыканкама і заявак грамадзян, якія пасля накіроўваюцца ў раён электрасетак для выканання.
Сёння камунальнікі робяць касметычны рамонт і цеплавую рэабілітацыю дома па вуліцы Маякоўскага ў Каранеўшчыне.
Справаздачу перад землякамі трымаў і старшыня ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш, які агучыў, што гаспадарчую дзейнасць прадпрыемства вядзе на агульнай плошчы каля 8000 гектараў. Тут працуе больш за тры сотні чалавек. Агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы перавысіла 6260 галоў, з якіх дойны статак – 2670.

Вытворчыя паказчыкі, канешне, не самыя высокія, але зрухі да лепшага відавочны. Пачаўся мантаж даільнай залы на ферме ў Навасёлках. Па словах старшыні ААТ, за студзень –люты тут будуць узведзены будынак для сухастойных кароў і даільна-малочны блок. Пачата будаўніцтва фермы ў вёсцы Літве, бягучы рамонт шматлікіх аб’ектаў і многае іншае – сённяшні дзень «Шляху новага», у якім у раскладзе і вырашэнне жыллёвых пытанняў спецыялістаў, у тым ліку будучых.
Падчас сустрэчы можна не толькі напрамую агучыць свае пажаданні і хваляванні кіраўніцтву раёна, але і пачуць інфармацыю прафілактычнага характару. Як не стаць ахвярай пажару і засцерагчы сваю маёмасць ад зламыснікаў, прысутным расказалі начальнік РАНС Юрый Буйкевіч і намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Ісаханаў.

Што хвалюе жыхароў Навасёлкаўскага сельсавета?
Канешне, як у любым сельсавеце, не абыходзіцца і ў Навасёлкаўскім без складаных пытанняў і праблем. Але пра іх тут ведаюць і над іх вырашэннем працуюць.
Сярод узнятых праблем – якасць пітной вады ў вёсках Каранеўшчыне і Ураджайнай. На што дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі паведаміў, што ў гэтых населеных пунктах сёлета будуць пабудаваны воданапорная і водазаборная вежы, станцыі абязжалезвання вады. На гэтыя мэты з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдзелена 620 000 і 694 000 рублёў адпаведна.
Існуюць цяжкасці і з напорам вады ў водаправодзе ў Пранчаках па вуліцы Садовай. Свідравіна – на балансе мясцовай гаспадаркі. У «Шляху новым» прымаюць пэўныя намаганні па вырашэнні праблемы. Але не ўсё так хутка, як хочацца.
Да намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай часці ляхавіцкай райбальніцы Руслана Курыловіча паступіла просьба, каб вяскоўцы з Ураджайнай і Бажкоў медабслугоўванне атрымлівалі ў  Навасёлкаўскай, а не Дараўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Справа ў тым, што ў Дарава ім дабірацца далей.
Пытанне будзе прапрацавана.
Жыхар Ураджайнай паскардзіўся на аварыйны стан кабелю, які знаходзіцца паміж апорай лініі электраперадачы і яго домам.
Як аказалася, афіцыйна ў раён электрычных сетак ён не звяртаўся, таму і не мог вырашыць доўгі час сваю праблему. Яна, дарэчы, як і іншыя, таксама ўзята на кантроль.
Вулічнае асвятленне, стан дарожнага пакрыцця, графік руху грамадскага транспарту і дастаўкі пасажыраў, размешчанасць пашы для выпасу кароў, усталяванне павільёна на аўтобусным прыпынку і многае іншае заклапочвае вяскоўцаў і аграгараджан. Усе пажаданні агучаны і ўзяты на аловак службовымі асобамі.
Свае пытанні раённай уладзе і прадстаўнікам розных службаў і арганізацый адрасавалі мясцовыя дэпутаты і старасты.
А заадно выказалі шчырую ўдзячнасць кіраўніцтву раёна, сельвыканкама і сельгаспрадпрыемства за нераўнадушнасць і зацікаўленасць у вырашэнні пытанняў насельніцтва.
– Большасць узнятых падчас сустрэчы праблем радавыя і вырашальныя. Усе ўзяты на кантроль. Але трэба ўсведамляць, што не кожны зварот можа быць адразу зняты з парадку дня, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і адзначыў, што ад укладу кожнага ў агульную справу залежыць якасць жыцця. І каб яна была дастойнай, трэба на сваёй зямлі кожнаму быць сапраўдным гаспадаром.
Старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч заўважыў, што дзейнасць усіх службаў накіравана на забеспячэнне камфорту і зручнасці жыцця насельніцтва, але і яно не павінна заставацца ўбаку. Разам мы можам шмат!
Справаздача са сходу была б няпоўнай, калі не згадаць пра самадзейны калектыў Навасёлкаўскага СДК – клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца», выступленні якога заўсёды падзея і феерверк эмоцый. Так было і вечарам 17 студзеня.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.