Рэаліі і перспектывы аграрнага бізнесу

Развіццю фермерскіх гаспадарак у нашай краіне надаецца значная ўвага. Прычым дзяржава рознымі спосабамі і прэферэнцыямі стараецца падтрымліваць тых, хто жадае працаваць на зямлі і мець аддачу. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021–2025 гады прадугледжвае пэўныя напрамкі і для далейшага развіцця фермерства. Найбольшая ўвага – перспектыўным напрамкам: авечкагадоўлі, пчалярству, садаводству, вырошчванню ягадных і бахчавых культур.
Эфектыўнасць работы фермерскіх гаспадарак на прыкладзе Ляхавіцкага раёна, меры, што прымае аблспажыўсаюз па павышэнні якасці гандлёвага
абслугоўвання жыхароў сельскай мясцовасці, – асноўныя тэмы выязнога пасяджэння ХІ сесіі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў. Падчас адкрыцця пасяджэння старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Брылевіч адзначыў, што Ляхавіцкі раён апошнія некалькі гадоў дабіваецца высокіх вытворчых дасягненняў у раслінаводстве. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз расказаў пра развіццё на Ляхавіччыне сельскай гаспадаркі і прамысловасці, прыватнага бізнесу, пра тое, як працуе сацыяльная сфера, як наладжана работа са зваротамі грамадзян. У прыватнасці, было адзначана, што ў мінулым годзе ад жыхароў Ляхавіцкага раёна паступіла 30 наказаў, 28 з якіх выкананы, яшчэ два знаходзяцца на завяршальнай стадыі. Кіраўнік Ляхавіччыны падкрэсліў, што раённыя заканадаўчая і выканаўчая ўлады ўзаемадзейнічаюць, працуюць разам у вырашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.
Колькі ўражанняў атрымалі госці падчас экскурсіі ў ГДК, дзе пазнаёміліся з выставай аб’ектаў-удзельнікаў конкурсу «Рэха стагоддзяў». Ігар Брылевіч адзначыў, што выклікае павагу тое, што аўтары міні-копій помнікаў героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны – школьнікі і педагогі. Гэта сведчыць, што на Ляхавіччыне выхоўваюць сапраўдных патрыётаў.
Сажалка Сакуны гарантуе добры ўлоў
Цудоўнае месца, не дзіўна, што яно прыцягвае не толькі аматараў рыбнай лоўлі, але і запатрабавана ў якасці сямейнага адпачынку – такое меркаванне выказаў прадстаўнік дэпутацкага корпуса Брэстчыны падчас наведвання вадаёма Сакуны. Як расказаў арандатар Віталій Цалей, вакол вадаёма плошчай 18 гектараў праведзена значная работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Абсталявана 18 сектараў (на кожным ёсць столік, лаўкі, мангал) з памостамі, на трох уладкаваны хаткі рыбака, устаноўлена
пяць альтанак. Значная ўвага і на зарыбленне. З 2022 года ў вадаём запушчана звыш 15 тон рыбы, у тым ліку белы амур і карп. Тут створаны два працоўныя месцы.
Па словах арандатара, найбольш запатрабаваны прапаноўваемыя паслугі летам. Так, у жніўні ў выхадныя дні тут размяшчаецца каля 100 чалавек. Нямала і тых, хто выбірае Сакуны ў якасці сямейнага адпачынку. З 2023 года тут пачалі ўласную вытворчасць рыбалоўных прынад, прадукцыя выпускаецца пад гандлёвай маркай «NickBaits» і з’яўляецца імпартазамяшчальнай. А для яе выпуску створана яшчэ пяць працоўных месцаў. Рыбалка на вадаёме праходзіць па прынцыпе «злавіў – адпусці». Усю рыбу, за выключэннем плоткі, карася, акуня, неабходна зноў вярнуць у ваду. Распрацаваны і дзейнічаюць правілы знаходжання і правілы рыбнай лоўлі, першае з якіх – беражлівыя адносіны да рыбы. Удзельнікам семінара былі прадэманстраваны тутэйшыя водныя насельнікі-гіганты, у прыватнасці, амур вагой да 23 кілаграмаў.
– Вось прыклад сапраўднага гаспадарскага падыходу да вядзення справы і таго, як трэба працаваць, – рэзюмаваў Ігар Брылевіч.
Яблычныя прапановы
Маштабы ўражваюць – гэта пра фермерскую гаспадарку «Уладзімір плюс», адну з самых першых (заснавана ў 2003 годзе) фермерскіх гаспадарак на Ляхавіччыне. Попыт на яблыкі, вырашчаныя ў садах «Уладзімір плюс», пастаянны. Таксама тут вырошчваюць чорныя парэчкі. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі Валерый Радзюк расказаў пра сады, сарты яблыкаў і парэчкі, пра дасягненні і рызыкі фермерскай справы, як змагаюцца з сюрпрызамі надвор’я і аберагаюць дрэвы і кусты ад шкоднікаў. Таксама размова ішла пра рэалізацыю вітаміннай прадукцыі. Госці пазнаёміліся з работай сучаснай лініі па сартаванні яблыкаў, пабывалі ў спецыяльным сховішчы, разлічаным на 1,5 тысячы тон садавіны.
