Лета актыўнае і працоўнае. Як на Ляхавіччыне моладзь актыўна праводзіць канікулы

Ранні пад’ём, хуткія зборы і напрамак на працу – гэтыя маладыя людзі праводзяць лета не зусім звычайна: актыўна і карысна. Сімвалічна, што ў Год добраўпарадкавання падрастаючае пакаленне ўносіць пасільны ўклад у працвітанне роднага краю.


На здымку: у СШ № 2 арганізаваны лагер працы
і адпачынку «Праметэй».

На Ляхавіччыне працоўны семестр адкрылі два студэнцкія сельскагаспадарчыя атрады ў складзе юнакоў і дзяўчат з Ляхавіцкага аграрнага каледжа, якія сёння шчыруюць у ААТ «Жарабковічы». А дзесяць навучэнцаў СШ № 2 вырашылі падчас канікулаў пакінуць адметны след у добраўпарадкаванні райцэнтра і залічаны ў лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем «Праметэй».
Да 18 чэрвеня працоўна-канікулярны час юнакоў і дзяўчат з «Праметэя» распісаны літаральна па хвілінах. Зарадка, лінейка, сняданак – і яны з лапатамі і венікамі адпраўляюцца на вуліцы роднага горада. У плане на дзень – ачыстка дарожак і бардзюраў ад травы. І моладзь з ахвотай бярэцца за справу – робяць жа не толькі для сябе, але і для ўсіх землякоў. На два тыдні старшакласнікі працаўладкаваны рабочымі зялёнага будаўніцтва ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і выконваюць работы пад наглядам камунальнікаў. На кожнага аформлена працоўная кніжка і праведзены адпаведны інструктаж. Выхавальнік лагера Віталій Толкач адзначае, што падапечныя не толькі добрасумленна працуюць, але і з ініцыятывай прымаюць удзел у разнастайных мерапрыемствах, якія праходзяць у другой палове дня лагера працы і адпачынку: ваенна-патрыятычных, спартыўна-масавых, прафарыентацыйнай накіраванасці, творча-забаўляльных. Прадугледжана і трохразовае харчаванне.
Байцы студатрадаў «Сузор’е» імя Героя Савецкага Саюза Германа Сцяпанавіча Цітова і «Максімум» імя Героя Савецкага Саюза Кірыла Пракопавіча Арлоўскага з 2 чэрвеня працуюць у ААТ «Жарабковічы» на МТФ «Чашчы» і «Зарытава». 23 члены БРСМ заняты на добраўпарадкаванні вытворчых аб’ектаў: беляць, фарбуюць, прыбіраюць тэрыторыю. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ Святлана Новік адзначае, што студатрадаўцы стараюцца, працуюць добрасумленна, і ў кіраўніцтва нараканняў на іх дзейнасць няма. А ў якасці бонуса для студатрада – бясплатныя і смачныя абеды. Камандзір атрада «Сузор’е» Вікторыя Халадкоўская дзеліцца, што працаваць у студатрадзе – ганарова і цікава.
– Асабліва прыемна ўсведамляць, што дзякуючы нашай працы навокал становіцца чысцей і прыгажэй. Так, мы фарбавалі вялікія дзверы. І зараз на іх люба-дорага паглядзець. Студатрад – гэта не толькі рамантыка і вопыт, але і магчымасць «пракачаць» навыкі па выбранай прафесіі і дапамагчы гас-падарцы. А яшчэ – уласныя грошы, – адзначае Вікторыя, якая вучыцца на ветфельчара і са сваімі аднагрупнікамі падчас працы ў студатрадзе бліжэй знаёміцца з будучай прафесіяй. Студатрадаўцы, а ў «Максімуме» шчыруюць дзяўчаты, не баяцца сапсаваць манікюр ці запэцкаць фарбай спецадзенне. Дарэчы, паралельна са студатрадаўскімі клопатамі каляджане маюць цудоўную магчымасць на фермах асвоіць на практыцы некаторыя прафесійныя навыкі – спецыялісты гаспадаркі шчодра дзеляцца працоўным вопытам з будучымі калегамі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.