Татамі асаблівай мужнасці. У ДЮСШ Ляхавіцкага раёна завяршыўся адкрыты турнір па дзюдо памяці Сяргея Свянтэцкага
У сваім сённяшнім адкрытым фармаце спаборніцтвы 2024 года сталі сёмымі. Але пачатак быў ініцыяваны некалькі раней за азначаны тэрмін. Усталяваліся і свае традыцыі, без захавання якіх турнір, прысве-чаны памяці ўраджэнца вёскі Крывошын ваеннаслужачага тэрміновай службы воінскай часці 7404, кавалера ордэна «За асабістую мужнасць», ужо не ўяўляецца.

Самым першым, кранальным да слёз на вачах і трапяткім, з’яўляецца факт прысутнасці на турніры маці Сяргея Алы Свянтэцкай. Кветкі ад камандавання воінскай часці, сувенір ад кіраўніцтва Ляхавіцкага раёна, адрасаваныя Але Іванаўне шчырыя апладысменты ўдзельнікаў турніру, канешне ж, не здольны зменшыць яе вечнае гора, але з’яўляюцца напамінам, што светлы ўспамін пра яе Сяргея жыве ў сэрцах землякоў, ваеннаслужачых, спартыўнай грамадскасці, маладога пакалення.

Афіцыйны старт сёмаму адкрытаму турніру дала цырымонія ўрачыстага адкрыцця. Бела-сінія – па колеры кімано – шарэнгі спартсменаў, якім ад 10 да 16 гадоў, трэнераў, прадстаўнікоў каманд, аматараў «усходняй філасофіі» вітаў кіраўнік справамі Ляхавіцкага райвыканкама Ігар Хлабукін. Намеснік камандзіра воінскай часці 7404 Дзяніс Цяслюк адзначыў, што дзюдо больш, чым барацьба, гэта філасофія, а ўсе, хто выходзіць на татамі, ужо сталі пераможцамі.
– Толькі наперад, толькі перамога, – звярнуўся да атлетаў падпалкоўнік унутраных войкаў МУС Рэспублікі Беларусь.
Сярод удзельнікаў урачыстага адкрыцця – землякі – майстры спорту, заслужаны трэнер БССР, старшы трэнер па дзюдо Брэсцкай вобласці і іншыя адказныя і заслужаныя ў сваёй справе асобы.
Нетрывіяльным моман-там да пачатку турніру з’явіўся той факт, што музычнае суправаджэнне ажыццяўляў і быў па-ваеннаму гарманічна-дакладны духавы аркестр 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслацыруецца ў суседніх Баранавічах. Спартсмены былі ўжо «разагрэтымі-расцягнутымі-размятымі» і фактычна адразу пасля фінальных гукаў Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь прагучала «пачынайце» – як сігнал да выхаду дзюдаістаў на дыван-татамі. Іх у гульнявой зале ДЮСШ раёна было арганізавана тры. На першых двух спарынгавалі юнакі малодшай – 2012–2014 гадоў нараджэння – групы ўдзельнікаў спаборніцтва, трэцяе барцоўскае поле было аддадзена іх равесніцам.
Што сказаць, дзіцячае дзюдо адрозніваецца яшчэ не цвёрда ўсталяванай тэхнікай барацьбы. Затое ў плане хуткасці, эмацыянальнасці падчас схваткі і пасля яе многія 10-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі могуць даць фору і больш дарослым сваім калегам.
А ўжо ва ўчарашні заключны дзень татамі «тапталі» ўдзельнікі старэйшай групы турніру, каму ад 13 да 16 гадоў, і некаторыя з іх фактычна палову свайго юнага жыцця правялі ў трэніроўках. Не дзіўна, што асобныя вылучаюцца і майстэрствам дзюдо, і даросласцю паводзін, і належнай тактыкай барацьбы, і ўменнем цярпець-змагацца.
Сёмы адкрыты турнір памяці Сяргея Свянтэц-кага сабраў у Ляхавічах больш за дзве сотні юных паслядоўнікаў усходняга адзінаборства з дзясятка гарадоў краіны: Брэста, Кобрына, Драгічына, Івацэвіч, Давыд-Гарадка, Ляхавічаў, Нясвіжа, Клецка, Дзяржынска.
А знакаміты бар-цоўскі край Баранавічы дык і ўвогуле меў падвоенае каманднае прадстаўніцтва.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