– Аб’екты, якія мы наведалі, працуюць на дастойным узроўні. Вынік відавочны, адчуваецца зацікаўленасць фермераў і арандатараў. Тут клапоцяцца пра культуру земле- і водакарыстання. Галоўнае, не проста ўзяць зямлю,водны аб’ект, а эфектыўна выкарыстоўваць гэты рэсурс. Той вопыт, які назапашаны на Ляхавіччыне, бясспрэчна, будзем распаўсюджваць на Брэстчыне, – сказаў Ігар Брылевіч, падводзячы вынік наведвання аб’ектаў у Ляхавіцкім раёне.
Большасць тавару – айчыннай вытворчасці
Магазін «Родны кут» у вёсцы Задвор’е – адзін з лепшых у сістэме спажыўкааперацыі Ляхавіцкага раёна. У гэтым змаглі ўпэўніцца ўдзельнікі выязнога пасяджэння. Сапраўды, на плошчах гэтай сельскай гандлёвай кропкі – даволі шырокі выбар тавараў розных груп, які яўна задаволіць любы пакупніцкі попыт на прадукты і тавары першай неабходнасці. Разнастайна прадстаўлены садавіна, агародніна, фрукты. Старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч расказаў, што 90 працэнтаў тавараў, якія прадаюцца ў магазіне, – айчыннай вытворчасці.
Удзельнікі выязнога пасяджэння прадэгуставалі кандытарскія вырабы вытворчасці Ляхавіцкага кааппрама.
Фермерскі патэнцыял
Заключным акордам выязной сесіі стала пленарнае пасяджэнне. Старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Шчуплянкоў прааналізаваў развіццё на Брэстчыне фермерскіх гаспадарак, якіх, па стане на 1 студзеня гэтага года, зарэгістравана 844, 765 з іх займаюцца сельскагаспадарчай дзей-
насцю. У асноўным фермерскія гаспадаркі займаюць плошчы ад 10 да 50 гектараў. Разам з тым ёсць чатыры гаспадаркі з плошчай ад 500 да 1 000 гектараў, у тым ліку і ФГ «Вялікае Падлессе-агра» (562 гектары) у Ляхавіцкім раёне. Асноўная спецыялізацыя большасці фермер-скіх гаспадарак – раслінаводства, на долю якога прыпадае 97 працэнтаў атрыманай прадукцыі. Ішла размова і пра фермерскі экспарт. Толькі летась фермерскія гаспадаркі Брэстчыны адправілі за межы Беларусі (у асноўным у Расію, а таксама Казахстан, Сербію, Азербайджан, Славенію, Ізраіль, Узбекістан, Малдову і іншыя краіны) рознай сельгаспрадукцыі на 68,9 мільёна долараў. Ключавая аснова экспарту – агародніна (79 працэнтаў), ягады – 10 працэнтаў, яблыкі – 7,1 працэнта.
Сярод асноўных праблемных тэм у дзейнасці фермерскіх гаспадарак Анатолій Шчуплянкоў назваў пытанне выдзялення і выкарыстання зямельных участкаў для вядзення фермерскай гаспадаркі. Маюць месца неаднаразовыя факты нямэтавага выкарыстання земляў і невыкананне паказчыкаў праграм развіцця. За мінулы год у вобласці адабрана ў фермераў 1,6 тысячы гектараў зямлі ў сувязі з ліквідацыяй фермерскай гаспадаркі ці па прычыне нямэтавага выкарыстання зямлі.
Таксама на пленарным пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні рыбаводчай дзейнасці, арэнды паляўнічых угоддзяў.
– Развіццю фермерства трэба надаваць больш увагі, у тым ліку і на раённым узроўні. Неабходна аналізаваць, наколькі эфектыўна выкарыстоўваюцца выдзеленыя ўчасткі. Кіраўнікі фермерскіх гаспадарак абавязаны несці за гэта адказнасць. А калі ўзятыя абавязкі не выконваюцца,
то зямлю трэба забіраць і выдзяляць таму, хто сапраўды зможа яе апрацоўваць і мець належны вынік. А ўвогуле, дзяржава будзе і далей падтрымліваць развіццё фермерства, бо ў гэтай галіны ёсць перспектыва, – падвёў вынікі пасяджэння кіраўнік дэпутацкага корпуса вобласці Ігар Брылевіч.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.





